Ялінка-весялінка прыйшла ў інтэрнат

А разам з ёю і чаканыя Дзед Мароз са Снягуркай ды шаноўныя госці — усе з падарункамі, шчырымі пажаданнямі шчасця і здароўя ў новым 2020 годзе.
Штогод і бацькоў, і гасцей сваімі багатымі талентамі радуюць юныя выхаванцы школы-інтэрната, ствараючы ўзнёслы навагодні настрой. Сёлета яны паказалі яркі спектакль, што прымушаў не шкадаваць далоняў, ад душы весяліцца, смяяцца, забаўляцца. Вялі прадстаўленне самі дзеці — Данік Грыцук і Віка Нарчанка.
Хоць на дварэ замест чаканага снегу імжэў дождж-драбніца, у зале панавала зімовая казка. Снежная Каралева (у выкананні Каці Цупы) з дапамогаю шайкі піратаў, узначаленай Атаманам (Васем Родкіным), спрабавала нашкодзіць Дзядулю Марозу. Толькі, зразумела, усе іх намаганні застудзіць, наваражыць, свята пабурыць былі дарэмнымі. Сапраўднае зачараванне ахапіла залу, калі закружыліся ў зімовым танцы дзяўчынкі-сняжынкі. Выдатны настрой яшчэ больш узнялі карагоды вакол лясной прыгажуні, якая ззяла шматколернымі агеньчыкамі. Запомніўся сваёй ігрой Глеб Сейтумераў, якому даверылі адразу дзве ролі: Цыгана і Пацука — сімвала года, што хутка завітае да кожнага з нас. Як заўсёды, кранальна гучала песня ў выкананні Веранікі Анташок.
Надышоў час, калі казачныя героі саступілі месца ганаровым гасцям. Яны, вядома, завіталі не з пустымі рукамі. Прыемна, што чулыя людзі ахвотна адгукаюцца на запрашэнні. Прычым, сваімі шчодрымі падарункамі могуць паспрачацца нават з самім Дзедам Марозам! Кожны знаходзіў цёплыя словы ў адрас маленькіх выхаванцаў. За тое ганаровыя госці атрымалі з рук дырэктара школы-інтэрната Аляксандра Кавальчука падзячныя адрасы і сувеніры.
Першым свае віншаванні прамовіў старшыня райвыканкама Віталь Кулак. Віталь Уладзіміравіч падзякаваў “за казку, у якой мы ўсе апынуліся”, і пажадаў, каб мары кожнага збыліся. З задавальненнем кіраўнік раёна перадаў школе падарунак, пра які крышку раней Атаман загадаў загадку: “Самы значны, неабходны госць на Новы год у сям’і. Забаўляе, як умее, і не просіць “Аліўе”. Адказ цяпер можна пабачыць у школе-інтэрнаце. Падораны выканаўчым камітэтам тэлевізар будзе радаваць юных выхаванцаў.
З асаблівай цеплынёй віталі тут даўніх сяброў, якія прадстаўлялі Камітэт дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці. Непарушнай сувязі ўжо 14 гадоў. Начальнік упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Сяргей Гладышаў, па добрай завядзёнцы, знайшоў для вучняў ласкавыя словы, нават пажартаваў, каб не скардзіліся на Дзядулю Мароза, калі ён забу-
дзецца выканаць нейкія пажаданні: “Ён жа ўжо старэнькі!” А вось арганізацыя, якую ўзначальвае Сяргей Сяргеевіч, пра свае абяцанні заўсёды памятае. Вось і зараз прывезла кожнаму выхаванцу навагоднія саладосці. У адказ дырэктар школы падзякаваў за клопат і павіншаваў супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі з іх прафесійным святам, якое яны адзначалі 20 снежня.
Сёлета інтэрнат займеў яшчэ аднаго сябра — дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне па паліве і газіфікацыі. На школьнае свята прыехаў намеснік генеральнага дырэктара гэтай арганізацыі Уладзімір Аташкевіч, каб выканаць пачэсную місію: уручыць сертыфікат на ноўтбук ды салодкія падарункі.
…Дабро ў гарэзлівай навагодняй казцы зноў перамагло зло, свята прыйшло, і кожнае дзіця атрымала шчодрыя пачастункі ды выдатны настрой. Вядома, цукерак (колькі іх не пакладзі) надоўга не хопіць. А вось настрой павінен цэлы год заставацца вясёлым, узнятым, на радасць багатым!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.