Лепшы яслі-сад вобласці

За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі па выніках работы за 2019 год Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны яслі-сад № 2 Жабінкі. Пры вызначэнні лепшай установы бралася пад увагу наступнае: працэнт педагогаў, якія маюць вышэйшую адукацыю і па профілі, першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі; наколькі забяспечана ўстанова сродкамі выхавання і навучання; наведванне яе выхаванцамі, нізкі паказчык захваральнасці, адсутнасць дзіцячага траўматызму; выніковасць удзелу ў рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсах і мерапрыемствах; публікацыі аб дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі; даходы, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці і іншае. Віншуем калектыў ясляў-сада № 2 з такой высокай ацэнкай іх работы!

Добрых спраў шмат не бывае

На базе трэцяй гарадской школы пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара ўстановы Ганны Мясніковай дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах сацыяльнага накірунку “Добрыя сэрцы”, якое наведваюць вучні 5-7 класаў. Разам з кіраўніком яго ўдзельнікі адправіліся ў Кобрынскую дзіцячую вёску, каб праведаць выхаванцаў, уручыць ім падарункі, падзяліцца дабрынёй і выдатным настроем. Гасцей цёпла сустрэла мама Іра, як называюць яе жыхары вёсачкі. Жанчына расказала, чым жыве ўстанова і пазнаёміла вучняў з яе выхаванцамі. Тыя з задавальненнем гаварылі пра свае захапленні, школьныя будні, мары і планы.

Колькі летась зарабілі

Згодна з дадзенымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Жабінкаўшчыны ў студзені-снежні мінулага года склала 882,3 рубля, у тым ліку ў снежні — 1084,8 рубля.
Найвышэйшы сярэднямесячны заробак летась быў налічаны ў сферы прамысловасці — 1584,8 руб., а таксама транспартнай, паштовай і кур’ерскай дзейнасці і складзіравання — 1096,4 руб. У сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках у сярэднім за месяц зарабілі 969 рублёў, у сістэме ахове здароўя і сацыяльных паслуг — 948,9 руб., у будаўніцтве — 863,8 руб.

Пра ахову правапарадку і бяспеку

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын і спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС Ганна Усцьянчык пабывалі ў гарадскім ліцэі. Госці правялі са школьнікамі сустрэчу ў фармаце адкрытага дыялогу. Першы сакратар расказаў пра маладзёжны атрад аховы правапарадку, яго дзейнасць і справы БРСМ. Супрацоўнік аддзела нагадала правілы бяспекі ў надзвычайных сітуацыях. Юнакі і дзяўчаты атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні.

Свята для юных чытачоў

У Жабінкаўскай дзіцячай бібліятэцы для першакласнікаў трэцяй гарадской школы прайшло пасвячэнне ў чытачы “Нам з кнігаю прызначана сустрэча”. У госці да хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшоў герой мультфільма Барбоскін, які расказаў, што ўяўляе сабою бібліятэка, якія тут ёсць кнігі і часопісы, даведнікі і энцыклапедыі, нагадаў пра беражлівыя адносіны да іх. Спецыяльна для юных гасцей супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі выставу “Для вас, першакласнікі”, дзе размясцілі кнігі, якія прапаноўваліся ім для першага знаёмства і чытання. У канцы сустрэчы школьнікі атрымалі ў падарунак закладкі і памяткі з інфармацыяй пра работу бібліятэкі.

Гульня, якая яднае

У мінулыя выхадныя ФК “Парастак” сумесна са СДЮШАР Жабінкаўскага раёна арганізавалі на базе ўстановы турнір па міні-футболе. У старэйшай узроставай групе спаборнічалі дзве нашы каманды і “Арсенал” з Брэста, а ў малодшай — тры каманды з Жабінкі і адна — з горада над Бугам. У выніку сур’ёзнай барацьбы ў першай групе перамаглі хлопчыкі з “Парастка” (трэнер Юрый Бялецкі), а ў другой — выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўшчыны (трэнер Андрэй Салей). Усе ўдзельнікі турніру атрымалі падарункі, а пераможцы яшчэ й кубкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top