І памочнік, і псіхолаг, і сябар

І памочнік, і псіхолаг, і сябар

Для іх характэрныя такія чалавечыя якасці, як міласэрнасць, цярпенне і дабрыня. Кожны дзень яны побач са сваімі падапечнымі — людзьмі пажылога ўзросту, якім дораць увагу і клопат. Для іх яны не толькі памочнікі, але й псіхолагі і надзейная апора. Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца да сацыяльных работнікаў Ірыны Гамола, Людмілы Мароз, Таццяны Парадня і Веры Угляніца. Напрыканцы снежня яны паўдзельнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы сацыяльны работнік — 2019”, што адбыўся ў Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Першы этап конкурсу “Знаўца сваёй справы” праверыў веды ўдзельніц, якія тычыліся сацыяльнага абслугоўвання і аказання медыцынскай дапамогі. Ён уключаў як тэарэтычныя, так і практычныя заданні. З імі жанчыны справіліся на выдатна і паказалі высокі ўзровень сваіх прафесійных уменняў і навыкаў.
У другой частцы конкурсу “Дарагія мае старыя” сацыяльныя работнікі расказалі пра сваіх падапечных і спыніліся больш падрабязна на лёсе аднаго з іх. Так, Людміла Мароз распавяла пра былога старшыню Крыўлянскага сельвыканкама Мікалая Аляксандравіча Мірочніка, дзяцінства якога прыпала на ваеннае ліхалецце, а юнацтва прайшло ў пасляваенныя гады.
Таццяна Парадня прысвяціла свой расказ Веры Ігнатаўне Малецкай са Сцяпанак. Жанчына выгадавала траіх дзяцей, дзве дачкі сталі медыкамі, а вось сын абраў прафесію ваеннага. Выконваючы інтэрнацыянальны доўг, ён загінуў у Афганістане. Свой аповед Таццяна дапоўніла ўласным вершам, прысвечаным афганскай вайне.
Пра сям’ю Уладзіміра Васільевіча і Таццяны Васільеўны Сакайдановічаў са Старога Сяла, што пражылі ў шлюбе больш за 60 гадоў, гаварыла Ірына Гамола і прызналася: шмат чаму навучылася ў гэтай пары, якая можа служыць для іншых прыкладам кахання і даверлівых шчырых ўзаемаадносінаў. На жаль, летась Уладзіміра Васільевіча не стала, яму было 90.
Вера Угляніца захапіла журы і прысутных расказам пра былога намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Якаўчыцкай сярэдняй школы Таісію Мікалаеўну Пратасевіч: спынілася на гісторыі знаёмства з мужам, яе працоўнай дзейнасці, выхаванні навучэнцаў і ўласных сыноў, якія выраслі годнымі людзьмі і сталі ваеннымі.
Творча і неардынарна ўдзельніцы конкурсу падышлі да выпрабавання “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”: расказалі пра сябе і свае захапленні, пачаставалі стравамі, якія прыгатавалі.
Так, Людміла Мароз падрыхтавала відэапрэзентацыю пра сваю работу. Расказ яна аздобіла ўласнымі песнямі на матыў усім вядомых “Стаю на паўстаначку” і “Надзея”, якія прысвяціла прафесіі і тэрытарыяльнаму цэнтру. Яна — заўзяты грыбнік, таму і не дзіва, што на конкурс прывезла нарыхтоўкі з дароў лесу.
Цікава было даведацца, што ў сям’і Веры Угляніца, дзе выхоўваюцца трое дзетак, усе разам любяць складваць карціны з пазлаў. Сама жанчына ў вольны час стварае вырабы з газетных трубачак. На конкурс, акрамя торта, яна прывезла іншую хатнюю смакату: каўбаску, сала і віно.
У Ірыны Гамола таксама трое дзяцей. Яна любіць гатаваць і выконваць кулінарныя пажаданні родных. Спецыяльна на конкурс жанчына зрабіла сочнікі і пячэнне.
Багатая на дзетак і Таццяна Парадня — іх у яе сямёра. Кожны дзень яны частуюцца свежым цёпленькім сырадоем: у гаспадарцы маюцца дзве рагулі. Жанчына марыць займець кароўку такой пароды, якая была б невялікая па памерах, але давала б багата малака. З яго Таццяна і спякла заварное пячэнне са згушчонкаю.
Конкурс ёсць конкурс, таму па яго выніках быў названы пераможца — сацыяльны работнік з Крыўлян Людміла Мароз, якая рупіцца на гэтай адказнай рабоце з 2013 года. Жанчына сумяшчае яе з працай паштальёна. Загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Наталля Адзінец і яго інспектар Алена Бойка характарызуюць Людмілу як стараннага і добрасумленнага работніка, які адказна ставіцца да сваіх абавязкаў.
Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі дыпломы і магазінныя сертыфікаты, а пераможца яшчэ і прыгожую вазу, зробленую наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.
У перапынках паміж выпрабаваннямі гучалі песні, прыпеўкі і байкі ў выкананні народнага хору ветэранаў “Тонус”, якія падымалі настрой прысутным і падбадзёрвалі ўдзельніц конкурсу.
Алёна НІКАНЧУК
На здымку: удзельніцы конкурсу “Лепшы сацыяльны работнік — 2019” з загадчыкам аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Наталляй АДЗІНЕЦ
і інспектарам Аленай БОЙКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top