Як зрабіць святы бяспечнымі?

З такім пытаннем у дзіцячае аддзяленне нашай райбальніцы завіталі супрацоўнікі РАНС. Сустрэча прай-
шла ў рамках фінальнага этапу акцыі “Бяспечны Новы год!”. Работнікі правялі прафілактычную размову з бацькамі аб недапушчальнасці пакідання дзяцей адных, нагадалі правілы пажарнай бяспекі падчас зімовых святаў і правілы карыстання піратэхнічнымі вырабамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў пазнавальных віктарынах і конкурсах. У гульнёвай форме дзеці паўтарылі правілы бяспечных паводзін у зімовы перыяд.

Прафесія — жыцці ратаваць!

Кажуць, у зімовыя святы здзяйсняюцца жаданні. У аддзеле па надзвычайных сітуацыях запэўнілі: мару стаць выратавальнікам і дапамагаць людзям дакладна можна ажыццявіць. У РАНС чакаюць смелых і адказных на пасады пажарнага і вадзіцеля пажарнага аўтамабіля. Патрабаванні простыя: быць грамадзянінам РБ ва ўзросце ад 18 да 28 гадоў, адпавядаць па стане здароўя, не мець кампраметуючых матэрыялаў, а для вадзіцеля спатрэбяцца правы катэгорый “В” і “С”, стаж ваджэння. Поўны сацыяльны пакет, дастойны заробак, забеспячэнне абмундзіраваннем, вялікі водпуск ды іншыя бонусы для супрацоўнікаў, а яшчэ, магчымасць кар’ернага росту і працоўныя будні ў дружным калектыве, у якім з гонарам заўважаюць: выратавальнік — не проста праца, а прызванне!

Дзяцей вабіць лёд…

Супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС заўжды на крок наперадзе! Зіма падобная на восень, але мы ўсё ж такі спадзяемся адчуць яе марозны подых. А разам з ім, нагадваюць работнікі аддзела, набліжаецца і вялікая праблема — дзеці выходзяць на нетрывалы лёд і трапляюць у бяду! У гэтым месяцы яна здарылася ў Баранавічах. Двое хлопчыкаў і дзяўчынка 6-8 гадоў вырашылі пакоўзацца на першым лёдзе, што з’явіўся на Свяцілаўскім возеры. Канечне ж, ён праваліўся пад нагамі дзяцей, і тыя апынуліся ў халоднай вадзе. Добра, што гэта ўбачыў жыхар горада Ягор Вашчылка і адразу кінуўся ратаваць малых. Супрацоўнікі нашага РАНС яшчэ раз нагадваюць бацькам, каб тыя загадзя растлумачылі сваім дзецям, што выходзіць самім на лёд — небяспечна. Выратавальнікі заўжды прыйдуць на дапамогу, але лепш, каб у гэтым не было неабходнасці.

…і гарышча!

А вось на днях такая неабходнасць усё ж такі з’явілася. Група жабінкаўскіх падлеткаў вырашыла прагуляцца і апынулася… у нежылым доме, што знаходзіцца ў завулку Мірным. Адзін хлопчык не змог самастойна злезці з гарышча, пачаў клікаць на дапамогу. Прахожы патэлефанаваў у РАНС. Здымалі гора-“скалалаза” супрацоўнікі аддзела Андрэй Крывянец і Эдуард Лінік. З падлеткам не здарылася бяды, але гэты выпадак яшчэ адна нагода для таго, каб бацькі задумаліся і ўдзялялі больш увагі сваім дзецям.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top