Пуцёўкі ў армейскі “круіз”

Пуцёўкі ў армейскі “круіз”

Каб стаць сапраўдным мужчынам, недастаткова пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына. Патрэбна яшчэ й у армейскае жыццё “прайсці”. Аднак пуцёўку ў армію атрымаць можа зусім не кожны. Трэба быць здаровым і галоўнае — жадаць служыць сваёй Радзіме, у якой нарадзіўся і вырас, дзе прайшло шчаслівае бесклапотнае дзяцінства. Жаданне абараняць свой дом, сваю сям’ю, каб кожную ноч радныя бачылі салодкія сны, а не кашмары пра вайну. Аднак гэтая пуцёўка каштуе нямала матуліных слёз. Слёз-радасці ад таго, што вырас ўжо яе абаронца, і слёз-суму, бо чакаюць яе цяжкія гадзіны расстання…

Да пачатку цырымоніі ўрачыстых праводзін прызыўнікоў у шэрагі Узброеных Сіл Беларусі застаецца 10 хвілін. Пачынаюць “падцягвацца” маладыя людзі, іх бацькі, сябры. Твары сумныя, твары задуменныя, твары шчаслівыя –— усе яны збіраюцца ля помніка загінулым воінам і партызанам, дзе іх чакае мноства цёплых слоў ў дарогу. Дарэчы, упершыню ў Жабінцы праводзіны прызыўнікоў перамясціліся з Дома культуры ў месца, дзе пахаваны мужныя і адданыя сваёй Радзіме людзі.  Падтрымаць будучых байцоў прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, в.а. ваеннага камісара раёна Вадзім Бабінец, начальнік аддзела па справах моладзі Вера Бортнік, святар Сергій Петрусевіч і старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц. Вядучая аб’яўляе мерапрыемства адкрытым. Адзін за адным шаноўныя госці жадаюць маладым байцам быць цярплівымі, моцнымі, мудрымі і адданымі сваёй Айчыне. Не раз было падкрэслена,што армія — гэта школа мужнасці, магчымасць выпрабаваць сябе, вырасці духоўна і фізічна.
— Служба —– гэта нялёгкая праца. Ваша жыццё, звычкі, быт –— усё стане іншым, — гаварыў навабранцам Васіль Міхайлавіч Шышчыц. —– Вам выпала адказная місія — несці вайсковую службу, таму вы павінны старанна выконваць загады камандзіраў.
Усяго ў лютаўска-майскі прызыў 42 юнакі адправяцца служыць ў розныя вайсковыя часці нашай краіны. Адзін хлопец будзе несці службу ў спецназе, астатнія размеркаваны ў пагранічныя, унутраныя і зенітна-ракетныя войскі Брэсцкай вобласці.


Пад гучныя апладысменты кожны прызыўнік атрымлівае позву. Што робіцца на душы ў кожнага з іх у гэты адказны момант мы можам толькі здагадвацца! А нам застаецца пажадаць поспехаў байцам і цярплівасці блізкім.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top