З Польшчы прыехалі лаўрэатамі

У пачатку студзеня ў польскім горадзе Жывец адбыўся 22-і Міжнародны фестываль творчасці “Калейдаскоп талентаў. Зіма-2020”. У ім прынялі ўдзел і жабінкаўскія танцавальныя калектывы “Непаседы” і “Stardas” (кіраўнік абодвух Ірына Паўлава). Так, “Непаседы” выступілі з нумарамі “Вясёлы аркестр” і “На стылі”, “Stardas” — з “Дэжавю” і “Dream night”. У выніку калектывы адзначаны дыпломамі лаўрэатаў
ІІ ступені ў намінацыі “Эстрадны танец” (кожны ў сваёй узроставай катэгорыі). Пісьмом падзякі ад аргкамітэта фестывалю ўзнагароджана і іх кіраўнік.
У мерапрыемстве акрамя краіны-гаспадыні і Беларусі прынялі ўдзел Расія, Украіна, Ізраіль. Нашу рэспубліку прадставілі не толькі жабінкаўскія юныя артысты, але й са сталіцы, а таксама з Маладзечна і Мазыра. Для ўдзельнікаў фестывалю была арганізавана багатая культурная праграма, якая дазволіла бліжэй пазнаёміцца з мясцовымі звычаямі і традыцыямі.
Да слова, “Калейдаскоп талентаў” ладзіцца ў кожную пару года. Летам у ім прымала ўдзел наша Надзея Чэчалева. Яе выступленні ўразілі журы: на Радзіму дзяўчына вярнулася з двума дыпломамі лаўрэата І ступені.

У Брэст па новыя ўражанні

Вучні другой гарадской школы з класнымі кіраўнікамі Жаннай Наўцэвіч, Наталляй Казак і Святланай Верамяюк пабывалі ў Брэсце ў Цэнтры прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю пры абласным упраўленні МНС і музеі пажарнай службы, у якім сабрана больш за дзвесце экспанатаў. Тут дзяцей чакалі ўрокі бяспекі і экскурсія.
Сімволіка і атрыбутыка пажарных, копіі гістарычных дакументаў розных гадоў, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці і абласным краязнаўчым музеі, прадметы баявога адзення пажарных, сродкі аховы і пажаратушэння розных гадоў — у музеі спляліся гісторыя і сучаснасць пажарнай службы Брэстчыны. Самы масіўны экспанат — абсталяваны ручной помпай, бочкай для вады і нават пажарнымі рукавамі воз. Адзін з самых каштоўных — часопіс “Пажарны” 1895 года са спецрэпартажам пра вялікае ўзгаранне ў Брэсце, якое прывяло да трагічных наступстваў — “брэсцкай катастрофы”.
Пры дапамозе дым-машыны адбылася вучэбная эвакуацыя дзяцей з залы. У завяршэнне экскурсіі хлопчыкі і дзяўчынкі прайшлі тэст на сэнсарных інфармацыйных тэрміналах, праверылі, наколькі добра засвоілі правілы бяспекі.

Лепшыя валейбалісты

З ініцыятывы першай школы на яе базе прайшоў турнір па валейболе сярод каманд навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Жабінкі. У ім прынялі ўдзел старэйшыя класы гарадскіх школ і ліцэя. У першы дзень спаборнічалі юнакі, і вынікі размеркаваліся наступным чынам. Перамогу святкавала СШ № 3, гаспадыня турніру апынулася на другім месцы, а ліцэй завяршыў тройку лідараў. На наступны дзень сапернічалі дзяўчаты: другая школа заваявала першае месца, за імі — ліцэй, СШ № 1 — на трэцім. Граматы і дыпломы ўдзельнікам спаборніцтваў прадаставіў РК ГА “БРСМ”.

Снегу няма, а снайпер ёсць!

Зіма не радуе снегам, але гэта не нагода, каб не праводзіць “Снежны снайпер”! Традыцыйнае спаборніцтва прайшло ў аграгарадку Ленінскі. Паміж сабой сапернічалі восем каманд. Гэта юныя спартсмены з трох гарадскіх школ, а яшчэ з Ленінскай, Ракітніцкай, Крыўлянскай, Якаўчыцкай і Маціевіцкай. Ва ўпартай барацьбе вызначыліся лідары. СШ № 3 апынулася на трэцім месцы, Ракітніцкая школа — на другім. Перамагла ў “Снежным снайперы” каманда першай адзінаццацігодкі.

Бяда праз дымаход

14 студзеня супрацоўнікі РАНС выязджалі па выкліку ў Жабінцы. Бяда трапіла ў хату праз дымаход, таму што гаспадары своечасова не пачысцілі яго ад сажы. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Выратавальнікі заўважылі: падчас ацяпляльнага перыяду колькасць такіх выпадкаў павялічваецца. Каб пазбегнуць іх, трэба загадзя рыхтаваць пячное ацяпленне: штогод прачышчаць дымаход, закрываць трэшчыны, бяліць. Абавязкова з адказнасцю падыходзіць да выканання правілаў пажарнай бяспекі пры кожным выкарыстанні печы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top