На 25-м радку малочнага рэйтынгу

У Беларусі налічваецца 303 сельгасарганізацыі, якія ў мінулым годзе атрымалі ад 6 да 11 тысяч кілаграмаў малака на карову (бясспрэчны лідар — СВК “Ларынаўка” Аршанскага раёна). Прыемна адзначыць, што ў гэты спіс уваходзяць і пяць гаспадарак Жабінкаўшчыны. Так, 25-ы радок рэспубліканскай зводкі з сярэднім надоем 9031 кілаграм малака ад каровы займае ААТ “Рагазнянскі”, 50-е месца ў ААТ “Вазнясенскі” — 8426 кг. У ААТ “Жабінкаўскі” і ААТ “Арэпічы” — 7176 і 7136 кілаграмаў адпаведна. У сярэдзіне зводкі ААТ “Хмелева” з паказчыкам у 6976 кг.
Малайцы, жывёлаводы! Так трымаць!

Каб ведалі ўсе аб родным чалавеку

Штомесяц папаўняюцца фонды Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах. Днямі сюды трапілі асабістыя рэчы маёра міліцыі Уладзіміра Самускевіча (1949-2012). Больш за чвэрць стагоддзя Уладзімір Генадзьевіч прысвяціў службе правапарадку, прайшоў шлях ад інспектара аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі да старшага ўпаўнаважанага і старшага аператыўнага дзяжурнага РАУС. Яго шынель, фуражку, парадны кіцель, галіфэ перадаў музейшчыкам на вечнае захаванне падпалкоўнік міліцыі Яўген Самускевіч — прадаўжальнік бацькавай справы.

Які клас самы здаровы?

У другой гарадской школе на працягу навучальнага года ладзіцца незвычайны конкурс — “Самы здаровы клас”. За гэтае званне хлопчыкі і дзяўчынкі змагаюцца ў трох узроставых групах па намінацыях “Фізічнае здароўе”, “Сацыяльна-культурнае здароўе” і “Спартыўныя мерапрыемствы”. Пераможца вызначыцца па колькасці набраных балаў за перамогу і ўдзел у акцыях, конкурсах, спаборніцтвах, якія правозяцца ў вучэбны час, і атрымае ўзнагароду на ўрачыстай лінейцы напярэдадні летніх канікул.
Школьнікі захапіліся конкурсам і актыўна збіраюць балы. Напрыклад, за арганізацыю ў класе штодзённай ранішняй зарадкі налічваецца пяць балаў; паходы, экскурсіі на прыроду, прагулкі, а таксама ўдзел класа ці асобных школьнікаў у гарадскіх, раённых, абласных спаборніцтвах, ацэньваюцца на дзесяць, перамогі — у два разы “даражэйшыя”.
Цікава, што за шкодныя звычкі вучняў балы, як і за пропускі заняткаў, адбіраюцца. Хлопчыкі і дзяўчынкі сочаць за папярэднімі вынікамі па ведамасці, што размешчана на сайце ўстановы.

Даніна памяці

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў актывісты ГА “БРСМ” з Ленінскай сярэдняй школы наведалі магілу Валерыя Мігеля, якая знаходзіцца ў Рагозна. Разам з педагогам-арганізатарам установы Веранікай Кукса вучні прывялі ў парадак месца пахавання нашага вядомага земляка. Жыццё Валерыя Мігеля абарвалася ў Афганістане, калі ён выконваў свой інтэрнацыянальны доўг.

Дасведчанныя эрудыты

Падведзены вынікі раённага этапа абласной алімпіяды па курсу “Асновы бяспечнай жыццядзейнасці”. Лепшыя вынікі паказалі: Іван Літвінюк , Канстанцін Кніга,(СШ№1); Маргарыта Лугаўцова, Мікіта Гінь, Яўген Свіціч (СШ№2); Аляксандр Муха (СШ№3); Андрэй Цупа (Маціевіцкая БШ); Ягор Грышан і Валерыя Грыгорык (ліцэй).
Шэсць вучняў з ліку пераможцаў прадставяць каманду раёна на абласной алімпіядзе, якая адбудзецца напрыканцы лютага ў Пінску.

“Вясёлая масленіца”

Па добрай традыцыі ў наступную нядзелю, 23 лютага, прыход храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы запрашае прыняць удзел у дабрачыннай акцыі “Вясёлая масленіца”. Жадаючыя змогуць пачаставацца не толькі смачнымі блінамі з розным начыненнем, але й пірагамі, печывам, сагрэцца кубачкам гарбаты. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага ў нашым горадзе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top