Пісьмо падзякі да юбілейнай даты

17 снежня, у дзень, калі беларускае кіно адзначала сваё 95-годдзе, у глядзельнай зале жабінкаўскага кінатэатра “Юбілейны” адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай даце. Кіраўнік раёна Віталь Кулак павіншаваў калектыў раённай кінавідэасеткі са святам і ўручыў Пісьмо падзякі райвыканкама за важкі ўклад у прапаганду лепшых стужак беларускага і сусветнага кінематографа сярод жыхароў Жабінкаўскага раёна.
Віталь Уладзіміравіч адзначыў, што кінатэатр “Юбілейны” — цудоўнае месца ў Жабінцы, дзе можна цікава правесці вольны час.
Дырэктар раённай кінавідэасеткі Валерый Зубік, у сваю чаргу, падзякаваў кіраўніцтву раёна за другое жыццё кінатэатра пасля рамонту і абнаўлення. “Зараз у нас дэманструюцца тыя ж фільмы і мультфільмы, што і ў Брэсце, таму няма неабходнасці ехаць у абласны цэнтр, а колькасць гледачоў на выхадных перасягае сотню”, — падкрэсліў Валерый Канстанцінавіч.
Скончылася мерапрыемства праглядам кінафільма.

Яшчэ раз пра бяспеку

У другой гарадской школе штомесяц праводзяцца Дні аховы працы. На апошнім з іх былі падведзены вынікі школьнага этапу раённага конкурсу “Лепшы куток па асновах бяспекі жыццядзейнасці” сярод устаноў адукацыі раёна. Найлепшым чынам іх аформілі педагогі Людміла Мацкевіч, Аксана Сысоева і Наталля Казак.
Намеснік начальніка Жабінкаўскага РАНС Андрэй Харламянкоў сустрэўся з настаўнікамі, каб расказаць пра захаванне мер пажарнай бяспекі і аб тым, што рабіць, калі бяда прыйшла. Яшчэ адзін госць з РАНС Ганна Усцьянчык нагадала, як правільна карыстацца феерверкамі і іншай піратэхнікай. А трэцякласнікі разам з педагогам Аксанай Сысоевай падрыхтавалі і паказалі інсцэніроўку “Кошчын дом”. Вынікам сустрэчы стала ўпрыгажэнне незвычайнай навагодяй ёлкі цацкамі з правіламі паводзінаў на навагодніх святах.

Планы і перспектывы бібліятэк

Адбыўся семінар бібліятэкараў Жабінкаўскай раённай ЦБС па тэме “Работа бібліятэк сістэмы: планы і перспектывы”. На ім былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па стварэнні інфармацыйнага рэсурсу “Вандроўка па родным краі”. Адзначана дзейнасць Ленінскай і Падлескай сельскіх бібліятэк. Удзельнікі семінара акрэслілі юбілейныя і памятныя даты, якія будуць уключаны ў план бібліятэчнай сістэмы раёна на наступны год. Сярод іх юбілей раёна, 75-годдзе Вялікай Перамогі, юбілеі Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, нашай знакамітай зямлячкі Алены Жабінкаўскай. Працягнецца праца бібліятэк у рамках Года малой радзімы. На семінары таксама былі разгледжаны накірункі ўзаемадзеяння з юнымі чытачамі, запланавана інфармацыйна-бібліяграфічная дзейнасць бібліятэчнай сістэмы раёна і работа з кніжным фондам.

У тэлепраекце — школьнік з Жабінкі

Стартаваў чарговы этап сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — шоу “Я ведаю!”. У гэтым тэлепраекце ўдзельнічаюць самыя разумныя, ініцыятыўныя і кемлівыя вучні 5-11 класаў з усёй краіны. У першым туры змагаліся за званне пераможцы 12 юнакоў і дзяўчат з розных куточкаў Беларусі. Прыемна адзначыць, што ўпершыню ў тэлепраекце прыняў удзел і жабінкаўскі вучань — сямікласнік трэцяй гарадской школы Данііл Данілюк.

Сапраўдны падарунак ласунам

Гэта пра фірменны магазін знакамітай кандытарскай фабрыкі “Спартак”, які нядаўна адкрыўся ў Жабінцы. “Салодкая” гандлёвая кропка чакае пакупнікоў у будынку ўнівермага (вул. Кірава, 77) з панядзелка па суботу — з 9.00 да 20.00, а ў нядзелю — з 10.00 да 17.00. Вельмі своечасовае адкрыццё перад любімымі зімовымі святамі! Сапраўдны падарунак ласунам!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top