Эфектыўнасць — сінонім антыстратнасці

Эфектыўнасць — сінонім антыстратнасці

Сёння ў Беларусі вытворчасцю цукру займаецца 4 буйныя прадпрыемствы. ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” займае вядучае месца ў харчовай прамысловасці нашай краіны і вядомы далёка за яе межамі. Таму вывучэнне становішча на прадпрыемстве з’яўляецца пытаннем, якое не пакідае без увагі ўлада. На мінулым тыдні завадчан наведалі старшыня нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, член рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы Уладзімір Іванавіч Зіноўскі і начальнік галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці Георгій Мікалаевіч Хвалько.
Далёка не кожны дзень у нас бываюць сталічныя госці, таму жабінкаўскія цукравары актыўна ўдзельнічалі ў гутарцы. Галоўнай мэтай Уладзіміра Іванавіча было растлумачыць цяперашняе сацыяльна-эканамічнае становішча краіны, абмеркаваць тэмы, якія хвалююць грамадзян. Як паказвае практыка, такія дні інфармавання дапамагаюць ацэньваць рэальную сітуацыю на месцах і прымаць правільныя рашэнні, якія датычацца развіцця розных галін вытворчасці, а таксама сацыяльнай сферы.


Асноўнай тэмай размовы стала пытанне павышэння вытворчай эфектыўнасці завода, паступовы пераход ад экспартнай сыравіны да ўласнай, за кошт павелічэння аб’ёмаў ураджаю цукровых буракоў.
— Цукар з’яўляецца сацыяльна значным прадуктам, таму заўсёды будзе запатрабаваны. Аднак, яго вытворчасць мае сезонны характар, таму мы назіраем такую тэндэнцыю: цукар каштуе менш, чым сума затрат на яго выраб, адсюль і ўзнікаюць стратныя прадпрыемствы. І гэта заканамерна, бо экспартная сыравіна патрабуе немалых сродкаў. Кожнае прадпрыемства зараз павінна трымаць курс на самаакупнасць і незалежнасць ад замежных паставак, — гаварыў Уладзімір Іванавіч Зіноўскі.
Жабінкаўскі цукровы завод, як падкрэсліў ён, штогод павялічвае аб’ёмы нарыхтовак цукровых буракоў, у гэтым годзе чакаюцца яшчэ лепшыя вынікі.
Асаблівую ўвагу Уладзімір Іванавіч звярнуў на той факт, што краіна паступова выходзіць з крызіснага стану. Павялічваецца заработныя плата, развіваецца сістэма аховы здароўя, насельніцтву аказваецца шырокі спектр сацыяльнай падтрымкі. Да прыкладу, кошт пуцёвак на санаторна-лагерны адпачынак дзяцей ужо зменшыўся на 40 працэнтаў.
— Зараз, ва ўмовах стабілізацыі на валютным і спажывецкім рынках, наша галоўная задача — стрымаць інфляцыю, палепшыць дабрабыт людзей. Прычым, забяспечваць годную зарплату неабходна за кошт павышэння эфектыўнасці працы, — падкрэсліў старшыня статыстычнага камітэта.
Прагнозы на жыллёва-камунальным гарызонце, як адзначае Уладзімір Іванавіч, не самыя лепшыя. Будаўніцтва зменшылася, а ў многіх гарадах зусім прыпынена. Змяніліся і ўмовы льготнага крэдытавання. А яны, на думку прадстаўнікоў улады, прыводзяць да інфляцыі.
Цукравары не скупіліся на пытанні, цікавіліся пра плюсы і мінусы Мытнага саюзу, на што Уладзімір Іванавіч адназначна адказаў, што любы саюз — гэта з’ява станоўчая і ўзаемавыгадная для краін удзельніц. Асаблівае абмеркаванне выклікалі пытанні пра пенсійны ўзрост, які, па чутках, збіраюцца павялічваць, і пра заробак жыхароў Брэсцкай вобласці.
Напрыканцы свайго візіту госці адправіліся на экскурсію па прадпрыемстве.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: пад час візіту старшыні нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top