“Зоркі” роднага краю

“Зоркі” роднага краю

Крыху больш за месяц застаецца да святкавання 80-годдзя нашага раёна. З гэтай нагоды пачынаем серыю публікацый, прысвечаную славутаму юбілею. У іх, між іншым, будзем распавядаць пра былых і сённяшніх працаўнікоў прадпрыемстваў ды арганізацый, што пасадзейнічалі сацыяльна-эканамічнаму развіццю краю. А пачнем з той непаўторнай гістарычнай спадчыны, якою ганарацца жабінкаўцы.

“Зорнымі” называюць тэмы, што прыцягваюць турыстаў, выклікаючы асаблівы гонар у мясцовых жыхароў. Наша багатая гістарычная спадчына — сапраўдная візітоўка раёна, па якой ён адрозніваецца ад сабе падобных і робіцца пазнавальным нават далёка за сваімі межамі.
Зоркай першай велічыні лічыцца па праву асоба генерала Тадэвуша КАСЦЮШКІ, шчыльна звязанага з нашым краем. Нездарма поўнае імя-прозвішча славутага Героя Двух Кантынентаў, удзельніка вайны за незалежнасць Злучаных Штатаў і кіраўніка паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай у афіцыйных паперах пісалася: Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка-Сяхновіцкі. Ягоныя сучаснікі Карл Фалькенштэйн, Фёдар Глінка, Міхал Клеафас Агінскі сведчылі ў сваіх мемуарах: генерал прыйшоў на свет у родавым маёнтку Сяхновічы, а пасля заакіянскай “адысеі” Касцюшка на працягу амаль пяці гадоў жыў на Жабінкаўшчыне і перад смерцю пісьмова скасаваў прыгон для сваіх сяхновіцкіх сялян.
Другая зорная тэма таксама пэўным чынам звязана з ягонай асобай. 17 верасня 1794 года ў межах сучаснага Жабінкаўскага раёна адбылася буйная КРУПЧЫЦКАЯ БІТВА паміж паўстанцамі-касцюшкаўцамі і корпусам Аляксандра Суворава. Помнікі ў вёсцы Чыжэўшчына, прысвечаныя гэтай важнай гістарычнай падзеі, штогод наведвае нямала турыстаў з розных краін свету. Гэтая “зорка” пазнавальная і прыцягальная не толькі на гістарычным небасхіле, яна бударажыць розумы і нашых сучаснікаў.
Наступнае прыцягальнае месца для наведвальнікаў — мемарыяльны комплекс “ДРАМЛЁВА”. Гэта горкі палыновы напамін пра жахі вайны, пра “вогненную вёску”, спаленую разам з людзьмі 11 верасня 1942 года. Драмлёва — адзін са 186 беларускіх населеных пунктаў, увекавечаных у “Хатыні”, што не адрадзіліся больш ніколі да жыцця. З году ў год сюды прыязджаюць людзі розных пакаленняў, каб засведчыць: памяць пра нявінных ахвяр ліхалецця жывая.
Чацвёртая наша “зорка” мае прыцягненне найперш рэлігійнае і асветніцкае. У старажытным сяле Хмелева з першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя існуе Спаса-Праабражэнскі храм, а ў ім — цудатворны абраз МАЦІ БОЖАЙ ЧАНСТАХОЎСКАЙ. З 2000 года тут дзейнічае мужчынскі манастыр, настаяцель якога іераманах Серафім час ад часу з дапамогаю Божага слова дапамагае паломнікам пазбавіцца душэўных і фізічных немачаў. Геаграфія тых, хто пераадольвае дзясяткі, сотні, нават тысячы кіламетраў, каб прыкласціся да святога абраза, сапраўды ўражвае. Паломнікі прыязджаюць не толькі з усёй Беларусі ды бліжніх краін, але нават з Амерыкі, Сібіры, Далёкага Усходу.
Вядома, вельмі хочацца, каб наступнай “зоркай” у гэтым слаўным гісторыка-культурным сузор’і нашай зямлі стала сама ЖАБІНКА. Каб падарожніку, што рухаецца па галоўнай трасе краіны М 1 або па чыгунцы ў бок Польшчы ці Расіі, захацелася збочыць у кірунку райцэнтра альбо сысці на станцыі і паглядзець, якім утульным, самабытным жыццём жыве горад-спадарожнік у сутоцы Мухаўца ды рэчкі Жабінкі, сапраўды адноўлены за апошнія дзесяцігоддзі.
Усялякі падарожнік заўважыць: Жабінкаўшчына выгодна вылучаецца ўдалым геаграфічным становішчам і развітай дарожнай інфраструктурай. Штодня на чыгуначнай СТАНЦЫІ ЖАБІНКА спыняюцца каля 60 пасажырскіх цягнікоў, а тысячы гасцей на аўто перасякаюць жабінкаўскі “экватар” — галоўную аўтастраду краіны Брэст — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі. Іх далейшы шлях — у бок Брэста, Мінска, Гомеля. Каб даехаць без перасадак, скажам, да Гродна, Магілёва і Віцебска, Масквы ці Санкт-Пецярбурга, Валгаграда або Новасібірска, жыхарам Кобрыншчыны ці Камянеччыны спачатку давядзецца дабрацца ў Жабінку.
Далёка за межамі Жабінкаўскага раёна ведаюць прадукцыю цукровага і камбікормавага заводаў. Гэтыя значныя прадпрыемствы даўно сталі сапраўднымі брэндамі краю, вядомымі ў шматлікіх краінах свету. Спажыўцы звязваюць з імі выдатную якасць і шырокі асартымент салодкай прадукцыі ды харчовых дабавак для жывёлы, птушкі, рыбы.
Каб адпачыць і выдатна падлячыцца, госці з дзясяткаў краін свету наведваюць Жабінкаўшчыну. Тут, у цудоўным урочышчы Сасновы Бор, месцяцца санаторыі “Буг”, “Надзея”, іншыя здраўніцы і лагеры дзіцячага адпачынку.
Неаднойчы слухачы розных гарадоў Беларусі і нават замежжа сустракалі ў захапленні самабытных артыстаў з Жабінкі — НАРОДНЫЯ І ЎЗОРНЫЯ КАЛЕКТЫВЫ “Каларыт” і “Каруначкі”, “Дараносіца” і “Хмелеўскія валацугі”, “Аляксандр-парк” і “Тонус”.
Наш край — шматнацыянальны, у якім ёсць жыхары 28 народнасцей. Найбольшыя па колькасці прадстаўнікоў — усходнеславянскія: беларусы, рускія, украінцы.
На працягу доўгай гісторыі жабінкаўскі край наведалі не менш за сотню вядомых асоб. У іх ліку — каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца, расійскія імператары Аляксандр І і Мікалай І, генералы Аляксандр Сувораў, Пётр Баграціён і Юзаф Серакоўскі, народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ і Максім Танк. Нямала слынных дзеячаў сваімі сямейнымі каранямі таксама звязаны з нашым краем. Напрыклад, вядомы паэт, акцёр і бард Уладзімір Высоцкі, чые сваякі былі знішчаны карнікамі пры ліквідацыі ў вайну Жабінкаўскага гета.
Жабінкаўшчына — зямля надзвычай самабытная, багатая на гістарычныя традыцыі. У раёне 70 нерухомых помнікаў мінулага, большасць занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Нашы помнікі знітаваны з імёнамі дзясяткаў слынных нараджэнцаў: военачальнікаў, пісьменнікаў, навукоўцаў. У іх ліку нават такая экзатычная асоба, як уладальнік Азятаў-Каралеўскіх французскі эмігрант канца ХVIII стагоддзя Жуль дэ Паліньяк — прамы продак князя Альбе-ра ІІ, сённяшняга кіраўніка невялічкай еўрапейскай краіны Манака.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымках: у Касцюшкавай зале Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея;
Крупчыцкая капліца ў вёсцы Чыжэўшчына.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top