Будзем працаваць на якасць

Будзем працаваць на якасць

У мінулы аўторак у ААТ “Ракітніца” прайшло выязное пасяджэнне райвыканкама. На базе гэтай гаспадаркі прапаноўвалася пазнаёміцца з тэхналогіяй нарыхтоўкі кармоў і рэканструкцыяй малочнатаварнай фермы. Чаму выбрана была менавіта “Ракітніца”? “У каторы ўжо раз збіраемся тут, — патлумачыў старшыня райвыканкама М.В.Токар. — У ракітчан ёсць што паказаць і чаму павучыцца. Тэхнічныя магчымасці дазваляюць нарыхтоўваць якасныя кармы ў вызначаныя тэрміны”.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што без трывалай кармавой базы немагчыма далейшае нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса, і тым самым умацаванне эканомікі гаспадарак. Тым больш, у сельгаспрадпрыемствах раёна шчыльнасць жывёлы 78 галоў на 100 га сельгасугоддзяў, а да канца года чакаецца 80. Без добрых кармоў будзе праблематычна выйсці на плюс у надоях. Цяпер тэмпы росту малочнай прадукцыі — 112 працэнтаў. Раён  займае ў вобласці другое месца па аб’ёмах вытворчасці малака, трэцяе — па надоях.
Што ўлічваць пры нарыхтоўцы кармоў з першага ўкосу? Якія складаемыя найбольш важныя, каб, напрыклад, сянаж быў спажыўным і якасным? На гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць дастатковую і поўную інфармацыю. Нават не зусім дасведчаму ў гэтай галіне чалавеку станавілася ўсё зразумелым. Але на пасяджэнне былі запрошаны кадры каму гэта не ў навіну, ад якіх залежаць, як выказаўся М.В.Токар, “тэхналогіі на полі, ферме”: кіраўнікі гаспадарак, галоўныя інжынеры, заатэхнікі, ветурачы, аграномы, спецыялісты райсельгасхарчу і падведамасных арганізацый.

Першы прыпынак зрабілі на полі, дзе быў сабраны комплекс машын і абсталявання і вялася нарыхтоўка сенажу ў рулоны. Дырэктар ААТ “Ракітніца” Р.У.Гарох расказаў, што сенакосаў у іх 800 гектараў. У апошнія 2-3 гады ў гаспадарцы актыўна закуплялася тэхніка, вось і сёлета набылі другую касілку. Так што ўправіцца з уборкай траў першага ўкосу тут плануюць хутка. Другі год практыкуюць закладку сенажу ў рулоны. Летась такім спосабам было нарыхтавана яго 1030 тон. Кіраўнік гаспадаркі лічыць, што гэтая практыка сябе апраўдвае, яны і надалей будуць закручваць падвяленую траву ў плёнку. Звярнуў увагу і на некаторыя нюансы: абавязкова трэба сачыць за вільготнасцю масы, уносіць кансерванты ў рулоны, не складваць іх пры захоўванні адзін на адзін.
Дарэчы, у “Ракітніцы” закупілі прыборы, каб кантраляваць вільготнасць сенажу. Якасць назапашваемых кармоў правяраюць і спецыялісты, і асабіста дырэктар. Гэтая пытанне першачарговае ў час нарыхтоўкі.
Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу С.Л.Стасевіч падкрэсліў: “Трава падышла да той фазы, калі яна найбольш спажыўная. Важна гэтыя тэрміны не ўпусціць. На два тыдні раней сёлета распачалі касьбу. Задача да 5 чэрвеня завяршыць яе”.
На стрыганецкай ферме паказалі, як закладваецца сянаж у траншэю. Галоўны напамінак: трамбоўка масы — аснова асноў. Без гэтага нельга спадзявацца, што атрымаецца якасны корм.
Тут жа перайшлі да размовы на другую тэму. Старшыня райвыканкама яшчэ раз напомніў, што Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача ў кожнай гаспадарцы пабудаваць ці рэканструяваць па адной малочнатаварнай ферме за ўласныя сродкі. У нашым раёне праграмай урада вызначана 8 такіх ферм і адна дадаткова — у СВК “Вазнясенскі” — рашэннем аблвыканкама. Што зроблена на МТФ у Стрыганцы, так званым гаспадарчым спосабам, убачылі ўдзельнікі выязной нарады. Будаўнікі тут шчыравалі, але да завяршэння работ яшчэ далёка, хоць даільная зала ўжо гатовая. Разлічана ферма на 660 галоў. Усе жывёлагадоўчыя памяшканні будуць адноўлены.
Займацца рэканструкцыяй ферм — жыццёвая неабходнасць. Як адзначыў М.В.Токар, за 2-3 гады на кругласутачнае ўтрыманне будзе пастаўлена ў раёне да 70 працэнтаў жывёлы.
Затым выязное пасяджэнне райвыканкама прадоўжылася ў мясцовым Доме культуры. Былі абмеркаваны пытанні, як сельгасарганізацыі гатовыя да нарыхтоўкі кармоў, як будзе наладжаны кантроль за якасцю ў гэтай важнай кампаніі, вынікі работы жывёлагадоўчай галіны, у чарговы раз вялася размова аб навядзенні парадку на зямлі.
Святлана МІКАЛАЕВА.
На здымках: у час выязнога пасяджэння райвыканкама ў ААТ “Ракітніца”.
Фота Дар’і Падалінскай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top