Ветразі надзеі і шчасця

Ветразі надзеі і шчасця

Нарыс

Як нараджалася сям’я?

Яны сустрэліся на вяселлі ў Брэсце. Сяргей быў сябрам маладога, а Лена — госцяй з боку маладой. Людзей на вяселлі было нямала, але Сяргей Дзенісенка выдзеліў яе ў дзявочай кампаніі і запрасіў на танец. Пасля — на другі і трэці, калі Лена сабралася дамоў, хлопец пайшоў праводзіць яе.
Сяргей быў старэйшы за Лену, і дзяўчына адразу адчула надзейную апору, якая падтрымае, а трэба — і абароніць. Дзенісенка, і праўда, паспеў скончыць Мінскі радыётэхнічны інстытут і працаваў у абласным статупраўленні. Лена толькі заканчвала школу.
— Мы цяпер сталі сустракацца часцей і ўсё больш падабаліся адзін аднаму, — успамінае Алена Іосіфаўна. — Падышлі выпускныя экзамены. Лепшага рэпетытара па фізіцы і матэматыцы, чым Сяргей, адшукаць было цяжка. Словам, шанаваў ён мяне, гадаваў.
— Пасля школы я паступіла ў Брэсцкі педінстытут на факультэт пачатковых класаў. У верасні мне споўнілася васемнаццаць, а ў кастрычніку мы пажаніліся. Праз год, зноў ў кастрычніку, нарадзіўся першынец Жэнька, так што Сярожку прыйшлося гадаваць ужо нас дваіх, — усміхнулася Алена Іосіфаўна.

Дарога да Хмелева

Час, у які выпала жыць Сяргею і Алене Дзенісенкам, быў больш спрыяльны ды лагодны для тых, хто душою пацягнуўся да Бога. Цяпер не трэба было хавацца, каб хадзіць у храм, каб вадзіць на богаслужэнне дзетак.
Ім хацелася чысціні, спакою і дабра для сябе і сваіх блізкіх. Яны сталі далучацца да Храма, да слова Божага. Сыны Жэнік і Дзімка наведвалі нядзельную школу. Узнік нейкі духоўны пад’ём, і ўсім раптам стала ясна, што трэба спусціцца з высокага паверха бліжэй да зямлі і займацца тым, што робяць простыя людзі…
Далёка ішла слава пра святара з Хмелева айца Серафіма. Аднойчы прыехалі Дзенісенкі ў Спаса-Праабражэнскую царкву. Ім пашчасціла не толькі чуць айца Серафіма ў час месы, але й пагаварыць са свяшчэннаслужыцелем.
Айцец Серафім ухваліў іх жаданне быць бліжэй да Бога, каб малітвамі і послухам заслужыць у Збавіцеля сваё выратаванне. Тады Сяргей Васільевіч расказаў, што сям’я хоча купіць ў прыгарадзе Брэста домік і быць бліжэй да зямлі.
— А чаму іменна ў Брэсце? — пацікавіўся манах. — Можна купіць у Хмелеве. Гэта вам абыдзецца танней, чым у абласным цэнтры, а з дапамогай малітваў і Боскай ласкі сваімі рукамі давядзеце домік да такога, які хацелі б мець…
Айцец Серафім, мусіць, адчуў святыя Сяргеевы памкненні і назваў яго сваім духоўным сынам. Яшчэ адно адразу спадабалася Дзенісенкам. Хмелева было блізка ад Брэста, а мясціны — цудоўныя. Таму неўзабаве яны, людзі, якія выраслі ў горадзе, нечакана перабраліся ў вёску.
Не ўсё было гладка і лёгка. У Хмелеўскай сярэдняй школе не было вакантнага месца настаўніка пачатковых класаў. Алене Іосіфаўне прыйшлося завочна вучыцца на дэфектолага ў Мінску. Зараз яна працуе дэфектолагам і сацыяльным педагогам.
Але ўсе цяжкасці, што меліся, былі такімі мізэрнымі ў параўнанні з тым, што дало ім Хмелева.

Дарунак лёсу

Сустрэчу з Таняй і Воляй Камінскімі Алена Іосіфаўна і сёння лічыць дарункам лёсу. Пачыналася лета 2002 года. Настаўніца пачатковых класаў Галіна Арсенцьеўна Шпот захацела зрабіць добрую справу. Свае дзеці выраслі ўжо, і настаўніца вырашыла ўзяць з Кобрынскага дома дзіцяці на некалькі месяцаў дзвюх сясцёр, якіх не было каму забраць да сябе, каб пажылі ў сямейнай абстаноўцы. Так, Таня і Воля аказаліся ў Хмелеве.
Прайшло ўсяго некалькі дзён, як Галіна Арсенцьеўна зайшла да Дзенісенкаў.
— Нашы дзяўчынкі, аказваецца, не ахрышчаны, — паведаміла яна.
— І што вы надумалі? — спытала Алена.
— Думаю хрысціць дзяўчынак, — адказала Галіна Арсенцьеўна. — У вас, Алена Іосіфаўна, прашу быць хроснай маці.
— Правільна! — разважыла тая. — Трэба, каб чалавек жыў у душы з Богам. І адмаўляцца мне тут не выпадае…
Стаўшы хроснай маці, Алена Іосіфаўна адчула адказнасць за лёс сясцёр. Бо ў народзе нездарма лічаць хросную другой маці для дзіцяці. Цяпер, калі Шпотам трэба было кудысьці пайсці, Таня і Воля беглі на Лугавую, да хроснай. Прывыкалі адзін да аднаго, “прыціраліся”.
Хутка праляцела лета, і дзяўчынак трэба было везці ў дзіцячы дом. Ім было добра ў Хмелеве, і сёстры са шкадаваннем ехалі ў Кобрын. Развітваючыся, Алена Іосіфаўна заўважыла слёзы ў дзіцячых вачанятах і паабяцала:
— Ненадоўга вы едзеце. Аформім дакументы — забярэм да сябе!
Неўзабаве абмеркавалі гэтае пытанне ўсёй сям’ёй, асабліва радаваліся хлопчыкі.
— Што, ў мяне будуць дзве сястрычкі? — увесь час прапытваў меншы Дзімка.
Перадача дзяцей у прыёмную сям’ю, аднак, зацягнулася. Сяргей Васільевіч рашыў стаць прыёмным бацькам, а хросная мама і ёсць мама. Для таго трэба было павучыцца на курсах, здаць псіхалагічныя тэсты, аформіць патрэбныя паперы. Словам, адбор быў строгі. Толькі ў красавіку наступнага года дзяўчынкі пераступілі парог дома Дзенісенкаў, каб назаўсёды застацца тут…

Цяпло роднага дома

Дом. Родны дом. Шмат зрабілі для таго, каб у дзяўчынак замацавалася гэтае паняцце, каб жылося ў ім утульна і радасна.
У сваіх сыноў маці выхоўвала рыцарскія адносіны да дзяўчынак. Тыя “ўрокі” не прайшлі дарэмна і зараз, калі Яўген закончыў тэхнікум бізнесу і права, працуе і завочна вучыцца ў інстытуце правазнаўства, а Дзмітрый — у фізіка-матэматычным каледжы. У хлопцаў павага да Маці, Жанчыны, сястры адметная.
Падышла пара ісці ў школу Танечцы. Захвалявалася малая, што прыйдзецца ёй разлучыцца з Волькай. Розніца паміж сёстрамі — адзін год. Падумалі прыёмныя бацькі, перагаварылі з настаўнікамі, і было вырашана, што пойдзе яна ў наступны год, калі Волі споўніцца шэсць, каб маглі сядзець за адной партай, каб не разлучацца. Цяпер дзяўчынкі ўжо ў шостым класе…
Таня і Воля бачаць, што бацькі ні хвіліны не сядзяць без працы. Нешта пастаянна майструе Сяргей Васільевіч, а Алена Іосіфаўна і ў школу ходзіць, і вышыванкамі захапляецца. А таму і дзяўчынкі жадаюць займацца добрымі справамі, тым болей, што ў іх рана стаў праяўляцца талент.
У Тані змалку было жаданне спяваць. Яна і сёння ходзіць на гурток у мясцовы клуб, удзельнічае ў канцэртах. Разам з Воляй наведвае танцавальны гурток, а яшчэ болей сёстры любяць рукадзельнічаць.
Вельмі падабаліся маміны вышыванкі, і дзяўчынкам захацелася рабіць, як яна. Алена Іосіфаўна навучала Таню з Воляй займацца рукадзеллем, разам чыталі адпаведныя кнігі і часопісы. Аднойчы дзяўчынкі папрасілі:
— Мама, купі нам бісер! — і заняліся ім.
Сёстры любяць дарыць свае вырабы людзям. Толькі пачынаюць работу, а ўжо вырашаюць, каму падораць. Прыемна прыносіць радасць блізкім!..

Лунаюць пунсовыя ветразі

Хто ў школьныя гады ні марыў пра далёкія падарожжы, пра невядомыя землі! Над кім ні шапацелі грынаўскія пунсовыя ветразі! Сяргей Дзенісенка не быў тут выключэннем.
Яму было ў каго вучыцца: маці — інжынер, а бацька — увогуле залатыя рукі. Што ўбачыць, тое зробіць. І сёння Васіль Дзенісенка збірае магнітафоны, настройвае камп’ютары, іншую складаную тэхніку. Сын, маючы вышэйшую тэхнічную адукацыю, і сёння просіць у яго дапамогі і парады.
А тады, у дзевятым класе, Сяргей быў у захапленні ад аповесці Аляксандра Грына “Пунсовыя ветразі”. Юнак вырашыў зрабіць свой карабель. Пазней ён выбера не мараходнае вучылішча, а радыётэхнічны інстытут, бо вельмі любіць корпацца з прыборамі.
Той карабель, на думку Сяргей Васільевіча, — як талісман. Ён доўга стаяў у брэсцкай кватэры, а зараз заняў сваё пачэснае месца ў хмелеўскім доме. Наконт таго, што з’яўляецца прыёмным бацькам Волі і Тані, ён разважае так:
— Магчыма, некаму здаецца, што мы ўзялі дзяўчынак у прыёмную сям’ю, бо пагналіся за лішнім рублём. Нікога мы пераконваць не будзем, але Воля і Таня шчаслівыя ў нас. Дый з іх прыходам у наш дом увайшло шчасце, запраменілася, узнік лад і пэўная завершанасць. А так быццам нечага вельмі важнага не хапала…
Лунайце, пунсовыя ветразі шчасця і надзеі! Няхай назаўсёды ў доме Дзенісенкаў прапішуцца радасць, спакой і дабрыня!

Р.БЕНЗЯРУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*