Жыве клопатам пра зямлю і пра сям’ю

Жыве клопатам пра зямлю і пра сям’ю

Амаль кожны з нас хоць раз у жыцці сутыкаўся з пытаннямі землеўпарадкавання. Напрыклад, калі ўзнікала неабходнасць купіць або прадаць участак ці падвесці газавыя і цеплавыя камунікацыі, а неабходныя дакументы адсутнічалі, выйсці з гэтага становішча дапамагалі работнікі землеўпарадкавальнай службы. Дзякуючы іх працы вырашаюцца важныя пытанні па рэгуляванні зямельных адносін, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў, навядзенні належнага парадку на зямлі. 
Галоўны спецыяліст аддзела землеўпарадкавання Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Несцяровіч працуе на гэтай пасадзе больш за 15 гадоў. Аднак прафесійны шлях пачынаў аграномам. Прыгадаў, як у 1994 годзе пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на працу ў тагачасны саўгас “Жабінкаўскі”. Упэўнена, малады чалавек зарэкамендаваў сябе з добрага боку, прадэманстраваў пісьменнасць і адказнасць, бо праз некаторы час яму прапанавалі пасаду спецыяліста па землеўпарадкаванні ў Жабінкаўскім сельсавеце.
Калі 1 студзеня 2004 года ў раёне ўтварылася асобная служба, што пачала займацца зямельнымі пытаннямі, Аляксандра Несцяровіча запрасілі туды галоўным спецыялістам. З тае пары ў коле яго абавязкаў адвядзенне зямельных участкаў, абмеры і кантроль за іх выкарыстаннем, прадастаўленне надзелаў фермерскім гаспадаркам, афармленне неабходных дакументаў.
Зямля — вялікая каштоўнасць і павінна выкарыстоўвацца па мэтавым назначэнні, перакананы Аляксандр Мікалаевіч, які курыруе гэтыя пытанні ў Жабінкаўскім і Ленінскім сельсаветах (а гэта 9220 і 8500 гектараў “гаспадаркі” адпаведна).
Апошнім часам аб’ёмы зменшыліся ў сувязі з тым, што вёскі Здзітава, Шчэглікі, Курпічы і Сцяброва ўвайшлі ў гарадскія межы. Раней участкі ў першых двух населеных пунктах карысталіся асаблівым попытам. Бывала такое, што прадастаўлялі грама-дзянам, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па 70 зямельных надзелаў за месяц.
— У мінулым годзе з аўкцыёна ў прыватную ўласнасць у нашым раёне было прададзена ўчасткаў больш чым на 141 тысячу рублёў, — расказвае Аляксандр Несцяровіч. — У тым ліку адзін — у Жабінкаўскім сельсавеце, адзін — у Ленінскім.
Землеўпарадчыкі кантра-лявалі кожны ўчастак зямлі, які не апрацоўваўся па розных прычынах. Даводзілася знаходзіць дзяцей, якім у спадчыну дастаўся дом, і тыя афармлялі неабходныя дакументы, наводзілі парадак на ўласнай зямлі і прылягаючай тэрыторыі.
…З надыходам вясны кло-
патаў у Аляксандра Несця-ровіча прыбавіцца. Звычайна ў гэтую пару людзі стараюцца вырашаць свае
зямельныя пытанні, актыві-зуецца будаўніцтва, вяртаюцца ў вёску дачнікі, прыязджаюць уладальнікі спадчынных дамоў. На жаль, не ўсе стараюцца належна сачыць за сваімі надзеламі. Тады ў землеўпарадчыка ўзнікаюць не вельмі прыемныя размовы з такімі гаспадарамі.
На шчасце, большасць тых, хто мае домік у вёсцы і ўласныя соткі, стараюцца даглядаць іх, вырошчваць садавіну, агародніну, атрымліваць асалоду ад сваёй працы. Аляксандр Несцяровіч лічыць: чым менш застанецца пакінутых, недагледжаных сядзіб, тым прывабней будуць выглядаць вёскі. І адзін з клопатаў землеўпарадчыка — знайсці дбайнага гаспадара на кожны кавалак пакінутай зямлі.
Калі надараецца вольная хвілінка, Аляксандр Мікалаевіч любіць парыбачыць. Яго захапленне падзяляюць сыны Станіслаў і Мікалай. Старэйшы працуе майстрам у ДРБУ-103 і завочна вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Малодшы — адзінаццацікласнік гарадскога ліцэя. А жонка Жанна Андрэеўна потым гатуе смачныя рыбныя стравы, частуючы сваіх любімых мужчын. Вось і ўчора нагода была прыемная — прафесійнае свята мужа-гаспадара, які жыве клопатам пра зямлю і пра сям’ю.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top