Сямітысячная планка ўзята

Сямітысячная планка ўзята

Ранішняя дойка на ферме “Рудка” ААТ “Хмелева” падыходзіла да завяршэння, калі намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Яўгенія Вайтовіч прынесла даяркам прыемную вестку:
— Віншую вас, дзяўчаты, “Рудка” “ўзяла”-такі сямітысячную планку. Калі дакладна — за 2019 год надаілі 7069 кілаграмаў малака ад каровы. Спрацавалі з “плюсам” 562. Так трымаць!
— Ой, якая добрая навіна! — аператар машыннага даення Людміла Славінская ад радасці ажно абняла сваю калегу Людмілу Чмуневіч, якая акурат чапляла даільны апарат на вымя чарговай рагулі. — А я нават падлічвала, ці выйдзем мы на сем тысяч. Як цудоўна, што атрымалася-такі… Спадзяюся, мы “Падлессю” па надоі не саступілі?
— Ну, рупліўцы “Падлесся” таксама малайцы, аднак вы на 15 кілаграмаў перагналі.
— Нічога, мы сёлета так “плюсанём”, што не толькі ў роднай гаспадарцы, у раёне будзем лепшыя!
— Падабаецца мне ваш баявы настрой, дзяўчаты. Толькі “рэкорды” ставіць — гэта не языком малоць, шчыра працаваць трэба, — раіць Яўгенія Вайтовіч, якая не хавае гонару за працаўнікоў.

З ранку і да цямна

Скажам, у “Рудцы” людзей, гатовых самааддана рупіцца ад світанку да цямна, нямала. Напрыклад, тая ж Людміла Славінская на дойку прыбяжыць адна з першых. Некалі яе матуля кароў даіла, а потым і дачка перахапіла эстафету: яшчэ паўналецце не адзначыла, а ўжо сваю групу рагуль мела. І цяпер яна з шасці раніцы спрытна ўвіхаецца ў даільнай яме, ведае характар кожнай падапечнай. Каб малако ад хворай жывёліны не трапіла ў агульны “кацёл”, пільна сочыць за станам вымені рагуль, — тады малака “экстра” не пабачыць. Яе каляжанцы Людміле Чмуневіч таксама спрыту не займаць. Яно і зразумела: не будзеш сядзець склаўшы рукі, калі амаль 700 рагуль у чарзе на дойку стаяць… (У “Дзяменічах” іх 448, у “Падлессі” — 358. Усяго ж у гаспадарцы налічваецца 4904 жывёліны, з якіх 1503 — дойныя. Дарэчы, “малочную каманду” летась папоўнілі 150 пярэстых). Як трэба дзяўчатам выхадны ўзяць, за справу бярэцца падменная Наталля Макарэвіч. Першацёлак прывучае да даільных станкоў Галіна Саванюк. Каб маладая карова нарэшце папоўніла статак і спакойна, без выбрыкаў, ішла даіцца, трэба вопыт, цярпенне і пяшчота. Ну, а Надзея Міхнюк працуе з рагулямі, што захварэлі і праходзяць курс лячэння.
Яўгенія Фёдараўна расказала, што кожны дзень з гаспадаркі ў перапрацоўку адпраўляецца звыш 26 тон малака. Задаволена яна і прадукцыйнасцю статка: ад кожнай каровы атрымліваюць 19 кілаграмаў карыснага напою, летам, зразумела, гэтая лічба вышэйшая, калі ў меню жывёлы з’яўляюцца сакавітыя кармы.

Асаблівая ўвага

— У цэлым мы павялічылі валавую вытворчасць малака па выніках мінулага года на 126 %, пры гэтым забяспечылі прыбаўку ў 501 кілаграм, — расказвае Яўгенія Вайтовіч. — Гэта стала магчымым дзякуючы некаторым змяненням у вытворчай дысцыпліне. Так, напрыклад, перагледзелі рацыён кармлення: штомесяц на мясцовым заводзе куплялі да 300 тон камбікармоў, таму першая група дойных кароў атрымлівала іх па сем кілаграмаў. Гэтая практыка працягваецца і зараз. У меню статка, акрамя традыцыйных сена, сіласу, сенажу, — абавязковыя бялкова-вітамінныя энергетычныя дабаўкі, шроты. (Дарэчы, давялося адмовіцца ад украінскіх на карысць беларускіх з-за нізкага ўтрымання пратэіну ў замежных аналагах). Дзякуючы своечасовай прафілактычнай рабоце і якаснаму лячэнню, рагулі менш хварэюць, знізілася іх выбыццё з асноўнага статка. У стойлах чыста (двойчы на дзень выдаляецца гной) і суха, бо сцелецца салома. А гэта — таксама прафілактыка мастытаў і хвароб капытоў. Значна змяніўся так званы “сэрвіс-перыяд” у кароў — летась ён склаў 183 дні (а яшчэ два гады таму — 242). Гэта значыць, рагуля пасля ацёлу хутчэй “пакрываецца” і менш часу ходзіць ялавая. Адсюль — і прыбаўка малака.
Асаблівая ўвага надаецца маладняку. Здаровая, паўнавартасная малочная карова не вырасце з хваравітага цяляці. У гаспадарцы гэта разумеюць, таму шмат робіцца яшчэ на стадыі сцельнасці. Нованароджаныя атрымліваюць усе неабходныя вітаміны і дабаўкі для здаровага развіцця. Першыя тры тыдні свайго жыцця малышы знаходзяцца пад пільнай увагай вопытнай цялятніцы (на ферме “Рудка” гэта Таццяна Філатава. Яна штомесяц клапоціцца аб 65-70 маленькіх жыхарах фермы), а потым адпраўляюцца на дарошчванне і адкорм. Прыбаўленні ў вазе маладняку важкія: напрыклад, у цялятніцы Людмілы Андрасюк падапечныя штодня папраўляюцца на 1 кілаграм і 60 грамаў, у Святланы Назарчук — да кілаграма.
— Жывёлагадоўля — гэта “манетны” двор любога сельгаспрадпрыемства, і мы не выключэнне, — лічыць Яўгенія Фёдараўна. — Прыемна, што на дзвюх фермах дасягнулі сямітысячнага рубяжу. Адпачываць на лаўрах нельга — трэба рухацца далей, да новых рэкордаў.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
На здымках: аператары машыннага даення Людміла СЛАВІНСКАЯ, Людміла ЧМУНЕВІЧ і намеснік дырэктара Яўгенія ВАЙТОВІЧ; цялятніцы Святлана НАЗАРЧУК і Людміла АНДРАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top