Што для шчасця трэба… “Капуста” ў агародзе?!

Што для шчасця трэба… “Капуста” ў агародзе?!

Каб душа дзіцячая сагравалася пяшчотай і ласкай, сям’я павінна быць для маленькага чалавека агменем, гарачым і ўтульным. А калі раптам у доме, які лічыш родным, пагаслі іскрынкі сямейнай цеплыні… На шчасце, ёсць на Жабінкаўшчыне сем’і, дзе бацькі гатовыя клапаціцца і аб прыёмных дзецях, якіх гадуюць разам з роднымі. Прыгожым і запамінальным стаў у Жабінкаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтры Дзень сям’і. Сюды прыйшлі прыёмныя сем’і Гурскіх, Янушаў, Касцючыкаў, Данілюкоў, Сасноўскіх. Для іх ладзілася святочная праграма з вясёлымі конкурсамі, жартамі, песнямі.
Трэба было бачыць, з якім захапленнем стваралі дарослыя і малыя свае візітоўкі, дзеці расказвалі пра захапленні, вобраз жыцця, традыцыі, нават мары сваіх сем’яў. Сярод іх была і такая: “Хочацца мець агарод, напоўнены капустай, а ў капусце, сярод качанчыкаў — шмат немаўлятак!”.
Дырэктар цэнтра Ніна Канстанцінаўна Паўлючык, звяртаючыся да гасцей, назвала іх адной сям’ёй, аб’яднанай агульнай мэтай. Гэта сапраўды так. Зараз у раёне сем сем’яў, у якіх гадуюцца прыёмныя хлопчыкі і дзяўчынкі.
Для Святланы Іванаўны Сасноўскай і Дзімы сямейным дэвізам сталі словы з песні “Бацькоўскі дом — надзейны прычал”. Наталля Аляксееўна і Сяргей Мікалаевіч Данілюкі разам з Веранікай і Валерыяй усіх запэўнілі ды справай даказалі: “Працуем і адпачываем дружна!”. Вялікая сям’я Янушаў, якую прадстаўлялі Алена Віктараўна, дзеці Руслан і Аляксандра, Радзівон і Вольга свае спадзяванні ўскладаюць на Бога, які для іх надзейная дапамога, святло, куды ляцяць у надзеі думкі, гартуючы сямейны лад. На плакаце, створаным Святланай Мікалаеўнай Гурскай і Ванем, — вялікія далоні, што трымаюць парадак у доме, таму дэвіз іх: “Наша шчасце ў нашых руках!”. А Юрый Міхайлавіч і Алена Іванаўна Касцючыкі разам з Сашам гатовыя заўжды прапагандаваць здаровы і актыўны лад жыцця, “прапісаны” назаўсёды ў іх прыгожай хаце.


Гарэзлівыя спаборніцтвы гожа аздаблялі дзяўчынкі з музычнага калектыву “Вясёлкавы мікс”, якім кіруе Вікторыя Міцковіч. Але галоўнымі героямі, бясспрэчна, былі сем’і, што дэманстравалі знаходлівасць і весялосць.
“Чый прадмет?” і “Успомні мелодыю!” — так называліся наступныя конкурсы. Дзеці з дапамогаю бацькоў прыгадалі, якія рэчы належаць маці і тату, якія песні гучаць у любімых мульціках і дзіцячых кінастужках. А потым і падпявалі ўсе разам! Атмасфера рабілася ўсё больш цёплай, разняволенай, па-сапраўднаму сямейнай. Гэтак жа весела адгадвалі загадкі, складалі прымаўкі і прыказкі. У конкурсе “Папялушка” ўдзельнічалі матулі. Яны лёгка пазналі крупы, схаваныя ў мяшэчках. А ўсе разам сем’і вызначылі рэчы з кухні, што апісваліся жэстамі. І не дзіва, бо сталовы пакой у кожным доме не проста месца, дзе гатуюць абед ці вячэру. Тут, за адным сталом, збіраецца ўся сям’я, каб за кубачкам чаю абмеркаваць агульныя справы.
— Згадзіцеся, — гаварылі вядучыя свята педагог-псіхолаг Наталля Гулько і сацыяльны педагог Кацярына Адзінец, — прыемна адчыніць дзверы сваёй кватэры і адчуць пах хатніх пірагоў, альбо пачуць, як закіпае “таўстун”-самавар. Таму дзяцей чакае “салодкае” спаборніцтва.
З закрытымі вачамі яны на смак вызначалі дзівосныя сарты варэнняў. Гэтая справа хоць і прыемная, ды зусім няпростая, бо гаспадынькі шмат фантазіі ўклалі ў сваю смакату! Аднак ніхто не скардзіўся, калі не пазнаваў саладосці, а матулі цікавіліся рэцэптамі, каб гатаваць улетку новае варэнне, што спадабалася малым.
Непрыкметна праляцеў час, кожная сям’я атрымала ўзнагароду — дыпломы за творчасць і інтэлект, музычнасць і гаспадарлівасць, а найперш — за гармонію ды сяброўства, што назаўжды прапісаліся пад іх стрэхамі.
— Неяк падумалася ў час свята: як усё ж мала трэба, каб людзі адчулі сябе шчаслівымі, — заўважыла спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Андрасюк, што займаецца пытаннямі дзяцінства, прынамсі, прыёмнымі сем’ямі. — Радасць ад агульнага занятку іх узмацніла, яшчэ больш зблізіла дарослых і маленькіх, ператварыла ў сяброў жабінкаўскія сем’і, што прынялі на выхаванне чужых дзяцей. Хоць нельга іх ужо лічыць чужымі: яны свае — родныя часцінкі…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: выступленне-віншаванне ад “Вясёлкавага мікса”; гарэзліва спаборнічала вялікая сям’я Янушаў; дачушка Валерыя прыгарнулася да бацькі Сяргея Данілюка; сямейны здымак на памяць аб прыгожым свяце.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top