Саламянае “золата” — нацыянальны брэнд

Беларускім мастацкім практыкам саломапляцення будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такое рашэнне прыняла 12 лютага Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Гонар прадстаўляць Брэстчыну на яе пасяджэнні ў сталіцы, як носьбітам беларускіх мастацкіх традыцый саломапляцення, атрымалі майстар з Маларыты Дзіна Бягеза і педагог дадатковай адукацыі Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Коваль.
Трэба адзначыць, што Ірына Міхайлаўна дзеліцца сваімі ведамі і ўменнямі — раскрывае сакрэты чароўнай саломкі — не толькі з навучэнцамі цэнтра: яна яшчэ й кіраўнік студыі, якая існуе на базе раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Да таго ж, у 2018 годзе па выніках рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет”, арганізатарам якога выступае Міністэрства культуры Беларусі, яна была прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
Свае работы: ляльку, коніка, птушак, кошык, упрыгажэнні — Ірына Коваль прадставіла ў аўтэнтычным касцюме жабінкаўскага строя вёскі Залуззе (на здымку), чым выклікала цікавасць не толькі ў сваіх калег і гасцей мерапрыемства, але й экспертаў навукова-метадычнай рады.
Як расказала Ірына Міхайлаўна, у сталіцу на пасяджэнне з усіх абласцей краіны з’ехаліся розныя катэгорыі носьбітаў беларускіх мастацкіх традыцый саломапляцення: народныя майстры, сябры Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кіраўнікі гурткоў, аматарскіх студый, таксама са званнямі “народны” і “ўзорны”, педагогі дадатковай адукацыі, пакаленні майстроў сямейнай справы і іншыя. Яны прадставілі свае тэхнікі работы з саломай. Характарызавалі іх і выказваліся эксперты рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, у склад якой уваходзяць доктар мастацтвазнаўства і этнолаг, аўтар кніг па саломапляценні Вольга Лабачэўская, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Яны адзначылі, што саломапляценне сёння актыўна бытуе і развіваецца, вый-шла на іншы мастацкі ўзровень, мае новыя формы і дэкаратыўныя прыёмы. Гэта наш нацыянальны брэнд, які патрэбна ўзняць на дзяржаўны ўзровень.
На разгляд навукова-метадычнай рады, акрамя прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”, былі вынесены яшчэ тры: “Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны”, “Традыцыя выпякання грэцкага хлеба” на тэрыторыі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, “Тэхналогіі і традыцыі выпякання дамашняга хлеба” ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна Мінскай вобласці. Па ўсіх чатырох прапановах рада прыняла станоўчыя рашэнні, што дае Міністэрству культуры права ўключыць гэтыя элементы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Што тычыцца Беларускіх мастацкіх практык саломапляцення, то яны распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі краіны. Наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці — першы крок па ўключэнні гэтага беларускага элемента ў спісы ЮНЕСКА. Міністэрства культуры плануе сёлета падрыхтаваць намінацыю і накіраваць яе ў Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культуры спадчыны ЮНЕСКА.
Алёна НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.