Пазнаёміліся з мінулым, зазірнулі ў будучыню

Пазнаёміліся з мінулым, зазірнулі ў будучыню

На адкрыцці афганскага помніка ў Жабінцы прысутнічала група маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Адразу пасля ўрачыстасці іх чакаў своеасаблівы працяг — падарожжа па гістарычных мясцінах Жабінкаўшчыны, а фінішнай кропкай стала адно з перадавых сельгаспрадпрыемстваў раёна ААТ “Вазнясенскі”.
Семінар быў арганізаваны раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама пры падтрымцы РК ГА “БРСМ”.
— Тэму нашай гістарычнай вандроўкі вызначыў дзень і цырыманіял, які не пакінуў нікога абыякавым, — заўважыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук.
Таму першым месцам, да якога маладыя людзі ўсклалі кветкі, сталі могілкі на вуліцы Міру. Тут пахаваны прапаршчык Мікалай Іванавіч Мароз, які загінуў 30 красавіка 1984 года (на здымку).
Падчас мітынгу чырвонай ніццю праходзіла думка, што воіны-афганцы — прадаўжальнікі ратных спраў бацькоў і дзядоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Пагэтаму юнакі і дзяўчаты наведалі таксама мемарыял, прысвечаны падзеям 1941-1944 гадоў. На вуліцы Міру дасюль захоўваюцца восем такіх памятак: магілы Аляксея Дзмітрука і Соф’і Чубук, невядомых лётчыка і чырвонаармейца, савецкіх і польскіх партызанаў, помнікі па закатаваных восенню 1942-га мірных жыхарах, якія перасяліліся з усходніх раёнаў Беларусі, Расіі, ды ахвярах яўрэйскага гета.
Далей падарожнікаў чакаў пераезд у Малыя Сяхновічы, дзе ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі яны падрабязна пазнаёміліся са стэндамі, прысвечанымі ўдзелу нашых землякоў у Афганскай вайне, а затым агледзелі іншыя музейныя экспазіцыі.
Надзвычай кранальным аказалася наступнае спатканне з гісторыяй. Адбылося яно на месцы, дзе да 11 верасня 1942 года бруіла жыццё, а ў той страшны дзень, на Галавасек, на месцы мірнага сяла ўсё пера-тварылася ў папялішча. Цяпер наша “вогненная вёска” Драмлёва — месца болю, які не праходзіць вось ужо 77 гадоў. Пасля даніны памяці, адда-дзенай ахвярам трагедыі, аўтобус з падарожнікамі накіраваўся ў Арэпічы.
На мясцовых вясковых могілках зноў міжволі адбылося вяртанне да памяці пра Афган. Тут аберагаецца магіла старшага лейтэнанта Васіля Міхайлавіча Дудара. Свой апошні бой ён прыняў 28 верасня 1983-га. Да бюста героя таксама былі ўскладзены кветкі.
А затым на змену гісторыі прыходзіць сённяшні дзень і нават крышку будучыня. Паколькі ўдзельнікі семінара пераязджаюць у Вежкі, дзе знаёмяцца з працай малочнатаварнай фермы. Прычым, змястоўную экскурсію для маладых спецыялістаў з задавальненнем правяла непасрэдна дырэктар сельгаспрадпрыемства Надзея Кандрацюк. Надзея Рыгораўна не толькі падрабязна пазнаёміла гасцей з сённяшнімі справамі ў гаспадарцы, але й падзялілася планамі на будучае. Тым, хто толькі пачынае сваю працоўную біяграфію, каму надалей шчыраваць на зямлі ды фермах, вопыт “вазнясенцаў” будзе толькі на карысць.
Затым за круглым сталом адбылася шчырая размова, у якой прыняў удзел і першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Кучынскі. Аляксандр Яўгенавіч расказаў юнакам і дзяўчатам пра перспектывы Жабінкаўшчыны як рэгіёна, годнага для жыцця і самарэалізацыі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top