Вучаць цярпенню, радасці, надзеі

У аўторак на галоўнай жабінкаўскай сцэне ў Доме культуры адбыўся міжрэгіянальны інклюзіўны фестываль “Адной планеты дзеці”, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў.
Для юных і дарослых гасцей у фае была арганізавана выстава “Жабінкаўская скарбонка” з творчых работ асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак, працавалі майстар-класы і творчыя майстэрні. Спецыялісты РЦТДіМ і цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі разам з гасцямі фестывалю мадэліравалі фігуркі з паветраных шарыкаў, рабілі сняжынкі з саломкі, анёлікаў з лапікаў тканіны, елачкі з прыродных матэрыялаў і інш.
Затым святкаванне перамясцілася ў гля-дзельную залу. На сцэну з прывітальнымі словамі паднімаліся старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Тарасевіч, дабрачынны Жабінкаўскай акругі, настаяцель храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы Сергій Петрусевіч. Дарэчы, айцец Сергій заклікаў прысутных быць цярплівымі і чулымі да асаблівых дзяцей: “Трэба пакланіцца ім, яны вучаць нас жыць, вучаць цярпенню, надзеі, радасці”. Айцец Сергій пажадаў Божай дапамогі бацькам, што не адмовіліся ад выхавання такіх дзетак.
Далей гледачоў чакалі музычныя падарункі. Уразілі танцавальнымі кампазіцыямі “Рушнікі” і “Я малюю гэты свет” госці канцэрта — выхаванцы Столінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, якія неаднойчы прымалі ўдзел у міжнародных фестывалях у Расіі, Германіі, Польшчы, Украіне, Літве і Латвіі. Вельмі хораша і пранікнёна спявалі вучні Жабінкаўскай школы-інтэрната Іван Рудзіч і Аляксандр Ляшко.
Упрыгожылі свята і самыя маленькія танцоры — выхаванцы ясляў-садоў № 2,
№ 4 і № 1, а таксама дзеці, якія займаюцца ў гуртку рытмікі і танца “Вясёлыя рытмы” ў РЦТДіМ пад кіраўніцтвам Святланы Рай. Яны падрыхтавалі яркія рытмічныя нумары “Мары”, “Вышытая сарочка” і “Бульба-дэнс”.
Мілагучныя песні пада-рылі гледачам удзельнікі вакальнага калектыву “Вясёлкавы мікс” і вучні першай гарадской школы.
Вельмі пазітыўны нумар “Падарожжа турыста” падрыхтавалі наведвальнікі дзённага аддзялення для інвалідаў Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Валанцёры атрада БРСМ “Добрае Сэрца” дапамаглі арганізаваць акцыю “Ажыц-цяві мару”, дзякуючы якой выхаванцы ЦКРНіР атрымалі падарункі.
Інклюзіўны фестываль “Адной планеты дзеці” — гэта выдатная магчымасць зачаравацца незвычайнай сілай духу, мэтанакіраванасцю асаблівых людзей, іх уменнем дабівацца поспехаў у самых складаных жыццёвых сітуацыях.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.