У спісках і зараз не значыцца

У спісках і зараз не значыцца

Назва артыкула адсылае да вядомага рамана Барыса Васільева, прысвечанага абароне Брэсцкай крэпасці. Але наш расказ — пра іншы час, калі пасля трох гадоў напружаных баёў Чырвоная Армія пераможна вярталася пад Брэст, вызваляючы Жабінкаўшчыну. На жаль, не толькі ў сорак першым, але й у сорак чацвёртым гінулі байцы і камандзіры, імёны якіх несправядліва забытыя.
У кастрычніку 1941 года Паўлава-Пасадскі РВК Маскоўскай вобласці прызваў у шэрагі Чырвонай Арміі Іосіфа Фёдаравіча МАКЕЕВА (1907-1944). Ужо ў снежні ён апынуўся на самым напружаным участку — на Заходнім фронце, куды было скіравана вастрыё наймацнейшага варожага ўдару. Вермахт рваўся на Маскву, у сорак другім фронт практычна перастаў існаваць. Іосіфу Макееву пашанцавала: сярод многіх тысяч загінулых санітары адшукалі яго і хоць параненага, ды жывога аднеслі ў палявы шпіталь.
Залячыўшы раны, ён вярнуўся ў строй і патрапіў на Бранскі, а затым ІІІ Украінскі франты. Стаў гвардыі малодшым лейтэнантам 2-га батальёна 143-га гвардзейскага стралковага палка, які ўваходзіў у склад славутай 48-й Крыварожскай дывізіі. Тады ж малады камандзір узвода аўтаматчыкаў атрымаў партбілет. Абяцанне змагацца з ворагам, не шкадуючы сваіх сіл і нават жыцця, выканаў цалкам. Яго ратныя справы вясной 1944 года былі адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Свой подзвіг Іосіф Фёдаравіч здзейсніў, як у вядомай песні, “на безыменнай вышыні”. На вайсковай карце яна была пазначана толькі лічбамі: 110,1. Камандзір першым заўважыў пачатак контрнаступлення немцаў, якія імкнуліся захапіць вышыню, і арганізаваў байцоў у абарону гэтай важнай кропкі. У выніку, як адзначалася ў дакуменце, зацверджаным камдывам генерал-маёрам Глебам Корчыкавым, “наша пяхота свабодна ўвайшла ў вёску Зялёны Гай, асабіста таварыш Макееў знішчыў восем нямецкіх салдат і аднаго параніў”.
А вайна, між тым, дакацілася да межаў нашай Айчыны. Дывізія, родная Макееву, улілася ў склад І Беларускага фронту і пачала ачышчаць ад карычневай чумы нашу сінявокую Беларусь. Узводны разам са сваімі аўтаматчыкамі адважна ўдзельнічаў у вызваленні многіх беларускіх гарадоў і вёсак, за тое атрымаў званне гвардыі лейтэнанта.
У другой палове ліпеня 1944 года, калі сцяг вольнасці залунаў над Бярозай, “крыварожцы” з баямі наблізіліся да Жабінкі. Іосіф Макееў загінуў у самы напружаны і крывавы дзень вызвалення нашага краю — 21 ліпеня. Свайму камандзіру байцы знайшлі прыгожае месца для пахавання. Асобную афіцэрскую магілу яму вырылі на ўскрайку сада. Па нейкай іроніі лёсу той сад месціўся паблізу Шпіталёў. Калі ў сорак другім Макееў выйшаў са шпіталя і працягнуў барацьбу, дык праз два гады Шпіталі сталі месцам яго апошняга спачыну. Неўзабаве пахавальны ліст атрымала жонка героя Вольга Трафімаўна, якая жыла ў пасёлку Электраперадача Маскоўскай вобласці. Ёй, вядома, было наканавана да скону насіць груз памяці па родным чалавеку. Але ці толькі ёй адной?
Мінула тры чвэрці веку, аднак імя Іосіфа Фёдаравіча дасюль застаецца, быццам у тумане. Няма яго ні ў раённай кнізе “Памяць”, выдадзенай у 1999 годзе, ні на плітах ля помніка савецкім воінам і партызанам у райцэнтры. У сёлетнім маі будзем святкаваць 75-я ўгодкі Вялікай Перамогі. Ці не прыйшоў нарэшце час, калі патрэбна рассеяць туманы нашай памяці і належна ўвекавечыць імёны, “згубленыя” ў часе?
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top