“Пра іх раман пісаць можна…”

“Пра іх раман пісаць можна…”

Пачынаючы летась вялікі праект “75 год. Ніхто не забыты, нішто не забыта”, меркаваў, што ён не застанецца па-за ўвагай. Аднак нават прыблізна не ўяўляў, наколькі былое зацікавіць сучасных чытачоў. Усё ж нездарма кажуць: кроў не вадзіца…
Заўсёды ўхваляю тых, каму баліць не толькі свой, але і чужы боль. Летась краіна адзначала тры чвэрці веку свайго вызвалення, у сёлетнім маі будзем святкаваць 75-я ўгодкі Вялікай Перамогі, а значыцца, час працягваць тэму, што кранае многіх.
Звычайна водгукі (часам літаральна са слязьмі на вачах) даводзіцца чуць ужо праз дзень-другі пасля публікацыі. Але бывае і інакш. Аднаго разу з Іванаўскага раёна патэ-лефанаваў старшыня Махроўскага сельвыканкама Іван Кунахавец. Раней ніколі не зналіся, але ўжо з першых слоў адчулася: роднасная душа, неабыякавы чалавек. Ён расказаў, як у 40-я агнявыя ў іх мясцінах базіравалася Пінская партызанская брыгада. А нядаўна следапыты адшукалі зямлянкі ды ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь — прозвішчы народных мсціўцаў, што склалі галовы на вайне. Сярод іх аказаўся і нараджэнец Жабінкаўскага раёна Якаў Маісеевіч ПУЧЫК (1922–1943), які 10 лістапада 1943 года загінуў у баі пад вёскаю Гнеўчыцы. Іван Іванавіч прасіў дапамагчы ў пошуку, бо меў задуму стварыць у лесе мемарыял, прысвечаны Пінскай брыгадзе.
Прозвішча Пучык сап-раўды ёсць у Жабінцы, а таму просьба Івана Кунахаўца ўвасобілася ў артыкуле “Пучык і Ульчык”, змешчаным у праекце “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Меркавалася, што пошук будзе простым. Але…
Газета пабачыла свет, аднак мінулі дні, тыдні — ніхто не адгукаўся. І тут успомнілася: некалі (да лета 1959 года) межы Жабінкаўшчыны былі шырэйшымі, чым сёння. Электронная база “Памяць народа”, якая ўтрымлівае шматлікія дадзеныя аб чырвонаармейцах, сведчыла, што найбольш носьбітаў згаданага прозвішча прызывалася з Жабінкі, але паходзілі яны з Радванічаў Вялікіх або Малых.
Таму воляй-няволяй напрошваўся наступны крок — звязацца з тамтэйшым сельвыканкамам. Пазваніў у Радваніцкі сельсавет Брэсцкага (калісь Жабінкаўскага) раёна, каб пацікавіцца Якавам Пучыкам і яго магчымымі сваякамі. Аказалася насамрэч пра тое, што 20-гадовы хлопец “загінуў недзе ў партызанах”, на малой радзіме ведалі. А пра дакладнае месца, час ды абставіны гібелі даведаліся толькі зараз, з нашай тэлефоннай размовы. Малады партызан не паспеў стварыць сям’ю, але родзічы ў вёсцы жывуць дасюль.
— Можна сапраўдны раман пісаць пра гэту сям’ю, многія партызанілі, лёсы маюць цікавыя, — у захапленні ўсклікнула старшыня Радваніцкага сельсавета Наталля Драневіч.
Разам з тым, Наталля Якаў-леўна адшукала брэсцкія тэлефоны Аліны Пішчук, унучатай пляменніцы загінулага героя. Раман, вядома, пісаць пакуль не да пары, але ж сустрэцца і паразмаўляць пры нагодзе патрэбна.
Пошук працягваецца, і ён абавязкова прынясе свой плён. Гэта патрэбна, пакуль на безыменных помніках яшчэ можна прачытаць крылатыя словы Вольгі Бергольц “Ніхто не забыты, нішто не забыта”.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top