Форум вясковай моладзі

Вясковыя хлопцы і дзяўчаты адправіліся на Маларытчыну, каб паўдзельнічаць у абласным форуме. Былі прадстаўнікі з усіх куткоў Брэстчыны! У нашу дэлегацыю ўвайшлі маладыя работнікі ААТ “Ракітніца”: бухгалтар Таццяна Мельнічук і ветэрынарны фельчар Вольга Фурніка ды педагог-арганізатар Ленінскай школы Вераніка Кукса. Узначаліў групу першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын. У першы дзень у фармаце адкрытага дыялогу ўдзельнікі форуму абмеркавалі з прадстаўнікамі ўлады хвалюючыя пытанні, ужывую пазнаёміліся з рознымі арганізацыямі і прадпрыемствамі Маларыцкага раёна. Увечары ўсіх чакала танцавальная праграма ў рэстаране горада. На наступны дзень моладзь пабывала ў сучасным аграгарадку Лукава. Пасля цікавай экскурсіі быў арганізаваны абед, падчас якога хлопцы і дзяўчаты падзяліліся ўражаннямі ад форуму вясковай моладзі.

“Кірмаш цудаў”

Па традыцыі напярэдадні зімовых святаў у Брэсце праходзіць дабрачынны кірмаш вырабаў ручной работы. Ён дорыць магчымасць набыць арыгінальныя рэчы і зарадзіцца святочным настроем, а яшчэ паверыць у цуд. Атрыманыя сродкі майстры перадаюць на лячэнне пэўных дзетак. У “Кірмашы цудаў” паўдзельнічалі таксама нашы таленавітыя зямлячкі Вольга Данілюк і Ірына Коваль. У Вольгі пераважалі разнастайныя рэчы з тэкстылю, якія можна падарыць або ўпрыгожыць імі сваю навагоднюю ёлачку, а Ірына падрыхтавала незвычайныя вырабы з саломкі.

“The bible says…”

На традыцыйнай суботняй сустрэчы наша маладзёжнае брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага паспрабавала свае сілы ў інтэлектуальнай гульні. Яго кіраўнік святар Максім Волк падрыхтаваў для маладых людзей сваю гульню “The bible says…”. Яны падзяліліся на тры каманды і стараліся адолець усе духоўныя заданні: шукалі адказы на пытанні, якія “хаваліся” ў раздзелах Святога Пісання. Лепш за астатніх з гэтым справілася каманда “Перамога”, куды ўваходзілі Ганна Андрасюк, Марына Пятручык, Кацярына Максімчук, Валерыя Гацкевіч, Кацярына Кафанава, Яна Амелянчук. Як бачыце, назва не стала выпадковай!

Сярэбраная перамога і разрад КМС

У сталіцы на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры адбыўся адкрыты рэспубліканскі турнір па рукапашным баі “Кубак БДУФК” — афіцыйны адбор на чэмпіянат Еўропы-2020. Падзея стала значнай і для Жабінкаўшчыны, таму што наш зямляк Ігар Рахно заваяваў на спаборніцтвах “серабро” і дасягнуў разраду КМС! Прызнаўся, што галоўным сапернікам стаў прафесійны баец Уладзіслаў Навіцкі — прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету. Ігар прайграў яму толькі адно ачко — 9:8.

Зніклі з карткі 6500 рублёў

Па дадзеных следства, неўстаноўлены мужчына 20 лістапада патэлефанаваў на мабільны тэлефон 30-гадоваму жыхару Жабінкі і, назваўшыся работнікам банка, паведаміў, што з яго банкаўскай карты ажыццявілі перавод, для адмены якога неабходна паведаміць рэквізіты карты. Пасля прадастаўлення пацярпелым дадзеных з яго рахунку было выкрадзена больш за 6500 рублёў! Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана справа па ч. 3 арт. 212 Крымінальнага кодэкса. Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне злачынцы.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.