У аб’ектыве — родны кут

У рэспубліканскім фотаконкурсе “Мой родны кут, як ты мне мілы!” спаборнічалі як аматары, так і прафесіяналы. На суд журы было даслана звыш 5 тысяч удалых і чароўных здымкаў, у якіх адлюстраваны самыя прыгожыя мясціны нашай сінявокай Беларусі. Нарэшце падведзены вынікі. Прыемна адзначыць, што сярод пераможцаў і наш зямляк, вядомы далёка за межамі раёна фотапрафесіянал Аляксей Ганчук. Яго цёплы і пяшчотны фотапозірк “Сонца хіліцца да гарызонту”, зроблены ля хутара на Жабінкаўшчыне, удастоены ганаровага 3 месца ў намінацыі “Мая малая радзіма”. Дарэчы, гэта другая Аляксеева перамога ў гэтым конкурсе — летась ён атрымаў прызавое месца і каштоўны падарунак ў намінацыі “Землякі”. Віншуем Аляксея Іванавіча з такой падзеяй і зычым чарговых перамог!

Па малаку — дзявятыя ў краіне

Жывёлаводы Жабінкаўшчыны надаілі ў сярэднім ад кожнай рагулі 6922 кілаграмы малака — гэта дзявяты паказчык у рэспубліканскай зводцы, забяспечылі “плюс” у 142 кілаграмы. (На першых месцах — Гродненскі і Брэсцкі раёны — у іх 8342 і 7867 кілаграмаў суадносна. А вось “псуе” зводку Чавускі раён: там аддача ад кожнай рагулі 2139 кілаграмаў малака).
Значная перамога
У сталіцы прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы юнацкай лігі боксу сярод юнакоў 13-14 гадоў. Сустрэліся каманды Брэсцкай і Мінскай абласцей, нашы перамаглі з лікам 13:2. У складзе зборнай Брэстчыны паспяхова выступіў выхаванец СДЮШАР Жабінкаўскага раёна Аляксей Піўчык, які стаў пераможцам у вагавой катэгорыі да 50 кілаграмаў.

Ганарымся нашымі баксёрамі

У Баранавічах адбыўся адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе памяці майстра спорту Беларусі Антона Берната. У ім прынялі ўдзел 168 спартсменаў з гарадоў нашай краіны, а таксама Літвы. Да спаборніцтваў дапускаліся юніёры 2004-2005 гадоў нараджэння, юнакі і дзяўчаты 2006-2007. Каманду СДЮШАР Жабінкаўскага раёна прадставілі 10 спартсменаў-навучэнцаў. Пад кіраўніцтвам сваіх трэнераў-выкладчыкаў Юрыя Аўчыннікава, Васіля Максіменкі, Яўгена Градаўляка і Мікалая Грыгарука нашы баксёры выступілі годна. Так, пераможцамі сярод юніёраў у сваіх вагавых катэгорыях сталі: Уладзіслаў Іваноў (48 кг), Уладзіслаў Алексяюк (54 кг) і Максім Жураўлёў (57 кг), сярод юнакоў — Аляксандр Кавалеўскі (42 кг), Віктар Халтурын (44 кг)
і Аляксандр Крупко (46 кг). Трэція месцы сярод юніёраў заваявалі Іван Янчук (52 кг) і Максім Ткачук (60 кг), сярод юнакоў — Павел Струк (38 кг) і Кірыл Макарэвіч (54 кг).

У гасцях — Трафім Анціпаў

У рамках Міжнароднага праекта майстроў інструментальнай музыкі “Lira-Fest” Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў наведаў таленавіты беларускі баяніст, лаўрэат розных міжнародных конкурсаў (больш за 30 прэмій!) Трафім Анціпаў. На працягу апошніх дзесяці гадоў ён паспяхова гастралюе ў Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, Літве, Японіі, Кітаі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі і іншых краінах. У Жабінцы госць прадставіў канцэртную праграму “Палёт над часам” і выканаў знакамітыя творы.

Цёплы вечар на лёдзе

У прадстаўнікоў нашага маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага ёсць традыцыя разам цікава і карысна праводзіць свае вечары. Днямі маладыя людзі сумесна з кіраўніком святаром Максімам Волкам наведалі Лядовы палац у Кобрыне. Хтосьці ўпершыню выйшаў на лёд, а хтосьці дэманстраваў сапраўднае майстэрства. Нягледзячы на тэмпературу ў комплексе, вечар братчыкі правялі ў цёплай душэўнай атмасферы.

Тэрыторыя здароўя

У межах рэспубліканскай дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”, разлічанай на 2016-2020 гады, у другой гарадской школе рэалізуецца інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа — тэрыторыя здароўя”. Падчас яго на працягу навучальнага года праводзяцца акцыі, мерапрыемствы пад дэвізамі “Мой выбар — жыць з пазітывам”, “Мы — за здаровы і бяспечны адпачынак!” і многае іншае.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top