Хата на радасць багата

Хата на радасць багата

Кахаць — гэта не глядзець адзін на аднаго, а глядзець разам, у адным накірунку — некалі прамовіў пісьменнік Антуан дэ Сэнт-Экзюперы. Гэтыя словы згадаліся міжволі, калі сустрэліся з Ірынай Валер’еўнай і Іванам Іванавічам Міцкевічамі, якія адчуваюць сябе палавінкамі, заручанымі на ўсё жыццё, каб марыць і ствараць агульнае шчасце.
Хутка дзесяць гадоў як яны разам.
— Самыя нялёгкія і адказныя гэта гады, — з разуменнем гаворыць Ірына. — У іх каханне, вернасць правяраюцца, гартуюцца. Таму для мяне наша першае дзесяцігоддзе — самае запамінальнае, сагрэтае пяшчотай і няпростымі клопатамі пра дзяцей, мужа…
— …Пра дзяцей і жонку, — дадае з усмешкай Іван.
Відаць, гэта адзінае для іх рознагалоссе-“ўдакладненне”. У астатнім жывуць яны ў згодзе, сабе і людзям на радасць. А як інакш, калі гэтак шмат агульнага ў мужа з жонкай?!
Жабінкаўшчына стала для іх сапраўднай другой радзімай. Ірына прыехала з Мікашэвічаў, Іван — з Гродзенскай вобласці. А сустрэліся ўпершыню ў прыгожым Віцебску.
— Марыла пасля школы стаць медыкам. Спачатку хацела быць урачом, каб людзям дапамагаць, — тлумачыць Ірына. — Але яшчэ мела з маленства любоў да жывёлы. Трошкі вагалася, аднак падала дакументы ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, дзе неўзабаве спаткала Івана.
Не ведала тады, што гэта лёс. А калі разабралася, што адшукала нарэшце, як некалі марыла, тую сваю “палавінку”, з кім лёгка ісці поруч па жыцці, не было, відаць, мяжы шчасцю. Яго, гэтае шчасце, і зараз дзеляць папалам, ды разам у любові гадуюць сваіх дзяцей, якім бацькоўская працавітасць — выдатны прыклад на ўсё жыццё.
У 2003 годзе адразу пасля атрымання дыпломаў ветэрынарных урачоў маладая сям’я прыехала па размеркаванні на Жабінкаўшчыну, у СВК “Шпіталі”. Тут сустрэлі іх як родных. Маладым спецыялістам, надзвычай патрэбным у гаспадарцы, выдзелілі асобны дом у Шпіталях. Свой падворак яны хуценька пачалі абжываць, ператварылі ва ўтульны куток. Цяпер кожны, хто трапіць у вёску, міжволі звяртае ўвагу на гожую сядзібу Міцкевічаў. Тут лёгка пабачыць вынік агульных намаганняў. Іван дапамагае, каб увасабляліся жончыны задумы. Найбольш шчыруе, канечне, Ірына, якая разумее прыгажосць, чые рукі ствараюць навокал хараство, патрэбнае перш-наперш дзецям, якім утульна жывецца сярод кветак. Шасцігадовая Каця і трохгадовы Ягорка сталі вяршыняй сямейнага ладу. Малыя цешаць сваёй гарэзлівасцю, з вялікай прагай пазнаюць навакольны свет. І бацькі з любасцю робяць для іх гэты свет рознакаляровым ды святочным.
Паводле водгукаў аднавяскоўцаў, сям’я Міцкевічаў вылучаецца акуратнасцю, актыўнасцю, іх хата на радасць багата. Прынамсі, з ахвотаю яны ўдзельнічаюць у розных культурных мерапрыемствах, у спартыўных спаборніцтвах.
Сёняшні сакавік для Ірыны і Івана быў надзвычай запамінальным. Пасля падвядзення вынікаў абласнога конкурсу сярод маладых сямей Брэстчыны на лепшы падворак Міцкевічы з Жабінкаўскага раёна занялі трэцяе месца. спаборніцтва заслужана прызнаны трэцім на Брэстчыне. Іх урачыста ўшаноўвалі ў аблвыканкаме, шмат было віншаванняў ад сяброў і знаёмых.
Ірына пастаянна ўдасканальваецца. Яна атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. На пытанне, чым прыцягвае яе новая эканамічная спецыяльнасць, якую зараз асвойвае, жанчына патлумачыла:
— Патрэбна заўсёды бачыць перад сабой новыя вяршыні і ісці да іх. Пакуль вучуся для свайго агульнага развіцця, бо адчуваю: прыйшоў час кожнаму разбірацца ў тонкасцях сённяшняга няпростага жыцця.
Нельга было не пацікавіцца формулай кахання ад Міцкевічаў, якая даволі простая.
— Многае павінна скласціся-“зрасціся”, каб сустрэцца і стварыць агульнае сямейнае гняздо, дзе, як птушкі, шчабечуць дзеці, дзе разуменне ёсць з паўслова, з аднаго позірку. Калі гэтак жывуць людзі, з часам “прыціраюцца”, як у народзе кажуць. Трэба радавацца жыццю, якое не павінна быць самотным, бо толькі разам становіцца рознакаляровым, расквечаным каханнем. Цеплыня чалавечых сэрцаў стварае добрыя адносіны, без якіх нельга стаць шчаслівым.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Ірына і Іван Міцкевічы з сынам Ягорам.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top