У чаканні цуда

У чаканні цуда

Напярэдадні чароўных зімовых святаў спыталася ў дарослых і малых, чаго яны чакаюць ад новага года і што папрасілі ў Дзядулі Мароза, пра мары-надзеі на год на дваццаты, які абяцае быць шчодрым, багатым.

Ганна МЯСНІКОВА:
— 2019-ы быў вельмі насычаным, цікавым і стаў для мяне годам перамен: дагэтуль працавала ў Столінскім раёне, а сёлета ўладкавалася ў трэцюю гарадскую школу Жабінкі бліжэй да роднага дома. Адпачыла на моры ў Чарнагорыі, з’ездзіла ў Санкт-Пецярбург — здзейсніла даўнюю мару. Хочацца, каб 2020 год быў не менш яркім, шчодрым на падзеі, каб ажыццявіліся планы, якія я намеціла. Каб высакосны год нічога не забіраў, што дорага сэрцу, а толькі памнажаў і паляпшаў!
Міхаіл КІВЕЛЬ:
— Новы год — гэта заўсёды надзея на лепшае, гэта мары пра шчасце, чаканне, што надыходзячы год дакладна будзе лепшы за папярэдні, а ўсе расчараванні, беды і няшчасці застануцца ў мінулым. Безумоўна, чакаем нечага новага і незвычайнага, верым у цуд. У якасці падарунка хацелася б снегу, лёду і зімовай рыбалкі.
Максім і Дар’я ПЯСЕЦКІЯ:
— Нягледзячы на тое, што 2020 год высакосны, мы спадзяемся, што ён будзе харошым, пазітыўным, нашы родныя і блізкія будуць здаровыя. Галоўнае — здароўе, астатняе залежыць ад нас: мы маладыя, поўныя сіл, мрояў, жаданняў… Хай усё будзе добра! З надыходзячым усіх!
Аляксандр і Анастасія:
— Мы чакаем ад новага года, каб павысіліся зарплаты і пенсіі, каб усе былі шчаслівыя, часцей усміхаліся (а то нашы людзі нейкія хмурыя, заклапочаныя). Каб надвор’е радавала і адпавядала сезонам. Хацелася б куды-небудзь з’ездзіць пападарожнічаць, паглядзець свет. Краін і гарадоў шмат, як і нашых жаданняў, будзем намагацца іх ажыццявіць!
Косця КІСЛЯК:
— Я напісаў Дзядулю Марозу ў лісце, каб ён прынёс многа снегу і канструктар “Лега” з ваеннай базай, танкамі і салдацікамі. У наступным годзе мне споўніцца шэсць гадоў і я пайду ў школу. Таму чакаю новых знаёмстваў, новых сяброў, цікавых урокаў і розных гурткоў.
Надзея ДЗМІТРУК з дочкамі Веранікай і Евай:
— Чаго мы чакаем ад надыходзячага года? Новых дасягненняў, ажыццяўлення жаданняў, а галоўнае, каб усе родныя былі здаровыя. Я, напрыклад, вельмі хацела б, каб скон-чыўся рамонт у нашай новай кватэры і мы пераехалі б туды з той, якую знімаем. А дачушкі заказалі Дзядулю Марозу дзве лялькі Лол, расфарбоўкі, альбомы для малявання. Яны вельмі чакаюць навагоднія святы, якія заўсёды на дзівосы багаты!
Як праслухала ўсіх, дожджык знік і вецер сціх, і ў галаве адразу аб’ядналіся адказы ў такія пажаданні, мары, мроі, спадзяванні: “Давайце закажам новаму году марозную, снежную цуда-пагоду, папросім мы мех велізарны здароўя, у ладзе і згодзе жыць ды ў любові, мець добры заробак і годную працу, шчаслівымі быць і часцей усміхацца”.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top