Складнікі поспеху Таццяны Філатавай

Складнікі поспеху Таццяны Філатавай

— Мікалаеўна, ходзь сюды! Тут кліент паспеў! — паклікала калегу цялітніца з фермы “Рудка” ААТ “Хмелева”.
— Бягу-бягу! — паспяшыла Таццяна Філатава, адразу зразумеўшы, пра каго ідзе гаворка. Паставіла вядзерца з цёплай вадой свайму гадаванцу ў клетку і рушыла ў суседняе жывёлагадоўчае памяшканне — там акурат карова цялілася. Рагуля справілася сама, дапамога людзей не спатрэбілася.
— Малайчына, бач ты, якога пярэстага волата нарадзіла! — пахваліла карову цялятніца і адправілася з бычком пад спецыяльную лямпу, каб абсох хутчэй. Маленькі на саломе смешна трос вушкамі пад штучным “сонейкам”, а парадзіха ў суседнім стойле не зводзіла вачэй са свайго дзіцяці, раз-пораз памуквала ў яго бок.
— Ды не хвалюйся ты так, усё з ім будзе добра, зараз малозіва пап’е і ў “дзіцячы сад” адправіцца, там яму весела будзе, — супакойвала карову жанчына, гладзячы па шыі. Жывёліна ў адказ шумна і, здаецца, з палёгкай уздыхнула, крыху патапталася на месцы, умінаючы салому, і грузна ўляглася: пасля родаў рагулі адпачыць захацелася.
— Каровы, як людзі, усё разумеюць, толькі сказаць не могуць, — гаворыць цялятніца Таццяна Філатава. — Яны таксама слова добрае любяць, на пяшчоту адгукаюцца. Як даяркай працавала, навучылася добра разумець іх. Адна крыўдуецца, як дзіця, другая нахабная, не ў сваю чаргу даіцца лезе ці смачнейшае ў суседкі з-пад носа выцягне, трэцяя толькі тады падыдзе, калі мянушку сваю пачуе… А цяпер вось з цяляткамі “ваюю”.
“Войска” Таццяны Мікалаеўны самае юнае — ад нараджэння да 21 дня. (Потым гадаванцы адпраўляюцца на дарошчванне да другіх цялятніц). Займаецца імі з шасці гадзін раніцы да дзесяці вечара: трэба накарміць, напаіць, саломкі падаслаць і цялятка, калі трэба, прыняць, пад лямпай абсушыць, малозівам праз зонд выпаіць. Яна, як клапатлівая нянька, вучыць малых піць малако праз соску і сочыць за іх здароўем. Калі захварэла якое (а цяляты баяцца скразнякоў, бывае, паку-туюць на жываты), зёлкі заварвае, лекі дае. Дарэчы, вітаміны і неабходня прэпараты Таццяніны вы-хаванцы атрымліваюць у поўнай меры, бо толькі са здаровага цяляці вырасце здаровая карова.
Работу сваю Таццяна Мікалаеўна вельмі любіць, для кожнай жывёлы знойдзе ласкавае слова — і таму яны адгукаюцца добрымі прыбаўленнямі ў вазе. У жанчыны і самая высокая па гаспадарцы захаванасць маладняку — 96 працэнтаў. Адказнасць, самаадданасць і пяшчота — галоўныя складнікі поспеху Таццяны Філатавай.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top