Слаўныя традыцыі брацтва

Прадстаўнікі нашага маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага разам са сваім кіраўніком Максімам Волкам і сакратаром Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынным цэркваў Жабінкаўскай акругі, протаіерэем Сергіем Петрусевічам адправіліся ў Брэст, каб наведаць музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”. Яго навуковы супрацоўнік пазнаёміла гасцей з экспазіцыяй: прадметамі царкоўнага і свецкага мастацтва, якія былі канфіскаваны работнікамі беларускай мытні пры спробе іх нелегальнай перавозкі за мяжу. Асаблівую цікавасць выклікалі творы стараабрадніцкага і праваслаўнага іканапісу XVII-XIX стагоддзяў, царкоўныя прылады.
Зараз жа па традыцыі маладзёжнае брацтва хрыстаславіць і віншуе жабінкаўцаў са светлым святам Нараджэння Хрыстова. Добрую справу падтрымалі таксама выхаванцы нядзельнай школы і прадстаўніцы сястрынства. З галоўным сімвалам Раства — зоркай, святочнымі спевамі, вершамі і добрымі пажаданнямі яны завітаюць у многія сем’і, дарэчы, жадаючыя прыняць віншаванні маглі загадзя запісацца ў царкоўнай лаўцы пры храме. Сваю місію братчыкі пачалі ў дзень Божага Нараджэння і будуць працягваць усе святыя вечары. Сабраныя ў ходзе гэтага сродкі накіруюць на ўнутраныя работы ў новым храме ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. Сёння ж братчыкі з падарункамі едуць віншаваць са святам маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія пражываюць у сем’ях у Жабінцы.

Калядныя падарункі

Казачныя героі прыйшлі павіншаваць выхаванцаў нашага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з зімовымі святамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі радасна сустрэлі ўсіх персанажаў, паўдзельнічалі ў музычных гульнях і запалілі навагоднюю ялінку.
У той жа дзень у цэнтр завіталі клірык храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы святар Максім Волк і бібліятэкар Цукразаводскай бібліятэкі Надзея Балюк. У рамках дабрачыннай акцыі “Працягні руку дапамогі” ўдзельнікі клуба праваслаўных зносін “Вера і жыццё”, наведвальнікі ўстановы ахвяравалі дзве маркерныя офісныя дошкі, 4 мікрафоны, 3 флэшкі, наборы магнітаў, кінетычны пясок, разнастайныя канцылярскія прылады. Госці перадалі калядныя падарункі цэнтру і павіншавалі яго супрацоўнікаў са святамі.

Наш Павел — чэмпіён!

У інтэрнэце пра ўраджэнца Жабінкі Паўла Кастраміна пішуць як пра аднаго з самых паспяховых беларускіх баксёраў апошніх гадоў. Ён шматразовы чэмпіён Беларусі, бронзавы і сярэбраны прызёр чэмпіянатаў Еўропы ў паўсярэдняй вазе, майстар спорту міжнароднага класа! Паша займаецца боксам з дзесяці гадоў — пачынаў у Жабінцы, і яго першым трэнерам быў бацька. Потым займаўся любімай справай у Брэсце, у 2016-м прадстаўляў Беларусь на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра. Зараз наш таленавіты зямляк ставіць перад сабой мэту заваяваць медаль на Алімпіядзе ў Токіа.

Смачныя кінапрагляды

На базе кінатэатра “Юбілейны” адчыніўся кінабар, дзе прапаноўваюць розную смакату. Ён працуе ў адпаведнасці з графікам кінатэатра. Якраз з другога студзеня ў “Юбілейным” стартаваў новы сезон, і расійская камедыя “Халоп” ужо паспела зрабіць фурор, сабраўшы ў першы дзень амаль усю залу. Цяпер кінапрагляды будуць не толькі цікавымі, але і смачнымі!

Сіла ёсць, а розум?

Гэта пра 20-гадовага жыхара Жабінкі, якім пасля ягонага неразумнага ўчынку зацікавіўся наш РАУС. Увечары кампанія маладых людзей пайшла на адну з АЗС, каб яшчэ мацней “заправіцца”… алкаголем. Канечне, тут жа ёсць магчымасць набыць яго і пасля 23 гадзін! На месцы адзін з хлопцаў локцем разбіў бакавое шкло спачатку ў аўтамабілі “Форд Мандэа”, а пасля і ў “Таёта Карола”. Аператыўнікамі была ўстаноўлена асоба жабінкаўца. За такую “праверку” сваёй “багатырскай” сілы яму давядзецца сур’ёзна адказваць перад законам.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top