Вакцынацыя – высокі ўзровень абароны

Вакцынацыя – высокі ўзровень абароны

Пра сучасныя спосабы ранняй дыягностыкі і прафілактыкі захворванняў шыйкі маткі расказала акушэр-гінеколаг Жабінкаўскай ЦРБ Яўгенія Русак.
— Рак шыйкі маткі — злаякаснае захворванне, якое даволі хутка распаўсюджваецца на бліжэйшыя органы, напрыклад, мачавы пузыр, парушае іх работу і актыўна метастазуе. Калі захворванне выяўлена на позніх стадыях, яно хутка прыводзіць да значнага пагаршэння якасці жыцця і да смяротнага зыходу, бо магчымасці лячэння абмежаваныя.
Паводле сусветнай статыстыкі, рак шыйкі маткі знаходзіцца на першым месцы па распаўсюджанасці сярод усіх злаякасных захворванняў у жанчын. У Беларусі ён уваходзіць у тройку найбольш часта сустракаемых анкалагічных захворванняў. Паводле сусветных справаздач, смяротнасць ад раку шыйкі маткі складае больш за 260 тысяч жанчын у год.
Не існуе ніводнага віду анкалагічнага захворвання, які б меў навукова даказаную прычыну ўзнікнення, за выключэннем раку шыйкі маткі. У 2008 годзе Харальд цур Хаўзен атрымаў Нобелеўскую прэмію за пацвярджэнне таго, што некаторыя варыянты віруса папіломы чалавека выклікаюць гэту анкалагічную паталогію.
На жаль, захворванне нярэдка выяўляецца ў маладых жанчын, асабліва пры наяўнасці віруснага паражэння, гарманальных змен, траўмаў пасля родаў ці аборту і г. д. Для прафілактыкі злаякасных пухлін гэтай лакалізацыі варта раз у год наведваць урача-гінеколага, які зробіць агляд і возьме мазкі на цыталагічнае даследаванне.
Метад вадкаснай цыталогіі — адзін з самых інфарматыўных пры дыягностыцы паталогіі шыйкі маткі. Яго выніковасць дасягае 95 %, тады як адчувальнасць традыцыйнай методыкі складае ў сярэднім 60 %.
На сённяшні дзень абследаванні праводзяцца ў Брэсцкім абласным скурна-венералагічным дыспансеры і прыватных медыцынскіх лабараторыях горада Брэста на платнай аснове.
Жанчынам з павышанай рызыкай раку шыйкі маткі, а таксама маладым дзяўчатам да пачатку палавога жыцця ўрачы прапануюць і спецыфічную прафілактыку — увядзенне вакцыны супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ), які валодае выяўленым анкагенным дзеяннем. Вакцына накіравана на ВПЧ 16 і 18 тыпаў, дарэчы, яны прыводзяць у 75 % выпадкаў раку да смяротнага зыходу. Вакцынацыя забяспечвае высокі ўзровень абароны. Акрамя таго, у склад вакцыны ўваходзіць кампанент, які ўзмацняе імунны адказ і, тым самым, павышае ўстойлівасць арганізма да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя.
Больш падрабязную інфармацыю вы можаце атрымаць на прыёме ў свайго ўчастковага ўрача-гінеколага.
Запісала Алёна НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top