Спаборніцтвы з сюрпрызам

У гэтыя святочныя дні ў Жабінкаўскай СДЮШАР ладзілася спартыўнае свята для самых юных плыўцоў (2008-2009 і 2010-2011 года нараджэння).
Акрамя мясцовых жыхароў, у ім прынялі ўдзел іх равеснікі з Кобрына і Бярозы. Нашы трэнеры Людміла Гаўрылюк і Вольга Міхальчук выбралі для спаборніцтваў каля 50 маленькіх плыўцоў. Для большасці з іх гэта былі першыя ў жыцці спаборніцтвы, таму дзецям вельмі патрэбны былі падтрымка і ўвага. Мамы і таты разам з трэнерамі “хварэлі” за юных спартсменаў і радаваліся першым перамогам.
Прыемна, што ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ўзнагароды: медалі, дыпломы, сертыфікаты ўдзельнікаў. А тыя навучэнцы спартшколы, якія паказалі добрыя вынікі, атрымалі ў падарунак шапачкі для плавання.
Пасля спаборніцтваў дзяцей чакаў яшчэ адзін навагодні сюрпрыз — да іх завітаў Дзед Мароз і казачныя героі з салодкімі падарункамі. Яго арганізавалі трэнеры і выхаванцы са старэйшай групы па плаванні Аляксей Анісавец, Павел Панасюк, Раман Іскрыцкі, Кірыл Ігнатчык і Сямён Малашанка.

Паспяхова выступілі на турніры

У горадзе над Бугам прайшоў ІІІ адкрыты навагодні турнір па боксе памяці Аляксандра Марозава. У ім прынялі ўдзел 102 спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, а таксама клубы Рэспублікі Польшча. Сярод удзельнікаў былі і жабінкаўскія баксёры. Так, па выніках спаборніцтваў пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Уладзіслаў Алексяюк і Максім Ткачук. Другое месца заваявалі Павел Струк, Кірыл Макарэвіч, Арцём Калодзіца, Максім Жураўлёў і Арцём Рагажынскі. На трэцім месцы — Уладзіслаў Іваноў. Рыхтавалі баксёраў да турніру трэнеры Юрый Аўчыннікаў, Мікалай Грыгарук, Яўген Градаўляк і Васіль Максіменка.

У Надзеі — дыплом пераможцы

Сярэдняя школа № 33 горада Брэста стала месцам правядзення XII першынства Брэсцкай вобласці па спартыўным арыентаванні ў зале. Ажно 437 спартсменаў з усёй вобласці ва ўзросце ад 6 да 60 гадоў пераадольвалі захапляльныя дыстанцыі, падчас праходжання якіх трэба было ўявіць 3D-мадэль усёй школы і на хаду прымаць няпростыя рашэнні на ўсіх трох паверхах і ў дзвюх спартзалах. Пераможцы і прызёры ў сваіх узроставых групах узнагароджваліся дыпломамі, медалямі і прызамі. Сярод іх — прадстаўніца Жабінкаўшчыны, вучаніца другой гарадской школы Надзея Чэчалева, якая вярнулася са спаборніцтваў з дыпломам I ступені.

Дзеці “апранулі” дрэвы

Настаўніца працоўнага навучання другой гарадской школы Іна Булай прапанавала дзяўчаткам, што займаюцца рукадзеллем у школьным гуртку, падняць настрой сабе і жыхарам мікрараёна цукровага завода, дадаўшы ў гарадскі пейзаж крыху яркіх фарбаў. Як? Вельмі проста! Разам стварылі пледы з рознакаляровых вязаных квадрацікаў (у ход пайшлі нават рэчы, якія ўжо насіць не хочацца, а выкінуць на сметнік рука не падымаецца) і “апранулі” дрэвы насупраць школы. Атрымалася незвычайна і крэатыўна. Кожны, хто прахозіць міма, не можа стрымаць ўсмешкі. Гэтую ідэю, думаецца, падтрымаюць іншыя жыхары і “апрануць” суседнія дрэвы ля дарогі. Далучайцеся і вы!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro