Даўжнікі з “кітайскага” дома

Пару гадоў таму ў Жабінцы сіламі кітайскіх інвестараў пабудаваны сацыяльны шматкватэрны дом на вуліцы Маладзёжнай. Вядома, гэта вялікая дапамога для малазабяспечаных сем’яў ды грамадзян, што не могуць самастойна пабудавацца або набыць жытло. Толькі вось гэты дом, празваны ў народзе “кітайскім”, апошнім часам стаў галаўным болем для праваахоўнікаў, у тым ліку аддзела прымусовага выканання. Паколькі большасць жыльцоў маюць запазычанасць як перад дзяржавай, так і перад іншымі спагнальнікамі. Нядаўна галоўнаму судоваму выканаўцу давялося пабываць у адной з такіх сем’яў. Грамадзянка М. пераехала з суседняга раёна. Пазык пакуль няшмат, але і іх яна адмаўляецца выплачваць, быццам шчытом, адгароджваецца малым дзіцём, якое выхоўвае. А даўгі, між тым, растуць хутчэй, чым грыбы ў лесе. Больш за тое, разам з М. жыве сужыцель, пастаўлены на ўлік у крымінальнай інспекцыі. Той пазык мае яшчэ больш. Якім чынам яны збіраюцца пагасіць свае даўгі, калі не працуюць, ніякага прыбытку не маюць — вялікае пытанне…

“Лайку” не да лайкаў

Ёсць у раёне таварыства з абмежаванай адказнасцю “Лайк”. Калісь фірма вырабляла вокны, ды апошнім часам справы пайшлі дрэнна, давялося асноўную дзейнасць спыніць. “Лайк” займаецца толькі тым, што здае памяшканне ў арэнду. Аднак і гэта не надта падтрымлівае фірму. Запазычанасці імкліва цягнуць на дно. Судовыя выканаўцы ўжо арыштавалі і, апісаўшы, выставілі на продаж вось ужо трэці будынак, але пакупнікоў пакуль не знайшлося. Бо “Лайку” належыць цэльны комплекс, размешчаны паблізу вёскі Падлессе, і вылучыць асобныя будынкі немагчыма. Справа рухаецца, ды надта марудна.

Абавязаныя вярнуліся

Летась мо трэцяя частка ўсіх абавязаных асобаў у раёне “пазнаёмілася” з умовамі лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Амаль год мінуў, калі без іх больш-менш спакойна жылося ў сем’ях ды ўвогуле ў грамадстве. Толькі вось цяпер яны вярнуліся дамоў. Гэта дадало клопату сацыяльным і праваахоўным службам: даводзіцца працаўладкоўваць, кантраляваць, каб не было прагулаў, спаганяць даўгі, якіх хапае. Найперш завінаваціліся названыя асобы перад дзяржавай, якая ўзяла на сябе выхаванне і адукацыю іх дзяцей у яслях-садах, школах, вышэйшых навучальных установах. Цяпер застаецца толькі гадаць, якой дарогай пойдуць абавязаныя асобы: ці стануць на шлях выпраўлення (у чым ёсць вялікія сумненні), ці зноў патрапяць у ЛПП або нават за краты.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела АПВ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top