“Белавежская зорка” раскрыла таленты

У горадзе над Бугам у Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў ладзіўся ІІ Міжнародны шматжанравы фестываль “Белавежская зорка”. Актыўны ўдзел у ім прынялі выхаванцы Жабінкаўскай школы-інтэрната, творчасць якіх адзначана заслужанымі ўзнагародамі. Так, у намінацыі “Выяўленчая творчасць” дыплом лаўрэата ІІІ ступені заваявала работа вучня дзясятага класа Паўла Цакоўскага “Што я бачу” (педагог Крысціна Андрасюк). У намінацыі “Інструментальная творчасць (фартэпіяна)” дыпломам лаўрэата ІІІ ступені за п’есу “Тэатр” узнагароджана дзесяцікласніца Сафія Марцішка, дыпломам І ступені за твор “Летні дождж” — вучаніца сёмага класа Вераніка Анташок (педагог Святлана Антановіч). А яшчэ дзяўчаты атрымалі ў падарунак мяккія цацкі. Дарэчы, Вераніка выступіла і ў намінацыі “Эстрадны вакал”. Песня ў яе выкананні “Каханне цябе знойдзе” прынесла дзяўчынцы дыплом лаўрэата ІІІ ступені (педагог Эдуард Пішчык). Настаўнікі таленавітых вучняў адзначаны падзякамі ад арганізатараў фестывалю. Магчымасць паўдзельнічаць у “Белавежскай зорцы” выхаванцы школы-інтэрната атрымалі ад брэсцкага машынабудаўнічага прадпрыемства “КОМПА”, якое прафінансавала іх удзел.

“Ад мінулага — да сучаснага”

Так называлася выстава дзіцячай творчасці ў межах абласнога праекта “Таленты зямлі берасцейскай”. Лепшыя работы, выкананыя ў тэхніцы вышыўкі, тэкстыльнай аплікацыі, ткацтва; традыцыйная беларуская лялька, малюнкі на тэмы беларускай казкі, адправіліся ў абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.
Прыемна адзначыць, што сярод лепшых ёсць і работы, над якімі рупіліся выхаванцы Жабінкаўскага РЦТДіМ — яны адзначаны дыпломамі. Так, у намінацыі “Лямцавалянне” дыплом ІІ ступені атрымалі Таццяна Беразоўская, Юлія Сяркова і Соф’я Лобік, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Аўтарская інтэр’ерная лялька” пад кіраўніцтвам Наталлі Уласюк.
У намінацыі “Традыцыйная лялька” таксама дыпломам ІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны Ліза Чмуневіч, Насця Сацішур, Вольга і Аляксандра Кашалюкі. Яны адточваюць свае ўменні ў аб’яднаннях “Аўтарская інтэр’ерная лялька” і “Артдызайн”. Апошнім кіруе педагог Наталля Сцепанюк.

“Служба дні і ночы”

Каб прыцягнуць увагу да гісторыі і традыцый органаў унутраных спраў, з 5 снежня бягучага года МУС Рэспублікі Беларусь праводзіць конкурс на лепшую фота— і відэаработу пад назвай “У аб’ектыве”. Прыняць удзел у ім могуць усе жадаючыя, каму ўжо ёсць 14 гадоў.
У конкурсе пяць намінацый: “Я б у міліцыю пайшоў” (аўтарскія работы павінны адлюстроўваць жаданне моладзі паступіць на службу ў органы правапарадку), “Гістарычная спадчына” (помнікі, музейныя кампазіцыі з сімволікай МУС), “Міліцыя — дзецям” (работы пра абарону правоў падлеткаў і дзяцей), “Дарожная бяспека” (прафілактыка парушэнняў Правілаў дарожнага руху), “Служба дні і ночы” (пра асаблівасці службы ў міліцыі і ўнутраных войсках).
Работы разам з заяўкамі прымаюцца да 20 лютага 2020 года па адрасе uios@mvd.gov.by. Заяўка афармляецца ў адвольнай форме з дадзенымі пра ўдзельніка (прозвішча, імя, імя па бацьку, паштовы і электронны адрас, тэлефон, кароткае апісанне работы і назва намінацыі).
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца напярэдадні Дня міліцыі.

Выступілі ў складзе зборнай

У Мінску прайшла Рэспубліканская юнацкая ліга бокса, на якой адбылася матчавая сустрэча паміж зборнымі Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. У складзе каманды Брэстчыны выступілі і жабінкаўскія баксёры — Аляксей Піўчык, які стаў пераможцам у сваёй вагавой катэгорыі, і Павел Клімовіч, які, на жаль, прайграў. Па выніках спаборніцтваў з лікам 9:7 перамогу святкавалі магіляўчане.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top