За імі наша будучыня

За імі наша будучыня

Калі 7 мая вам давялося сустрэць дзяўчынак ў белых блузках з пышнымі бантамі ў валасах і хлопчыкаў з букетамі кветак, не думайце, што вы “згубіліся” ў часе і трапілі ў Дзень ведаў. Не, гэта было зусім іншае свята. Свята, прысвечанае моладзі, якая спяшаецца будаваць, цаглінка да цаглінкі, сваю будучыню разам з самымі масавымі грамадскімі аб’яднаннямі нашай краіны.
Напярэдадні Дня перамогі па ўсёй рэспубліцы і ў нашым раёне прайшла патрыятычная акцыя, у час якой у шэрагі піянерыі было прынята 130 школьнікаў, а 18 піянераў сталі членамі ГА “БРСМ”. Каля помніка загінулым воінам у Жабінцы “навабранцы” піянерскай арганізацыі павінны былі даць клятву і ўпершыню завязаць піянерскі гальштук. Праўда, надвор’е вырашыла ўнесці свае карэктывы. Праліўны дождж і моцны вецер прымусілі перанесці ўрачыстасць ў залу кінатэатра “Юбілейны”. На пазітыўны настрой актывістаў гэта ніяк не паўплывала. Шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі напоўнілі кіназалу святочнасцю і радасцю.
Словы клятвы, якая зляцела з вуснаў кожнага піянера –— гэта іх новыя правы і абавязкі, абяцанне бескарысліва рабіць добрыя справы. Падтрымаць школьнікаў ў гэты дзень сабралася шмат гасцей, дзякуючы чаму атмасфера ў зале была святочнай. З віншаваннямі і цёплымі словамі да новых піянераў  і членаў БРСМ звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, якая падкрэсліла, што для кожнага з прысутных гэта асаблівы дзень, з якога пачынаецца новы жыццёвы этап, напоўнены шматлікімі момантамі радасці. Не пакінулі без сваёй увагі патрыятычную акцыю і начальнік аддзела па справах моладзі Вера Бортнік, старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц, ветэраны камсамольскага руху Тамара Барысюк і Вера Шэвелева, галоўны спецыяліст аддзеда адукацыі Іна Тарасевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Аляксандр Апекуноў і лідары моладзевага руху. Яны дапамаглі дзецям павязаць гальштукі і уручылі моладзі галоўныя атрыбуты грамадскага аб’яднання —– білеты і значкі БРСМ.
Вера Анатольеўна Шэвелева, ветэран камсамольскага руху, звяртаючыся да піянераў і моладзі, пажадала ўсім шанаваць сяброўства, вернасць, адданасць. Ад імя ветэранаў Жабінкаўшчыны перад школьнікамі выступіў  Васіль Міхайлавіч Шышчыц, які нагадаў дзецям аб вялікім кошце, які давялося заплаціць за Перамогу над фашызмам. Памяць аб тых, хто не вярнуўся з Вялікай Айчынай вайны, была ўшанавана хвілінай маўчання.
Ад імя школьнікаў выступіла вучаніца Ленінскай школы Ніна Сцепанюк. З гонарам слухалі ўсе дзяўчынку, словы якой яшчэ раз пацвердзілі, што будучыня за актыўнай моладдзю:
— У кожнага з нас ёсць свае мэты, жаданні і мары. І кожны можа быць пачуты. Уступаючы ў шэрагі грамадскага аб’яднання, мы бярэм адказнасць за сваю Радзіму за свой народ.
Напрыканцы святочнай праграмы пазітывам зарадзіла выступленне агітбрыгады “Вперёд!” Жабінкаўскай СШ № 3. Гэты калектыў не раз адзначалі аднымі з лепшых на абласных і рэспубліканскіх аглядах. Вялікі дзякуй хочацца сказаць Веры Уладзіміраўне Бортнік за падтрымку актывістаў і лідараў піянерскага руху. Прыемна, што раённая ўлада сочыць за развіццём дзіцячай арганізацыі ў раёне. Тое, што дзеці атрымалі грамату ад адзела па справах моладзі яшчэ раз гэта пацвярджае.
Пасля патрыятычнага фільма “Дзець Брэсцкай крэпасць” школьнікі ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам.
Настасся Ізотава, старшыня раённай піянерскай арганізацыі.
На здымку: піянеры ўскладаюць кветкі да помніка загінулым воінам.
Фота Дар’і Падалінскай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top