Журналісцкі форум напярэдадні з’езда прафсаюзаў

Журналісцкі форум напярэдадні з’езда прафсаюзаў

IV рэспубліканскі форум для прадстаўнікоў СМІ, арганізаваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі сумесна з Міністэрствам інфармацыі, ладзіўся напярэдадні VIII з’езда ФПБ, прызначанага на 27-28 лютага. Большасць удзельнікаў форуму складалі 137 спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю раённых і абласных аб’яднанняў прафсаюзаў, якія працуюць у рэгіянальнай прэсе. Цягам двух дзён ім давялося паўдзельнічаць у круглых сталах, дзе разглядаліся актуальныя тэмы працоўнага заканадаўства, і наведаць майстар-класы для павышэння свайго прафесійнага майстэрства.
Час для сустрэчы быў абраны невыпадкова. З пачатку года змяніўся парадак аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях, 17 студзеня кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, які карэкціруе падыходы да налічэння пенсій за работу ў асаблівых умовах працы, а 28 студзеня ўступіў у сілу абноўлены Працоўны кодэкс, у стварэнні якога паўдзельнічалі прафсаюзы. Менавіта дзякуючы іх актыўнай пазіцыі ў канчатковы дакумент увайшлі прыблізна сорак істотных правак. Пры гэтым, як заўважыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, нярэдка ў пошуках кампрамісу з прадстаўнікамі ўраду і наймальнікаў адбываліся сапраўды гарачыя спрэчкі. Займаючы прынцыповую пазіцыю, прафсаюзы падтрымалі далёка не ўсе ініцыятывы. У прыватнасці, заблакіравалі прапанову наймальнікаў не абмяжоўваць тэрмін неаплочваемага водпуску работнікаў з прычыны часовага спынення дзейнасці прадпрыемства.
Міхаіл Сяргеевіч распавёў і аб прававой абароне работнікаў, якую ажыццяўляюць прафсаюзныя юрысты. Прынамсі, за пяць гадоў з іх дапамагой адноўлена на працы больш за чатыры сотні чалавек, вернута звыш 20 мільёнаў рублёў незаконна ўтрыманых або нявыплачаных наймальнікамі. Асобна кіраўнік айчынных прафесійных саюзаў падкрэсліў: “Зараз без абнаўлення не можа расці вытворчасць. Каб чалавек мог працаваць па сучасных тэхналогіях і на новым абсталяванні, яму патрабуецца ўвесь час павышаць кваліфікацыю. У нас гэтым займаюцца практычна 22 працэнты працоўных, найчасцей — урачы і педагогі. Для параўнання: у Германіі гэты паказчык — 83 адсоткі. Пры гэтым у Беларусі захавалася больш за 60 інстытутаў, здольных праводзіць такую дзейнасць”.
З бачным задавальненнем Міхаіл Сяргеевіч зазначыў, што шэрагі ФПБ растуць і да свайго з’езда арганізацыя падыходзіць з вялікімі напрацоўкамі. У тым ліку створаны 4200 новых пярвічак, прычым 75 працэнтаў з іх — у прыватным сектары эканомікі. У размове закраналіся тэмы заканадаўчых калізій адносна жанчын, якія выхоўваюць чатырох дзяцей, новага механізму страхавання ад банкроцтва, дзейнасці тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ, датэрміновага пенсійнага страхавання.
Апошняя тэма выклікала асаблівую зацікаўленасць у журналістаў, паколькі ў так званую “пенсійную пастку” трапілі каля 20 тысяч чалавек, якія маглі атрымаць пенсію за асаблівыя ўмовы працы значна меншую, чым разлічвалі. Каб прадухіліць гэту яўную недарэчнасць, і з’явіўся прэзідэнцкі ўказ, падпісаны 17 студзеня. “Федэрацыя прафсаюзаў правяла вялікую работу, і мы рады, што наш голас быў пачуты”, — заўважыла намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч.
Пасля ўвядзення новай сістэмы налічэння заробку для бюджэтнікаў у наймальнікаў пашырыліся магчымасці ў размеркаванні прэмій і даплат. “Сумесна з Міністэрствам працы мы звярнуліся да выканаўчай улады, каб замацаваць норму аб абавязковым удзеле прадстаўнікоў прафсаюзных камітэтаў у іх размеркаванні, — дадаў Міхаіл Орда. — Павінна быць зразумела, што зрабіў канкрэтны чалавек, за якія вынікі яму належаць дадатковыя выплаты”.
Са свайго боку, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч засяродзіўся на дзейнасці журналістаў на медыйнай прасторы. Ён заклікаў больш актыўна праяўляць сябе ў віртуальным асяродку, напаўняючы яго рэгіянальнымі навінамі і жанравай разнастайнасцю. Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў: у нас структурыраваная дзяржава, якая нясе адказнасць за сваіх грамадзян. А таму паміж простымі людзьмі і ўладай павінен існаваць заўсёдны дыялог, пасярэднікамі ў якім выступаюць сродкі масавай інфармацыі.
Далей мерапрыемства працягвалася ў форме прэс-канферэнцыі. Журналістаў хвалявалі не толькі пытанні, звязаныя з пенсіямі, заробкамі ды надбаўкамі да іх, але і тое, як прафсаюзы плануюць адзначаць 75-я ўгодкі Вялікай Перамогі. Міхаіл Орда ахвотна раскрыў заслону “таямніцы”. На Кургане Славы, над якім прафсаюзы даўно ўзялі шэфства, у юбілейны год з’явяцца новыя рэліквіі — капсулы з зямлёй, прывезеныя з усіх гарадоў-герояў, а таксама знойдзеная знакамітая “Кацюша”. Летась быў праведзены рэспубліканскі конкурс, прысвечаны легендарнаму штурмавіку “Іл-2”. Цяпер на змену “Ільюшу” прыходзіць “Кацюша”, а значыцца — час завастрыць пёры, каб прафесійныя журналісты маглі паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве і расказалі сваім чытачам, наколькі грознаю для ворага была зброя з такім ласкавым жаночым імем.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top