“Родны кут” — нізкіх цэн салют

“Родны кут” — нізкіх цэн салют


Дыскаўнтар “Родны кут” ад Жабінкаўскага райспажыўтаварыства, што прапісаўся на вуліцы ХХІІ з’езда КПСС цукровага завода, ужо больш за месяц радуе сваіх пакупнікоў гарманічным дуэтам: шырокім асартыментам тавараў у спалучэнні з нізкімі цэнамі. Сёння гэты магазін нават нельга параўнаць з тым, які ён быў да рэканструкцыі. Гандлёвая плошча павялічылася ў разоў пяць, а для пакупнікоў створаны проста цудоўныя  ўмовы.
У новым магазіне ёсць усё для таго, каб смела назваць  яго сучасным. Гэта і магчымасць самаабслугоўвання, што дазваляе пакупніку самому выбраць тавар, і новае халадзільнае абсталяванне, якое гарантуе якаснае захоўванне прадуктаў, нават садавіны і гародніны, і наяўнасць аддзела з гаспадарчымі таварамі, што эканоміць час, бо разам з набыццём прадуктаў можна купіць іншыя неабходныя для дома рэчы.
Але ж самай прыемнай акалічнасцю з’яўляецца магчымасць набыць тавар па зніжаных цэнах і акцыях. Падлічыце самі: калі ў іншых магазінах тавары ў асноўным прадаюцца з 30-працэнтнай гандлёвай надбаўкай, то у дыскаўнтары гэтая надбаўка на большасць прадуктаў складае ад 5 да 15 працэнтаў. Да прыкладу, на свежую садавіну тут даецца мінімальна магчымая надбаўка –— ўсяго 5 працэнтаў. Больш нізкія цэны і на такія прадукты, як курынае мяса, каўбасы, замарожаная рыба, хлеб. На іх налічваецца 10-працэнтная надбаўка. 15 працэнтаў дабаўляецца на муку і алей.
Акрамя таго ў гандлёвай зале ёсць 3 акцыйныя зоны, дзе ў скрынках знаходзяцца прадукты па сабекошце. Гэта алівы, масліны, шампіньёны, кансервы, сокі і многае іншае. Як адзначаюць прадаўцы, гэтыя секцыі будуць пастаянна абнаўляцца. Між іншым, у дыскаўнтары цяжка знайсці прадукцыю без скідак, таму і пакупнікоў нямала. Калі раней у магазіне, які размяшчаўся на месцы цяперашняга дыскаўнтара, тавараабарот ледзь дасягаў планкі ў 2,5 мільёна рублёў, то за першы месяц работы новага магазіна гэты паказчык падняўся адразу да 9 мільёнаў.
Па словах намесніка старшыні райспажыўтаварыства Ніны Аляксееўны Кадлубовіч, на закуп абсталявання ў дыскаўнтар было затрачана больш за 270 мільёнаў рублёў. А рэканструкцыяй памяшкання займалася прадпрыемства “Саюрс Лімітэд”, у якога райспажыўтаварыства арандуе гандлёвае памяшканне.
Асартымент тавараў аднаўляецца кожныя суткі. Чатыры разы на тыдзень завозіцца малако, а хлеб пастаўляюць кожны дзень.
Вітрыны з таварам –— гэта толькі знешні выгляд магазіна, а душа яго –— калектыў прадаўцоў. Кіруе дыскаўнтарам загадчыца Алена Курачкіна —- прадавец з дваццацігадовым стажам. Разам з ёю пакупнікоў абслугоўваюць Ірына Астапенка, Галіна Асіпук і Наталля Кірыліна. Дарэчы, калектыў магазіна пакуль цалкам не ўкамплектаваны, патрабуецца яшчэ 2 прадаўцы. Таму ў маладых, актыўных і працаздольных людзей, якіх выбралі сябе прафесію прадаўца, ёсць рэальны шанц уліцца ў калектыў магазіна “Родны кут”
Лепшая адзнака работы магазіна –— гэта водгукі пакупнікоў. А ад іх можна пачуць толькі словы удзячнасці.
— Вельмі прыемна, што ў нас з’явіўся такі магазін, дзе і цэны радуюць, і прадаўцы ветлівыя, і асартымент разнастайны, ды і прадукцыя толькі якасная, — дзялілася сваімі ўражаннямі Вера Піваварук. — Асабіста мяне найбольш парадаваў у магазіне шырокі выбар свежай садавіны і гародніны.
— Я — пастаянны пакупнік гэтага магазіна, бо жыву практычна насупраць. Магу сказаць, што гэтая гандлёвая кропка змянілася да непазнавальнасці. Цяцер магазін —  утульнае месца, якое сапраўды можна называць “Родны кут”. Падабаецца сістэма скідак, розніца ў цэнах з іншымі магазінамі адчувальная. Адзінае, чаго не хапае, — гэта кандыцыянера, — разважала Тамара Іванюк.
Усе заўвагі пакупнікоў у магазіне абавязкова ўлічваюцца. Вось і адсутнасць рэгулятара тэмпературы паветра — сітуацыя часовая. Як адзначыла намеснік старшыні райспажыўтаварыства Ніна Кадлубовіч, кандыцыянер, які каштуе больш за 50 мільёнаў рублёў, даўно заказаны і хутка будзе ўстаноўлены ў гандлёвай зале.
— Мы робім усё, каб нашы магазіны адпавядалі лепшым стандартам і падабаліся пакупнікам. Ні ў якім разе не збіраемся спыняцца на тым, што зроблена. Ужо восенню ў дыскаўнтары з’явіцца акварыум і будзе наладжаны гандаль сажалкавай рыбай, — дзялілася планамі Ніна Аляксееўна. –— Яшчэ думаем паэксперыментаваць з добраўпарадкаваннем тэрыторыі магазіна: засеяць газон, зрабіць кветнікі, пасадзіць побач з “Родным кутам” экзатычныя дрэвы.
Калі вы яшчэ не пабывалі ў дыскаўнтары “Родны кут” –— абавязкова наведайце яго. Гэты магазін, як абяцаюць у райспажыўтаварыстве, заўжды будзе здзіўляць пакупнікоў прыемнымі цэнамі, якасцю абслугоўвання і навінкамі ў асартыменце.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны Жук.  

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top