Лепшыя ў вобласці

Сталі вядомыя імёны навучэнцаў, якія на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрымалі дыпломы. Так, дзесяцікласнік Старасельскай школы Андрэй Чарнак заваяваў другое месца па геаграфіі (настаўнік Святлана Дарашук). Выпускніца трэцяй школы Дар’я Балакер стала першай па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” (настаўнік Сяргей Карпук), а выпускніка СШ № 1 Андрэя Дарафейчука ўзнагародзілі дыпломам ІІІ ступені (настаўнік Юрый Сянішын). Віншуем вучняў і іх педагогаў з удалымі вынікамі!

“Музычныя перамогі”

У Баранавічах ладзіўся ХІІІ абласны адкрыты конкурс “Крынічка”. Выхаванцы Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Беразоўская, Уладзіслава Іванюк, Паліна Пятручык і Эліна Шаўчук удала выступілі на гэтым конкурсе і былі ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата ІІ ступені. Віншуем юных музык з перамогай! А падрыхтавалі фартэпіянны ансамбль настаўнікі Святлана Антановіч і Таццяна Струц.

***

У актавай зале Жабінкаў-скай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся святочны канцэрт “Чароўнае святло Раства Хрыстова”. Мілагучныя песні, віртуозная ігра на музычных інструментах, танцы юных выхаванцаў школы і іх выкладчыкаў, а яшчэ прамова айца Максіма Волка дазволілі гледачам пранікнуцца святоч-ным настроем і цяплом.

Нашы інтэлектуалы

Самыя актыўныя старшакласнікі першай гарадской школы ўвайшлі ў склад каманды, якая разам са сваім педагогам-арганізатарам Яўгеніяй Дземідзюк адправілася на сур’ёзнае інтэлектуальнае спаборніцтва. Яны прынялі ўдзел у чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па “Што? Дзе? Калі?”. Паміж сабой сапернічалі 32 каманды! Пасля першага этапу нашы былі ў сярэдзіне, але потым апусціліся крыху ніжэй. Сярод такой вялікай колькасці ўдзельнікаў юнакі і дзяўчаты з Жабінкі выступілі годна.

Сяброўская сустрэча

Маладзёжнае брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага любіць у вольныя вечары пагуляць у валейбол. На гэтым тыдні хлопцы і дзяўчаты не паміж сабой дзяліліся на дзве каманды, а запрасілі гасцей. Сяброўскі матч яны правялі з удзельнікамі маладзёжнага брацтва ў гонар Ціхвінскай іконы Божай маці (Брэст). І не выпадкова: з гэтым брацтвам у жабінкаўцаў асабліва цёплыя адносіны. Яго кіраўнік — айцец Андрэй Петрусевіч, які многа гадоў займаўся маладзёжкай у Жабінцы. І зараз яны падтрымліваюць сувязь і арганізоўваюць сумесныя сустрэчы!

“Бяспеку — у кожны дом!”

Пад такой назвай на гэтым тыдні ў раёне стартавала рэспубліканская прафілактычная акцыя. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, дзіцячае свавольства з ім, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання. У большасці выпадкаў вогненныя надзвычайныя сітуацыі — вынік невыканання звычайных правілаў бяспекі. Дадзеная акцыя праводзіцца з мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх. У рамках першага этапу ў грамадскім пункце аховы правапарадку адбылася прафілактычная размова з жыхарамі аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі ў побыце. Ініцыятыва пройдзе ў пяць этапаў і працягнецца па 20 лютага.

Вогненная бяда

У аўторак жабінкаўцаў напалохалі трывожныя гулы сірэн і слуп дыму, які здалёк было відаць у цэнтры горада. Выратавальнікі-пажарныя спяшаліся на Кірава, 75, дзе адбыўся сур’ёзны пажар у блокавым гаспадарчым будынку. Ніхто не пацярпеў, але агонь знішчыў дах, пашкодзіў перакрыццё, маёмасць. Прычына трагедыі высвятляецца. На месцы пажару працуюць аператыўныя групы Жабінкаўскага РАНС і РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro