Две медали за один бой

Две медали за один бой

Два медалі за адзін бой
Літаральна два дзесяткі дзён аддзяляюць нас ад юбілею Вялікай Перамогі. А 65 гадоў таму ў гэтыя дні ішлі жорсткія баі на подступах да логава фашысцкага звера. Усходняя Прусія, Германія.., на тэрыторыі гэтых дзяржаў мужна змагаюцца і нашы землякі. Пашчасціла вярнуцца не ўсім. Подзвіг большасці воінаў-барацьбітаў за свабоду і незалежнасць роднай зямлі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Як бы далёка ні закінулі франтавыя дарогі, афіцэр, салдат, партызан… не забываў пра сваю сям’ю, родны дом. Скупыя радкі, напісаныя перад боем ці пасля яго, згорнутыя ў трохкутнічак “даляталі” матулям, жонкам. Цяпер гэта ўсё рэліквіі той кровапралітнай вайны з фашызмам, якія дапамагаюць нам паўней уявіць жыццё ў акупацыі, пачуцці салдата перадавой, яго настрой, калі пакідаў надпіс на Рэйхстагу…
Міхаіл Рыгоравіч Дулевіч да вайны паспеў закончыць 6 класаў Арэпіцкай школы. Працаваў ва ўласнай гаспадарцы бацькоў. У 1942 годзе немцы сілаю вывезлі яго ў Германію. На працу трапіў у гаспадарку Фрыца Ціля. Мястэчка знаходзілася ва Усходняй Прусіі. У 1943 годзе Міхаіл даслаў на радзіму з фашысцкай няволі ліст, у якім расказваў пра тое, як яму цяжка жывецца ў чужой старонцы. Нягледзячы на дождж, холад працаваў на гаспадароў, а спаць даводзілася побач са скацінай, здаралася, што за ноч не мог адагрэцца. А яшчэ ён паведаміў бацькам і братам пра сустрэчу на чужбіне з земляком М.Лосем, што сум, гаркоту “развейвае” песнямі з радзімы, якія наспеўвае і ў працы, і на адпачынку. Запэўніў матулю ў тым, што вернецца дадому.
Словы хлопца сапраўды спраўдзіліся. Напачатку 1945 года мястэчка Осаў было вызвалена Чырвонай Арміяй, у тым ліку і Міхаіл Дулевіч. Пасля дзяржаўнай праверкі трапіў на фронт. Ягоная франтавая адысея пачалася 14 сакавіка 1945 года, за два месяцы з лішкам да Перамогі. Баец яшчэ не ведаў, што Германія так хутка капітуліруе. Ваяваў ён у роце снайпераў, затым быў тэлефаністам. Нягледзячы на юначы ўзрост, Міхаілу, калі ён ваяваў на подступах да Берліна, было толькі 20, хлопец змагаўся геройскі. У баі, калі бралі Кёнігсберг, атрымаў ажно два медалі “За адвагу”. Ужо ў мірны час, калі працаваў аграномам у калгасе “Перамога”, расказваў: “Уявіце: на цябе насоўваецца велізарны танк. Канечне, страшна. Не хочацца паміраць і ты кідаеш гранату. “Страшылішча” узрываецца. Побач зноў сунецца ненажэрная пачвара, у рукі хапаеш гранату, якая ляціць у цэль. Рашэнне камандаванне прыняло такое: за кожны падбіты танк — узнагарода. Так я і атрымаў два медалі за адзін бой”.
Пасля Кенігсберга былі і іншыя нямецкія ўмацаванні. Але Міхаіл Дулевіч ніколі не хаваўся за спіны аднапалчан, мужна глядзеў у вочы ворагу. Удзельнічаў у штурме сталіцы Германіі, за што атрымаў медаль “За ўзяцце Берліна”.
Але служба гэтым не закончылася. Толькі ў 1948 годзе вярнуўся на Радзіму, да мірнай працы. Атрымаў спецыяльнасць агранома. Шмат гадоў свайго жыцця аддаў гэтай справе ў родным калгасе “Перамога”. Пазней пераехаў у Жабінку і працаваў на прамывачна-прапарачнай станцыі.
В.ШЫШЧЫЦ, старшыня савета раённай арганізацыі ветэранаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top