Яно яшчэ павінна нас здзівіць
Год, які вось-вось наступіць, будзе багаты на значныя даты. Ёсць сярод іх і звязаная з кіно: 125 гадоў таму распачаўся адлік эры сінематографа, які дзякуючы братам Люм’ерам аднойчы і назаўсёды ўварваўся ў наша жыццё. Аднак сёння паразважаем не пра тое, як адбылося “Прыбыццё поезда” (гэтак сімвалічна бацькі-заснавальнікі назвалі свой кінадэбют), а пра роднае беларускае кіно, якое сёлета адзначае сваё 95-годдзе.
Зараз большасць нават і не здагадваецца, што вядомыя з дзяцінства “Прыгоды Бураціна” або “Пра Чырвоную Шапачку” створаны на “Беларусьфільме”. Затое без лішняй падказкі многія згадаюць як “найлепшы беларускі фільм” “Белыя Росы”. Што называецца, кіно на ўсе часы.
На жаль, айчыннае кіно амаль не гаворыць па-беларуску. Таму й не дзіўна, што “Прададзены смех” ці “Рыжы, сумленны, закаханы” ўспрымаюцца як “рускія” фільмы. Названыя “Белыя Росы” таксама рускамоўныя, але ўтрымліваюць выразны беларускі каларыт. Гэтае кіно насычана цёплым, нават нейкім хатнім гумарам, вельмі ўласцівым для нашага народа. Таму і пазнаецца ў лёсе маленькай вёсачкі лёс усёй Беларусі.
Як вучыўся ў Гародні, неаднойчы бываў сведкам таго, як ствараецца кіно. (Дарэчы, і “Белыя Росы” здымалі ў гродзенскім мікрараёне Пышкі). Старажытны і вельмі непаўторны беларускі горад прывабліваў да сябе “кіношнікаў”. Прычым, фільмы былі разнапланавыя, надзённыя: ад вельмі жорсткага “Мяне клічуць Арлекіна” да вясёлага і бесклапотнага “Наш чалавек у Сан-Рэма”. Было прыемна паглядзець на так званы “свет кіно” ўласнымі вачыма, прайсціся тымі вуліцамі, дзе разгортваліся падзеі.
Калі выпадае наведаць рэшткі Ружанскага замка, міжволі прыгадваюцца кадры з “Пасткі для зубра”, прысвечанай часам вялікага князя Вітаўта. Месцы, якія жывуць сівой легендай, быццам самі просяцца стаць дэкарацыямі чарговай гістарычнай кінаэпапеі.
Нельга не згадзіцца: лепшая старонка “Беларусьфільма” — кіналенты пра вайну (нездарма з савецкіх часоў студыю нярэдка называлі “Партызанфільм”). Не памылюся, калі скажу: створаны сотні фільмаў пра ліхалецце. І ў першую чаргу — экранізацыя твораў Васіля Быкава, а яшчэ — “Ідзі і глядзі” — самая цяжкая і жахлівая карціна, прысвечаная вайне, ды адна з любімым стужак “У жніўні 44-га”.
Сярод былых поспехаў беларускага кіно нельга не назваць і дылогію Турава па творах Івана Мележа “Людзі на балоце” ды “Подых навальніцы”.
А вось Уладзіміру Караткевічу ў кіно пашанцавала значна менш. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” праляжаў “на паліцы” больш за дваццаць гадоў. А “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, хоць і браліся за іх вельмі масцітыя рэжысёры Рубінчык і Пташук, атрымаліся значна слабейшымі за арыгінал. Мо стужка “Дзікае паляванне…” і не магла раней па-сапраўднаму “разгарнуць” фантастычныя старонкі аповесці? Можа, сённяшні час дазволіць некаму з рэжысёраў, узброеных найноўшымі тэхналогіямі, па-новаму прачытаць, а затым ажывіць на экране загадкавы Караткевічаў твор?
Некалі зоркі кіно (сярод іх Наталля Варлей, Леанід Кміт, Віталь Саломін, Арыстарх Ліванаў, стваральнікі таго самага фільма пра Арлекіна) былі нярэдкімі гасцямі ў Жабінцы. Сустрэчы з творцамі станавіліся сапраўднымі падзеямі для гледачоў.
Поспех беларускай кінастужкі «Настасся Слуцкая» даволі сціплы па сусветных мерках, але цудоўна, што яна ёсць. Прыемна, што фільм, прысвечаны адной са старонак айчыннай гісторыі, жыве. Беларусы павінны гартаць гэтыя «старонкі», паколькі ніхто іншы нам сапраўднага мінулага гэтай зямлі не адкрые. А калі гэтае мінулае ўваходзіць у твой дом у выглядзе прыгожай, яркай кінастужкі, міжволі хочацца пасля заключных цітраў працягнуць знаёмства з гісторыяй роднага краю.
Зараз кіно з раскошы і цуда даўно стала паўсядзённасцю, прайшоўшы шлях ад нямога і чорна-белага да гукавога і каляровага, панарамнага, стэрэаскапічнага; ад шырокаэкраннага да тэлевізійнага і камп’ютарнага. I гэты шлях далёка яшчэ не завершаны.
Што новага чакаць ад кінематографа ў нашым стагоддзі? Усяго, чаго заўгодна — сінема яшчэ не стамілася здзіўляць.
Антон БЕРАСТОК
На здымку: акцёр Мікалай Шастак у ролі Янкі Купалы.
У Дзень беларускага кіно адбудзецца закрыты перадпрэм’ерны паказ фільма “Купала” вытворчасці “Беларусьфільм” у сталічным кінатэатры “Масква”. Першымі гледачамі стануць ганаровыя госці, прадстаўнікі кінематаграфічнай сферы і прэсы. У іх будзе магчымасць не толькі ацаніць нацыянальны кінапраект, але і пагутарыць са здымачнай групай і акцёрамі. Рэжысёр Уладзімір Янкоўскі асабіста прадставіць карціну.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%