Без права ўезду ў Беларусь

Без права ўезду ў Беларусь

Любая дзяржава любіць тых, хто дысцыплінаваны, прытрымліваецца літары закона. Гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку і грамадзян, якія прыязджаюць на жыхарства ў краіну.
Яшчэ ў 1995 годзе сям’я расіян пераехала на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і ў Брэсцкім райаддзеле ўнутраных спраў атрымала права на пражыванне ў вёсцы Шумакі. Праз восем гадоў паміж мужам і жонкай пачаліся разлады, яны развяліся.
Пройдзе яшчэ нейкі час. Ніна Г. стане сустракацца з Юрыем М., а ў 2012 годзе яны пажэняцца і Ніна пераедзе жыць у наш раён у аграгарадок Мацеевічы.
У 2018-м жанчыне неабходна было паўторна падаць дакументы, каб прадоўжыць жыць на тэрыторыі Беларусі, але Ніна гэтага не зрабіла. Таму летась яе даставілі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі Брэсцкага РАУС, дзе пад распіску зачыталі пастанову аб высяленні яе ў добраахвотным парадку з нашай краіны. Жанчыну таксама азнаёмілі з крымінальнай адказнасцю ў выпадку парушэння ёю пастановы і паставілі штамп у пашпарце.
Ніна купіла білет да Смаленска, села ў цягнік, праехала некалькі станцый, выйшла і на электрычцы вярнулася ў Мацеевічы, каб жыць далей з Юрыем. За межы нашай дзяржавы яна так і не выехала.
Сёлета ў студзені яе затрымалі супрацоўнікі міліцыі, прывезлі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі Жабінкаўскага РАУС, праверылі дакументы. Стала ясна, што ў Ніны Г. была добраахвотная высылка за межы Рэспублікі Беларусь з забаронай уезду ў краіну тэрмінам на дзесяць гадоў. Жанчыну зноў-такі пад распіску азнаёмілі з пастановай цяпер ужо аб прымусовым высяленні за межы нашай рэспублікі. Ёй растлумачылі , што невыкананне пастановы цягне за сабой крымінальную адказнасць, і ў пашпарце паставілі пячатку.
Ніне набылі білет, і з супрацоўнікам міліцыі яна даехала да Оршы. Тут яе пасадзілі ў цягнік “Орша-Смаленск”, які ішоў да канечнай станцыі без прыпынкаў. Аказаўшыся на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, Ніна паехала ў горад Мыцішчы Маскоўскай вобласці, дзе жыла яе дачка.
За чатыры месяцы ёй зрабілі новы пашпарт, і 12 мая яна з Масквы прыехала ў Баранавічы, а адтуль электрычкай зноў у Мацеевічы. Жанчына ведала, што ёй забаронены ўезд у Беларусь і калі прыедзе, дык яе могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, але, як патлумачыла ў судзе, ёй не было дзе жыць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
У верасні, калі Ніна Г. ехала на веласіпедзе з Кардоў у Мацеевічы, яе запынілі работнікі міліцыі і даставілі ў райаддзел, бо забарона на ўезд у яе не была знята, дый жанчына афіцыйна не прадпрымала ніякіх спроб для гэтага.
Улічваючы акалічнасці справы і асобу вінаватай, суд прыйшоў да высновы, што мэты крымінальнай адказнасці, у тым ліку і папярэджванне здзяйснення новых злачынстваў, магчымы пры знаходжанні абвінавачваемай ва ўмовах строгай ізаляцыі і назначыў пакаранне (артыкул 371-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) у выглядзе арышту на два месяцы.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top