А на плошчы — святочны настрой

А на плошчы — святочны настрой

Раённае свята навагодняй ёлкі “Зімовы фэст” падрыхтавала для жабінкаўцаў нямала сюрпрызаў. І тыя, хто не паленаваўся выцягнуць сябе з цёплай кватэры ў суботні выхадны, думаю, не пашкадавалі, што прыйшлі ў гарадскі Дом культуры і на плошчу.

“Міс Беларусь — 2020” па-жабінкаўску

Першыя “раннія птушачкі” яшчэ да 10 гадзін з’явіліся ў фае ГДК, каб не прапусціць адборачны тур Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь — 2020”. Адзначыла, што паглядзець на дзяўчат, іх грацыю і маладосць прыйшлі бабулі з унукамі, і іх аказалася значна болей, чым саміх прэтэндэнтак на тытул. Гледачоў чакала расчараванне: як аказалася, адборачны тур не прадугледжваў хаджэнне па подыуме ў вячэрніх туалетах і купальніках. А жабінкаўцы яўна чакалі шоу! Відаць, іншым разам… Высокая планка для прэтэндэнтак на тытул “Міс Беларусь — 2020”: дзяўчына павінна быць ростам не меней за 174 сантыметраў, не мець пірсінгу, татуіровак, мужа і дзяцей. Патрабаванні да ўзросту таксама жорсткія: прэтэндэнтцы на тытул павінна быць ад 18 да 24 гадоў. На жаль, такія патрабаванні адбору аказаліся сур’ёзным выпрабаваннем для юных прыгажунь, таму кастынг прайшла толькі адна дзяўчына з шасці. Пазнаёмімся?
Вось яна, пераможца раённага тура Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь — 2020” — Ангеліна Назарук. Дзяўчына паспяхова вучыцца на другім курсе Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, атрымлівае прафесію фельчара-акушэра, памочніка ўрача. Марыла вывучыцца на доктара з дзяцінства, і бацькі яе выбар усяляк падтрымлівалі.
Ангеліна расказала, што па характары яна спакойная, разважлівая, вельмі патрабавальная да сябе і іншых. “Бачу мэту — не бачу перашкод” — яе жыццёвае крэда, якое дазваляе дабівацца поспеху ў любой справе. “Мае бацькі з пачатковых класаў не ведаюць, што такое правяраць школьныя хатнія заданні, — усміхаецца Ангеліна. — І вучылася я добра. А калі зразумела, што мне як будучаму медыку спатрэбіцца хімія і біялогія, нават школу змяніла на тую, дзе гэтыя прадметы выкладаліся ў выпускных класах на паглыбленым узроўні. І мая мара збылася: я паступіла туды, куды хацела. Цяпер і малодшага браціка, 11-гадовага Міколку, вучу гэтак жа настойліва ісці да сваёй мэты. Дарэчы, менавіта я дапамагаю яму спраўляцца з хатнімі заданнямі, правяраю, тлумачу незразумелае. Мама і тата заглядваюць у яго дзённік, толькі каб распісацца…
Лічу, што ў жыцці нічога так проста не даецца — усюды трэба прыкласці намаганні і папрацаваць, каб мець жадаемае”.

Анёлік з саломкі, мышка з мішуры

Затым усе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе навагодніх цацак. Напрыклад, педагог Тамара Казлова з РЦТДіМ вучыла рабіць анёлікаў з саломкі, Алена Чыркун з аўтаклуба “Асарці” прапаноўвала сабраць навагодні вяночак з хвойных лапак туі і рознакаляровых стужак. Шмат дзетак было ля майстрыхі Ірыны Балюк — тут “нараджаліся” сімвалы надыходзячага года — мышкі. Побач Мікалай Юроўскіх з раённага гісторыка-краязнаўчага музея выразаў драўляныя цацкі, і дзеці з задавальненнем іх расфарбоўвалі.
Самыя спрытныя хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся дадому з цэлым стосікам падарункаў ручной работы. Напрыклад, Ліда Лысенка змайстравала вяночак, а Ульяна Уласюк паспела сплесці з саломкі анёліка, з мішуры — мышку і размаляваць драўляную ёлачку! Сапраўдныя саламяныя цуды прапаноўвалі набыць па прывабным кошце выхаванцы студыі “Чароўная саломка”, якой кіруе Ірына Коваль. Сямікласнікі Ганна і Яна Шэфнер, Марыя Кожун і Міхаіл Іоська трэці год займаюцца ў студыі і навучыліся ствараць надзвычай прыгожыя вырабы.
— Вось у гэтым анёліку спляліся адначасова карункавая “зубатка”, “ружачка”, “жучкі”, “пацерка” і “лісцікі”, — ахвотна дзеліцца сакрэтамі майстэрства Міхаіл. — На яго выраб спатрэбіцца каля шасці гадзін. А на гэты вяночак і чатырох заняткаў не хопіць… Так, можа, крыху і марудна, затое які вынік! У нас няма праблем з падарункамі сябрам і родным — робім іх сваімі рукамі.
Таксама Міхаіл расказаў, што ўсю выручку за продаж саламяных вырабаў сябры вырашылі накіраваць на дабрачыннасць. Пахвальнае рашэнне!

У Новы год — на батутах

А што прапаноўвалася на “Зімовым фэсце” юным жабін-каўцам? На навагодні квэст “Падарожжа да Дзядулі Мароза” сабралася каля трох дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім давялося сустрэцца з Шапакляк, Снегавіком, Кветкавай Феяй, адгадваць загадкі, рашаць рэбусы, каб нарэшце сабраць з атрыманых літар слова-ключык. І тады да іх прыйшлі Дзед Мароз са Снягуркай. Дзеці песні паспявалі, вершы пачыталі і падарункі атрымалі. А потым пабеглі ў кіназалу мульцікі глядзець.
На вуліцы жабінкаўцам прапаноўвалася катанне на поні і паравозіку, скачкі на батуце. Малыя актыўна “разаралі” бацькоўскія кашалькі на пакупку саладосцяў і сувеніраў.

Ёлачка, заззяй!

А палове шостай, калі на небе пачалі міргаць першыя зоркі, на гарадской плошчы стала надзвычай шматлюдна — усе з нецярпеннем чакалі свята. Нарэшце на імправізаваную сцэну падняліся вядучыя і вакалісты гарадскога Дома культуры, а потым і Дзед Мароз са сваёй памочніцай. Гучалі зімовыя песні, цёплыя і шчырыя пажаданні, да якіх далучыўся і кіраўнік раёна Віталь Кулак. А затым гаспадар навагодніх святаў пастукаў чароўным посахам, і пад дружныя апладысменты гледачоў ялінка на галоўнай плошчы заззяла яркімі агеньчыкамі. Зазіхацелі таксама фігуркі-упрыгажэнні, якія ўстанавілі работнік мясцовай ЖКГ. Дадалі хараства святу фаер-шоу і навагодняя дыскатэка “Фестываль шароў, якія свецяцца”.
— Сёлетняе адкрыццё раённай ёлкі для мяне аказалася шчаслівым, — кажа Вольга Цвыд. — Я выйграла падарунак, які разыгрываўся сярод жабінкаўцаў у інтэрнэце. Вось, на “Фестывалі шароў” яго і атрымаю. Дый фаер-шоу, хоць і не ўпершыню бачыла, мяне ўразіла.
— Нам таксама спадабалася свята, — падхапіла Аксана Мядзведзь. — Дачушка Палінка яшчэ верыць у Дзеда Мароза, таму прыйшлі, каб пабачыць яго выступленне. Зачараваліся майстэрствам дзяўчат і хлопцаў, якія так спрытна ўпраўляліся з агнём. І ёлка статная і прыгожая. Вось толькі для сапраўднага адчування надыходзячага свята снегу не хапае. Мо, у Дзеда Мароза снегакідальная машына сапсавалася?
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top