У БРСМ — папаўненне!

Разам з педагогам-арганізатарам Яўгеніяй Дземідзюк навучэнцы першай школы пабывалі ў гісторыка-экспазіцыйным комплексе развіцця меліярацыі зямель, які існуе на базе ПМК-19. Цікавую экскурсію для школьнікаў па яго тэрыторыі правёў вядучы інжынер прадпрыемства Пётр Вайноўскі. Пасля знаёмства з яго аб’ектамі гасцей чакала ўрачыстая падзея. Дзевяць юнакоў і дзяўчат папоўнілі шэрагі ГА “БРСМ”. Першы сакратар раённага камітэта аб’яднання Яўген Мацюшын павіншаваў “навабранцаў” і ўручыў ім маладзёжныя білеты. Гэтыя сучасныя дакументы нагадваюць электронныя карты і дазваляюць уладальнікам карыстацца шэрагам бонусаў.

Ганарымся земляком

Ураджэнец Жабінкі Ігар Рахно працягвае пакараць новыя спартыўныя вяршыні. У Мінску на базе Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства “Дынама” прайшлі спаборніцтвы сярод арганізацыйных структурных падраздзяленняў па рукапашным баі. Ігар паказаў лепшы вынік і заваяваў першае месца! Да таго ж ён стаў кандыдатам у майстры спорту па прыкладным рукапашным баі. Жабінкаўшчына ганарыцца земляком і жадае яму поспехаў.

У скарбонцы — “золата”,
“срэбра” і “бронза”

У Лунінцы прайшло адкрытае першынство горада па плаванні. У ім паўдзельнічалі і выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўскага раёна, прычым паспяхова. Так, Міхаіл Хоміч заваяваў два другія месцы ў плаванні брасам на 100 і 200 метраў. У скарбонцы Андрэя Кафанава “золата” ў заплыве на 100 і 200 метраў брасам, “срэбра” прынесла адлегласць у 50 метраў брасам, “бронзу” — комплекснае плаванне. Арцём Заяц узнагароджаны за трэцяе месца ў плаванні на спіне на адлегласці 200 метраў.

З работы — на бальнічны ложак

Чарговы прыход на работу 42-гадовага будаўніка завяршыўся падзеннем з вышыні. Ён займаўся рэканструкцыяй даху кароўніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Жабінкаўшчыны. Забраўся на страху, каб зняць старыя шыферыны, не ўтрымаўся і упаў з 5-метровай вышыні. Муляра тэрмінова даставілі ў бальніцу. Яго стан ацэньваецца як стабільны.

Трагедыя ў Мацясах

У мінулую суботу на вуліцы Цэнтральнай у Мацясах адбыўся пажар. Бяда здарылася ў жылым доме. Жыхары вёскі паспелі патушыць узгаранне сваімі сіламі. На жаль, пацярпелую выратаваць не ўдалося. Прычыны трагедыі выяўляюцца.

Бяду чыніць… смецце

Каля вёскі Навасады гарэла смецце. Мяркуецца, што прычынай пажару стала ўтылізацыя попелу ў кантэйнер для цвёрдых камунальных адходаў. Супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС нагадваюць: згодна з правіламі пажарнай бяспекі попел і шлак перад утылізацыяй патрэбна заліваць вадой і выкідваць у спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы, дзе адсутнічае патэнцыйна гаручы асяродак! Аднак ёсць жыхары, якія грэбуюць гэтымі правіламі, выносяць попел у кардонных і драўляных скрынях, металічных вёдрах, пакідаюць іх на драўлянай падлозе. Такія неасцярожныя паводзіны і прыводзяць да сур’ёзнай бяды.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top