Напружаны “Мазгавы штурм”

Напружаны “Мазгавы штурм”

У трэцяй гарадской школе адбыўся першы ў гэтым годзе “Мазгавы штурм”, арганізаваны прафсаюзамі, БРСМ і “Сельскай праўдай”. Гульні інтэлектуалаў сабралі 11 каманд і прысвячаліся, зразумела, 80-м угодкам Жабінкаўшчыны.
Спаборніцтва выдалася сапраўды напружаным. Нездарма, падводзячы агульныя вынікі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, якая ўзначальвала журы, адзначала:
— Шэсць тураў, што патрэбна было адолець дзеля перамогі, з цяжкасцю выявілі найлепшых эрудытаў, настолькі шчыльна, дыхаючы літаральна адзін аднаму ў патыліцу ішлі каманды ад старту да фінішу.
Без перабольшвання інтрыга захоўвалася да самага апошняга моманту. Калі з “Размінкай” амаль усе справіліся на выдатна, дык наступныя туры нярэдка прыносілі зусім нечаканыя вынікі, і лідары мяняліся на кожным кроку.
Бадай, самымі няпростымі аказаліся пытанні з тураў, непасрэдна пры-свечаных раённаму юбілею. З аднаго боку, “Жабінкаўская даўніна” ды “Раён нараджаўся, сталеў, развіваўся” насамрэч прымусілі ўдзельнікаў гульні паламаць галаву, з іншага — узбагацілі ведамі па гісторыі роднага краю.
Увесь час эмоцыі білі праз край. І не дзіўна, бо ў выніку розніца паміж першым і чацвёртым месцамі склала ўсяго адзін бал! Гэткім чынам, прызёрамі сталі не тры, а чатыры каманды.
Бясспрэчнымі пераможцамі “Мазгавога штурму” на гэты раз абвешчаны “Камбінатары” з камбікормавага завода. Саманазваныя “дзеці Астапа Бэндара”, якіх прывёў да перамогі капітан Сяргей Пальчук, атрымалі не толькі юбілейны нумар “Сельскай праўды” з аўтографамі журналістаў рэдакцыі, але й дыпломы, уручаныя першым сакратаром райкама БРСМ Яўгенам Мацюшыным, і білеты на кінасеанс ад прафсаюзаў.
Падобныя ўзнагароды таксама займелі каманды, якія занялі другое, трэцяе і чацвёртае месцы. Да фінішу яны прыйшлі роўненька і толькі “фотафініш” (ім сталі адказы на заключны, самы няпросты тур) вызначыў, хто на якім месцы апынуўся. “Сярэбранымі” сталі “Бібліядамачкі”, узначаленыя Ірынай Ганчар, на трэцім выніковым радку размясціліся прадстаўнікі ААТ “Арэпічы” з каманды “А ці варта?” (капітан Таццяна Сыско), нарэшце, “малую бронзу” здабылі ў барацьбе пуцевікі з “Бабульчынага серванта”, якіх узначальваў Сяргей Сыско.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Таццяны КУНЦ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro