Фотапрызнанне ў любові роднаму краю

Фотапрызнанне ў любові роднаму краю

Час бяжыць хутка. Адзіны спосаб спыніць яго хоць на імгненне — паспець націснуць на кнопачку фотаапарата, каб адлюстраваць настрой сённяшняга дня.
Што варта таго, каб застацца ў гісторыі? Ды ўсё, што заўгодна, у тым ліку круглая дата. Тая, якую святкуе родны раён. Вось і ўзнікла ў раённым аб’яднанні прафсаюзаў ідэя аб’явіць фотаконкурс да 80-годдзя Жабінкаўшчыны.
Прапаноўвалася паўдзельнічаць у трох намінацыях: “Фотарэпартаж”, “Паштоўка”, “Цікавы кадр”. Пры гэтым здымкі маглі быць зроблены аўтарамі і ў ранейшыя гады, але абавязкова ў межах Жабінкаўскага раёна.
Па шчырасці, арганізатары і не чакалі такога ажыятажу. Ажно 20 аматараў “фотапалявання” разышліся па розных кутках Жабінкаўшчыны шукаць кадры, вартыя перамогі. “Адстраляліся” яны на выдатна, даслаўшы ажно 80 здымкаў да юбілею Жабінкаўскага краю. Былі сярод твораў годныя нават галерэй і прэстыжных выстаў. У такіх варунках журы, якое ўзначальвала Ніна Калыбская, вылучыла не тры лепшыя фота, як планавалася, а цэлых пяць.
Сярод пера-можцаў — адразу дзве работы жабінкаўца Аляксея Ганчука. Яго фота-эцюд у намінацыі “Паштоўка” прысвечаны зімнім краявідам на Мухаўцы, паблізу колішняга Здзітава. Сённяшні студзень выдаўся настолькі не сцюдзёным, што зірнуць на тое, якія бываюць сапраўдныя зімы, для вока, стомленага дажджамі, — сапраўдная асалода. А вось другі здымак Аляксея Іванавіча, наадварот, вельмі летні. На ім — сям’я Манішкаў, удзельнікаў традыцыйнага конкурсу “Уладар сяла”. Фота сапраўды ўтрымлівае шмат цеплыні і пяшчоты. На душы становіцца прыемна ад чалавечых усмешак, сакавітай зеляніны ды смачных страў, вырабленых гаспадыняй.
Калі Ганчукова фотаработа “адпачывальная”, дык журналістка “Сельскай праўды” Святлана Кіслая свой фотарэпартаж прысвяціла нялёгкай працы цукравараў. За тое і адзначана журы.
Непасрэднасцю, гарэзлівасцю і весялосцю парадавалі дзеці на фотакарціне менеджара сельгастэхнікі Ганны Якімовіч. Свой твор аўтарка назвала “І няхай увесь свет пачакае”. Кожны, хто на яго зірне, не-не ды ўздыхне: дзе ж ты, маё дзяцінства, калі дрэвы былі вялікімі, неба блакітным і можна было вось так бегаць-плёскацца ў калюжынах, жыць бесклапотна, у радасці.
Нарэшце, настаўніца першай гарадской школы Алена Філіманюк прапанавала знаёмства з жывым сімвалам нашага горада. Свой твор так і назвала: “Хачу пазнаёміцца”. Жаба быццам зачакалася свайго прынца. Гэтак і наша Жабінка гадоў дзвесце таму была дробнай кропкай на карце, дый прыгажосцю пахваліцца не магла. А цяпер прайдзіцеся па гарадскіх вуліцах, зірніце на ўтульныя дамы, прагуляйцеся па прасторным парку — мабыць, аднойчы хтосьці сапраўды Жабінку пацалаваў…
Анатоль БЕНЗЯРУК

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top