У Залуззеўскі сельскі Дом народнай творчасці завіталі педагогі Якаўчыцкай сярэдняй школы, дзе іх сустрэла яго загадчык Людміла Пышынская. Людміла Іванаўна расказала гасцям пра беларускія абрады, якія спрадвеку жылі і на жабінкаўскіх землях. Яна падрабязна спынілася на Ваджэнні Куста, які праводзіўся на Тройцу; на Зажынках і Дажынках, што пачыналі і заканчвалі жніво; на вясельным і калядным абрадах. Фрагмент апошняга наведвальнікі ўбачылі самі. У ім акрамя загадчыка ўстановы і яе работніка Ірыны Сакаловай прынялі ўдзел навучэнцы Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Руслана Салей, Мікалай Андраюк, Аліна Гаўрылюк і Паліна Наканечная (на здымку). Акампанаваў артыстам кіраўнік фальклорнага калектыву “Багуслаўка” Іван Пышынскі. Госці падзякавалі выступоўцам за танцы і спевы, свае ўражанні яны пакінулі таксама ў кнізе водгукаў.
Традыцыйна з абрадам “Каляд-кі” самадзейныя артысты наведваюцца да жыхароў вёскі Залуззе на Раство і Стары Новы год, віншуюць іх са святамі, выступаюць і перад тымі, хто адпачывае ў санаторыях “Буг” і “Надзея”. Не стаў выключэннем і гэты год — іх з нецярпеннем чакаюць і цёпла сустракаюць у кожнай хаце!
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%