Паўвека ў краіне дзяцінства

Паўвека ў краіне дзяцінства

Сёлетні лістапад для работнікаў ясляў-сада аграгарадка Ленінскі — юбілейны. Установе споўнілася 50 гадоў.
За гэты час дзіцячы сад у Ленінскім узначальвалі ўсяго два загадчыкі: Галіна Казулька і Валянціна Станчук. У размове Галіна Міхайлаўна ўспомніла сваіх былых калег, працоўныя будні, расказала, якімі клопатамі жыве зараз.

За гэты час яслі-сад у Ленінскім узначальвалі ўсяго два загадчыкі: Галіна Казулька і Валянціна Станчук. У размове Галіна Міхайлаўна ўспомніла сваіх былых калег, працоўныя будні, расказала, якімі клопатамі жыве зараз.

На пасадзе загадчыка ясляў-сада Галіна Казулька працавала 35 гадоў. Спачатку ўстанова была ведамаснай і адносілася да торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі”, потым яе перадалі аддзелу адукацыі. У яслях-садзе налічвалася больш за 100 дзетак, меліся чатыры групы. Галіна Міхайлаўна падкрэсліла, што дашкольнай установе ў Ленінскім заўсёды шанцавала на кадры, дзе рупіліся ўлюбёныя ў сваю справу людзі, верныя і адданыя ёй. Загадчыцы пашчасціла працаваць з выхавальнікамі Ганнай Панятоўскай, Ганнай Кадоліч, Тамарай Мартынчык, Святланай Рапінчук, музычным кіраўніком Раісай Флейсман, кіраўніком фізвыхавання Людмілай Данілюк, медыцынскімі сёстрамі Нэлі Дуль, Любоўю Пашкевіч, Аленай Бабій і іншымі.

Па вопыт прыязджалі

На высокім узроўні выхавальнікі праводзілі свае заняткі, на якіх імкнуліся выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі. Таму ў Ленінскі прыязджалі пераймаць вопыт калегі з саюзных рэспублік. Наведваліся сюды дэлегацыі з Фінляндыі, Конга, суседняй Польшчы і іншых краін.

А якія тут ладзіліся святы! Танцавальная зала не магла змясціць усіх жадаючых папрысутнічаць на іх, бо прыходзілі не толькі мамы і таты, бабулі і дзядулі, але й шматлікія госці. І сёння бацькі тагачасных выхаванцаў успамінаюць тыя тэматычныя выставы, на якія іх запрашалі.

Па абсталяванне для свайго любімага сада Галіна Казулька ездзіла ў розныя гарады. З адной з такіх паездак яна прывезла чучалы дзікоў і казулі, якія ўпрыгожылі ўстанову.

Пры ёй тэрыторыя ясляў-сада патанала ў ружах, а яшчэ быў пасаджаны фруктовы сад. І зараз тут можна ў сезон пачаставацца яблыкамі ды вішнямі.

Калектыў установы вызначаўся дружнасцю і згуртаванасцю, усё рабілі разам: рыхтавалі наглядны матэрыял для заняткаў, пісалі сцэнарыі мерапрыемстваў, арганізоўвалі выставы.

За час яе працы загадчыкам ясляў-сада на торфабрыкетным заводзе змяніліся тры кіраўнікі: Часлаў Бутырскі, Вячаслаў Скрабін і Мікалай Бортнік. Але з усімі Галіна Міхайлаўна знаходзіла агульную мову і паразуменне, і яе просьбы не заставаліся па-за ўвагай.

Зараз жанчына на заслужаным адпачынку. Былыя калегі ўдзячныя ёй за дапамогу і слушныя парады, бацькі – за ўвагу і клопат як да іх, так і да дзяцей.

Яна і зараз падкрэслівае, што прафесія выхавальніка вельмі патрэбная і важная, бо ў яго адказная місія: навучанне дзетак, фарміраванне іх сапраўднымі асобамі. Дашкольная адукацыя ў нашай краіне стаіць на высокім узроўні, і Галіне Міхайлаўне ёсць з чым параўнаць, бо часта бывае ў дачкі Міраславы ў ЗША і бачыць, якія там дзіцячыя сады і як у іх арганізавана выхаванне, рэжым сну і харчавання.  Мая суразмоўніца лічыць, што нам патрэбна ганарыцца тым, што мы маем, і берагчы нашыя здабыткі.

Актыўныя і крэатыўныя

З верасня 2004-га загадчыкам ясляў-сада стала Валянціна Станчук, якая папярэдне працавала тут выхавальнікам на працягу 18 гадоў. Зараз пайшоў ужо шаснаццаты год, як яна ўзначальвае калектыў, які на сённяшні дзень налічвае больш за 30 чалавек: 14 педагогаў (з іх восем выхавальнікаў), шэсць памочнікаў выхавальнікаў, два повары, загадчык гаспадарчай часткі, кухонны рабочы, медыцынская сястра, двое прыбіральшчыкаў службовых памяшканняў, рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў і мыцця бялізны, двое вартаўнікоў.

У яслях-садзе пяць груп, яго наведваюць 95 выхаванцаў. Тут аказваюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў: малыя наведваюць “Творчую майстэрню” і “Дзіцячы фітнес”, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, працуе група з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Валянціна Сцяпанаўна адзначыла, што ў сваёй рабоце педагогі ясляў-сада выкарыстоўваюць розныя тэхналогіі і методыкі навучання. У іх ліку гульнёвыя, здароўезберагаючыя тэхналогіі, а таксама асобасна-арыентаванага навучання, праектна-даследчай дзейнасці, арт-тэрапія і іншыя. Гэты спіс можна яшчэ доўжыць. Імкнуцца, каб заняткі былі цікавымі, пазнаваўчымі, усебакова развівалі дзетак.

Педагогі ўстановы не застаюцца ўбаку ад удзелу ў розных конкурсах і мерапрыемствах: раённых этапах рэспубліканскага фестывалю па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Бяспечнае дзяцінства”, па выніках якіх заваёўвалі першае і другое месцы; педагагічных чытаннях у е-mail фармаце, дзе выхавальнік Таццяна Кугач адзначана дыпломам ІІ ступені; выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Запаведныя месцы Беларусі”, дзе калектыўная работа выхаванцаў заняла першае месца; абласной навукова-практычнай канферэнцыі, на якой работа намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада Рыты Залешчык “Гульнёвая культура сучаснага дзяцінства” адзначана сертыфікатам; раённым фестывалі творчасці работнікаў устаноў адукацыі, дзе занялі другое месца. Калектыў таксама прымаў удзел у раённым аглядзе-конкурсе сярод спецыялістаў дашкольнай адукацыі “Электроннае педагагічнае партфоліа” – выхавальнік Іна Ноур адзначана падзякай аддзела па адукацыі; у раённым вакальным конкурсе “Песні Перамогі” сярод работнікаў устаноў адукацыі, па выніках якога занялі другое месца; у раённым конкурсе “Я – даследчык” з эксперыментальным праектам “Да здравствует мыло душистое!” выхавальніка Святланы Рапінчук і яе падапечнага Прохара Новіка, што трапіў у лік лепшых. Усё пералічыць проста немагчыма!

Цікава праходзяць ва ўстанове святы, на якія запрашаюцца бацькі выхаванцаў і іншыя госці: 8 Сакавіка, Дзень абаронцаў Айчыны, Новы год… Асобна вылучаюцца святы, прысвечаныя звычаям і традыцыям беларусаў, падчас якіх гучаць фальклорныя песні, выконваюцца абрады – “Купалле”, “Масленіца”, “Вячоркі”, “Саракі”. Ва ўстанове другі год запар дзейнічае музей “Скарбніца Беларусі”, прысвечаны Году малой радзімы.

Работнікі ясляў-сада трымаюць цесную сувязь з бацькамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, добраўпарадкаванні тэрыторыі, дапамагаюць адрамантаваць пакоі, зрабіць дэкарацыі да спектакляў, адным словам, не застаюцца ўбаку ад просьбаў і спраў. Вялікі дзякуй адміністрацыя ўстановы, выхавальнікі гавораць сёння сем’ям Парфёнавых, Здзерукоў, Гурскіх, Небельчукоў, Новікаў і іншым сваім памочнікам.

За дапамогу ў вырашэнні многіх надзённых пытанняў словы ўдзячнасці сёння гучаць у адрас райвыканкама, аддзела па адукацыі, торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі”, ААТ “Рагазнянскі”, Ленінскага сельвыканкама, Ленінскай сярэдняй і музычнай школ, Дома культуры, бібліятэкі.

Будынак ясляў-сада сёння выглядае прыгожа: адрамантаваны фасад, заменены вокны; унутры прайшлі рамонты харчаблока, пральні, фізкультурнай і музычнай залаў; кожны год праводзяцца касметычныя рамонты. Тэрыторыя ўпрыгожана хваёвымі і дэкаратыўнымі раслінамі, улетку тут радуюць вока кветкавыя клумбы. Папаўнення і абнаўлення патрабуе спартыўна-гульнёвае абсталяванне на пляцоўках, у планах таксама асфальтаванне дарожак і набыццё камп’ютараў, якіх не хапае для работы.

Людзі – наша багацце

Адметнасць кожнага прадпрыемства і арганізацыі – гэта іх людзі, якія складаюць моцны, згуртаваны калектыў і з’яўляюцца прафесіяналамі. Так, больш за 30 гадоў адпрацавалі ў роднай установе яе загадчык Валянціна Станчук і выхавальнік Святлана Рапінчук. 29 гадоў на рахунку кіраўніка фізвыхавання Людмілы Данілюк. 27 – у рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў Аляксандра Мартынчыка. Больш за дваццаць год працуюць тут памочнікі выхавальніка Ніна Раўнова, Ала Авіцюк, крыху менш Марына Міхальчук. Добрасумленная праца работнікаў ясляў-сада, іх адказнае стаўленне да сваіх прафесійных абавязкаў ніколі не заставаліся па-за ўвагай. Так, летась на Дошку гонару Ленінскага сельсавета занесена імя выхавальніка Святланы Рапінчук, сёлета – памочніка выхавальніка Ніны Раўновай.

Да юбілейнай залатой даты граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана загадчык ясляў-сада Валянціна Станчук, райвыканкама – выхавальнік Таццяна Маеўская, Пісьмом падзякі райвыканкама – выхавальнік Святлана Рапінчук, граматамі аддзела па адукацыі выхавальнік Таццяна Кугач, прыбіральшчык службовых памяшканняў Алена Якубовіч, рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў Аляксандр Мартынчык.

Шчыра віншуем з узнагародамі і надалей зычым калектыву ясляў-сада поспехаў, плёну і новых дасягненняў як мінімум яшчэ на 50 гадоў! З юбілеем!

Алёна НІКАНЧУК

Фота аўтара

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top