Сакрэты шчасця Міхалюкоў

Сакрэты шчасця Міхалюкоў


Гавораць, сапраўднае каханне цяжка знайсці. Але яшчэ больш складана яго не згубіць, пранесці праз ўсё жыццё далікатны агеньчык пачуццяў. Майстар-клас, як зрабіць каханне “залатым”, дае жабінкаўцам сям’я Пятра і Марыі Міхалюкоў, у якіх адно імя па бацьку — Васільевічы, і якія ўжо 50 гадоў трымаюць жыццёвы экзамен і ўрокі сямейнага шчасця вывучылі на выдатна.

“Выгадаваў” сабе жонку

Пётр Васільевіч, жартуючы, гаворыць, што сам выгадаваў для сябе жонку. Марыя Васільеўна на восем гадоў малодшая за свайго мужа. Нарадзіліся яны ў адной вёсцы Сычова, якая знаходзіцца непадалёку ад Азятаў, дзе цяпер жыве сям’я Міхалюкоў. Разам яны гулялі, па адных сцежках хадзілі ў школу. Аднак і падумаць не маглі, што ім наканаваны адзін лёс на дваіх. Калі Пятра Васільевіча забіралі на службу ў армію, а гэта было ў 1954 годзе, Марыі было ўсяго 11. Яна і зараз памятае, як разам з іншымі вясковымі дзецьмі бегла праводзіць маладых салдат аж да самай царквы. Сярод іх быў і яе Пётр…
Праз тры гады і тры месяцы ён вярнуўся дадому, уладкаваўся на працу. Быў інжынерам, у абавязкі якога ўваходзіла мераць балоты, працаваў і на цагляным заводзе, а потым стаў будаўніком — гэтая справа стала ў яго жыцці асноўнай. Актыўны, працавіты хлопец не мог доўгі час знаходзіцца на адным месцы і ў 1961 годзе адправіўся ў Казахстан,  падымаць цаліну.
— Нялёгка там жылося, страшна было, бо кожную хвіліну можна было чакаць нападзення мясцовых бандытаў. А вось жанчыны там прыгожыя былі, аднак мая Марыя лепшая за ўсіх, таму і вярнуўся на сваю радзіму, — усміхаючыся, успамінае Пётр Васільевіч.

Крыніца бацькоўскай радасці

Марыі споўнілася 19. Папрыгажэла яна яшчэ больш, нібы кветка расцвіла. Многія хлопцы жадалі атрымаць ад яе хоць бы ўсмешку. Аднак яна чакала сапраўднага кахання, якое і вярнулася да яе з далёкага Казахстана. У 1962 годзе Пётр і Марыя згулялі вяселле. Праз год у шчаслівых маладых нарадзілася дачушка Ларыса. Радасць ў дом прынесла і з’яўленне на свет  сына Аляксандра, які малодшы за сваю сястру ўсяго на год. Бацькі аддалі дзецям ўсю сваю пяшчоту, з самага дзяцінства выхоўвалі ў іх любоў да працы, сумленнасць і прыстойнасць. Зараз дачка і сын ужо дарослыя, сталі добрымі людзьмі і гэта больш яскрава, чым любыя словы, гаворыць аб выхаванні, якое далі ім клапатлівыя бацькі. Ларыса Пятроўна працуе настаўнікам французскай мовы ў Бабруйску і ўжо сама стала маці і бабуляй. А сын Аляксандр жыве ў Брэсце, ён пайшоў бацькавымі слядамі — будаўнік.

Будавалі дом і сваю будучыню

Разам садзілі дрэвы, нарадзілі дзетак, не хапала для поўнага шчасця толькі сваё жыллё пабудаваць. У Азятах сям’я Міхалюкоў набыла стары дом. Сваімі сіламі зрабілі поўную рэканструкцыю. Падмурак, сцены, вокны, падлога — усё было зроблена рукамі гаспадароў, якія прывыклі працаваць разам. Добрай падтрымкай для сям’і была хатняя гаспадарка: каровы, парасяты, куры, гусі. Вырошчвалі садавіну і гародніну. Усё сваё мелі, таму што ніколі не баяліся працы.
Дзеці Міхалюкоў маюць поўнае права ганарыцца сваімі бацькамі. Пётр Васільевіч  больш за 10 гадоў быў брыгадзірам ў будаўнічай арганізацыі. Ён заўсёды з задавальненнем рабіў сваю справу. Калі пералічваць тыя аб’екты ў Жабінцы, дзе ён працаваў, не хопіць пальцаў рук. У 1974 годзе Пётр Васільевіч уладкаваўся ў мясцовы калгас, дзе амаль 20 гадоў да самай пенсіі “адкатаў” на малакавозе. Марыю Васільеўну ў Азятах таксама ведае кожны чалавек. Яна і ў магазіне працавала, і дырэктарам клуба была, а потым амаль 30 гадоў працавала ў сельскім Савеце.
Пасля выхаду на пенсію без справы таксама не сядзелі: рупіліся і дома, і на агародзе. Пра ўнукаў заўжды клапаціліся, і дзецям стараліся дапамагчы.

Іх душы не старэюць

Між іншым, сакрэт шчасця сям’і Міхалюкоў вельмі просты:
— Галоўнае быць цярплівым, навучыцца саступаць, умець згладжваць усе праблемы, заўсёды падтрымліваць адзін аднаго,  абавязкова давяраць і,  канечне, кахаць усім сэрцам і душою, — дзялілася Марыя Васільеўна.
Абое лічаць, што каханне, колькі б ні прайшло гадоў, не старэе, а толькі набірае абароты, становіцца сапраўднай каштоўнасцю. Золатам сталі тыя 50 гадоў, якія яны душа ў душу пражылі разам.
— Як хутка праляцеў час, і не прыкмецілі нават, — заўважалі залатыя юбіляры.
Не прыкмецілі, бо душы іх ніколькі не пастарэлі. У іх і сёння жыве каханне. Яны і сёння сагрэты цеплынёй узаемнай павагі, даверу і пяшчоты.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top