Сияют медали на груди ветерана

Сияют медали на груди ветерана

Няхай медалі зіхацяць на грудзях
У калідорчыку было цяжка размінуцца: раніцай 8 красавіка да Івана Піліпавіча Пацейчука завітала цэлая дэлегацыя: старшыня раённага савета ветэранаў В.М.Шышчыц, ваенкам А.І.Юруць, першы сакратар РК ГА “БРСМ” В.У.Бортнік ды яшчэ мы, “двое з рэдакцыі”.
— Дзе-вя-но-ста, — з павагаю сказала сацыяльны работнік Ніна Васільеўна Таўставухава, якая апякае дзеда. — Трохі “пакусаў” Івана Піліпавіча лёс: жонка памерла, а дзесяць год таму — і сын у Маскве. Ды свае не забываюць — на юбілей з расійскай сталіцы прыехалі ўнучка Святлана і праўнук Кірыл. Родная кроў — пацалуе стары, прыгорне да сябе, лягчэй зробіцца.
Вось і размяняў Іван Пацяйчук дзесяты дзесятак. Шмат было ў гэтых гадах бяды і радасці.
— Я да вайны (і пасля вайны таксама) працаваў на чыгунцы, — дзеліцца ўспамінамі старажыл. — Такі быў жвавы, танцор, у самадзейнасці першыя месцы браў. Шкада, у вайну згарэлі фотакарткі, дзе я малады. Як немцы прыйшлі, два месяцы быў у Брэсце ў лагеры. Пачуў неяк, што нас за Буг збіраюцца пераводзіць, тады падбухторыў сябра і збеглі  разам. А зімой 42-га пачалася мая “партызанка” — тры гады быў у атрадзе імя Чапаева, на Кобрыншчыне, падрыўніком. Небяспечная справа! Дзесьці між Стаўпамі і Якаўчыцамі раніла — ногі пасекла.
Васіль Міхайлавіч Шышчыц згадаў яшчэ момант з жыцця ветэрана:
— Ён, відаць, адзіны з кардоўскіх камсамольцаў, што збег з-пад расстрэлу, а брата яго малодшага Валодзю Пацейчука ў той дзень забілі разам з іншымі актывістамі. Іх знішчылі за тое, што быў узарваны ў Якаўчыцах паліцэйскі пастарунак.
Пранікнёныя цёплыя словы выказала Вера Уладзіміраўна Бортнік, што пажадала ад імя маладых яшчэ доўгіх гадоў ветэрану.
А ваенны камісар раёна Андрэй Іосіфавіч Юруць з удзячнай адказнасцю прышпіліў да грудзей У.П.Пацейчука медаль “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”
— Іван Піліпавіч першым у нашым раёне атрымаў гэтую ўзнагароду, — сказаў падпалкоўнік. — Сімвалічна, што юбілейны медаль мы ўручаем у юбілейны дзень. Ужо да 3 мая ўсе нашы ветэраны, і былыя вязні атрымаюць такую ўзнагароду. Усяго 151 чалавек.
…Прыгожае свята Перамогі, велічнае і адказнае. Галоўны яго момант — ветэраны, што ідуць радамі, на грудзях іх зіхацяць медалі, а ў вачах блішчаць слёзы…
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Іван Піліпавіч Пацяйчук атрымоўвае ўзнагароду з рук ваенкама раёна.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top