“Паверце дактарам, яны дапамогуць”

“Паверце дактарам, яны дапамогуць”

Што ж тут казаць: час наш няпросты і ў людзей нярэдка бывае неспакойна на душы. Каб паўнавартасна вярнуцца да жыццёвых спраў, нярэдка даводзіцца звяртацца да ўрачоў, якія гатовы суняць няпрошаныя боль і трывогу. Для пацыентаў з неўралагічнымі расстройствамі ды памежнага ўзроўню без саматычных паталогій колькі месяцаў таму ў Жабінцы адчыніла дзверы спецыяльнае псіханеўралагічнае аддзяленне, якое ўзначальвае ўчарашняя выпускніца Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта Алеся Вішнякова.

Аддзяленне новае…

Разам з Алесяй Васільеўнай праходзім па памяшканнях, што атрымалі насамрэч другое нараджэнне, ператварыўшыся ў сапраўдны палац. Таго, хто тут бываў раней, перамены пасля капітальнага рамонту не могуць не ўразіць. Нават не верыцца, што такім гожым можа стаць будынак сярэдзіны мінулага стагоддзя.
Найперш адзначым утульныя палаты, у тым ліку павышанай камфортнасці, дзе маюцца халадзільнік, мікрахвалевая печ, санвузел — адным словам, тут ёсць усё, каб адчуць сябе нібыта дома. Увогуле, у аддзяленні 25 бальнічных ложкаў, размешчаных у 11 прасторных палатах. І пры гэтым паўсюль — сапраўды медычная чысціня ды парадак.

…Даверылі маладым

Так, аддзяленне зусім новае, бо расчыніла свае дзверы перад пацыентамі толькі ў пачатку жніўня. І ўзнімаць яго даверылі маладым. Час пазнаёміцца з тымі, хто лекамі і добрым словам гатовыя дапамагчы.
Сама Алеся Васільеўна са школьнай пары цягнулася да біялогіі і хіміі. Таму, калі прыйшоў час рабіць выбар на жыццёвай дарозе, паехала ў Гомель па навуку. На апошнім курсе вырашыла звязаць лёс з псіхіятрыяй.
— На жаль, — тлумачыць яна, — зараз гэтыя захворванні становяцца надзвычай актуальнымі. Стрэсы, што надараюцца і ў сям’і, і на працы, выклікаюць дэпрэсіі, неўрозы, парушэнні сну ды іншыя непрыемнасці, ад якіх патрэбна пазбаўляцца. Вельмі хацелася дапамагаць людзям, якія пакутуюць на такія захворванні. Такім чынам, мой універсітэцкі выбар быў зроблены свядома, у ім ніводнай хвіліны не сумнявалася.
Пасля заканчэння ў 2018 го-дзе сваёй альма-матар Алеся Вішнякова, атрымаўшы спецыяльнасць урача псіхіятра-нарколага, праходзіла інтэрнатуру ў Брэсце ў псіханеўралагічным дыспансеры. У той час адбылося знаёмства з жабінкаўцам Максімам Сцепанюком, які ў хуткасці стаў “нумарам два ў дружнай камандзе аддзялення”. Максім Віктаравіч таксама практыкаваўся ў горадзе над Бугам. Аднак, у адрозненне ад Вішняковай, закончыў медуніверсітэт у Гародні. Да таго ж, калі Алеся стала першым медыкам у сваім родзе, Максім працягваў сямейную дынастыю. (Прынамсі, яго старэйшая сястра Крысціна Ніканчук раней звязала лёс менавіта з псіхіятрыяй, зараз яна намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Брэсцкага псіханеўралагічнага дыспансера).
У Жабінцы чакалі адказныя справы. Алесі Васільеўне, як капітану зусім новага карабля, давялося набіраць каманду. За лічаныя месяцы стварыўся малады і вельмі зладжаны калектыў, у якім пануюць разуменне і ўзаемадапамога. Да той “медычнай каманды” літаральна ад самых пачаткаў далучылася псіхолаг Аксана Гейц. Аксана Сяргееўна вызначаецца вялікай пісьменнасцю. Яна ў заўсёдным пошуку новых ведаў, якія актыўна прымяняе, ды методык, патрэбных для паляпшэння стану пацыентаў.
З першых дзён маладыя адчулі падтрымку не толькі ад кіраўніцтва раённай бальніцы — галоўнага ўрача Анатоля Лаўрукевіча, яго намесніка Ганны Бурак, але й загадчыкаў тэрапеўтычнага і рэанімацыйнага аддзяленняў Віталя Вялько ды Алега Кузько.

Для ўсёй вобласці

Выконваючы ўрачэбныя прадпісанні, пацыенты наведваюць працэдуры (электрафарэз, гальванічны каўнер, дарсенваль, масаж ды іншае). Акрамя таго, яны маюць вольны выхад на свежае паветра, якое таксама бывае гаючым. З задавальненнем адпачываюць у двары ў прыгожай альтанцы, а калі ёсць патрэба, выходзяць і ў горад.
Жабінка для многіх — цікавае, дасюль невядомае паселішча, у якім бывалі раней праездам ці ўвогуле наведалі ўпершыню. І гэта зусім не дзіўна… Бо звярніце ўвагу на шыльду аддзялення пры ўваходзе. Першае слова-вызначэнне на ёй — “міжраённае”. А гэта значыць, сюды накіроўваюцца пацыенты з усіх куткоў Брэстчыны.
Хоць і працуе аддзяленне пакуль лічаныя месяцы, аднак тут ужо паспелі паправіць здароўе больш за 60 жыхароў не толькі Жабінкаўскага, але й Брэсцкага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, Ляхавіцкага, Пінскага раёнаў.
І кожны, хто звярнуўся са сваімі праблемамі, атрымаў належную медыцынскую дый проста чалавечую дапамогу. У сярэднім шпіталізацыя займае два-тры тыдні, звычайна за гэты час людзі пачынаюць адчуваць сябе прыкметна лепш.

Як сябе адчуваеце?

З гэтых слоў пачынаецца кожны ўрачэбны абход. Увага да пажаданняў і скаргаў пацыентаў абавязковая. Хоць скаргаў, калі сумленна, і не чуваць. Усё якраз наадварот.
Нават з’яўленне журналіста было абумоўлена вялікай просьбай, агучанай Верай Сцяпанаўнай з Рачак. Набраўшыся сіл, яна датупала да рэдакцыі і вельмі хацела, каб нешта добрае напісалі ў газеце і пра новае аддзяленне, і пра яго клапатлівых маладзенькіх гаспадынь.
Жанчына нават крыху расхвалявалася, ледзь слязу не праліла:
— Яны ж усе так стараюцца, хораша да нас ставяцца. Няхай будзе ім прыемна. А галоўнае — хай усе ведаюць: аддзяленне вельмі патрэбнае, проста выдатнае, трэба толькі верыць дактарам, яны дапамогуць!
Паразмаўлялі і з іншымі пацы-енткамі. Уражанні-адчуванні — станоўчыя, расквечаныя шчырымі ўсмешкамі.
— Мяне і бальніца маладзіць! — крыху какетліва ўскліквае Валянціна Іванаўна.
У яе, колішняга работніка грамадскага харчавання, пацікавіўся, ці задавальняе тое, што падаюць да стала.
— Кормяць у аддзяленні добра, збалансавана, чатыры разы на дзень, — пачулася ў адказ, — ёсць і гародніна, і мясное, абавязкова свежанькае ды гарачанькае. Усё ў палату прынясе санітарка-буфетчыца, а потым адразу і чысціню навядзе на стале.
Са свайго боку, дадамо: у харча-ванні для кожнага пацыента прадугледжаны індывідуальны падыход, у залежнасці ад хваробы назначаецца дыета.
Свае думкі выказала і былы медык Таісія Ціханаўна:
— Гадоў сем-восем таму лячылася ў Брэсце, таму магу параўнаць. Побытавыя ўмовы тут прыкметна лепшыя. Як для Жабінкі — сапраўдны райскі куток. А якія сястрычкі ды санітарачкі чуллівыя працуюць! Аднаго ранку чую праз сон, нібыта нехта просіць паснедаць. Адмаўляюся, ды тоненькі, амаль птушыны галасок упрошвае зноў і зноў: “Паешце, калі ласка, вам патрэбна… для здароўя”. Расплюшчыла вочы — ніякі гэта не сон: ля ложка — медсястра Алёнка Андрасюк, і не адышлася, пакуль я не паела… Такі ўважлівы персанал, што распесцілі нас. Ходзяць за старою, як за малою.
Кожны, хто палячыўся ў псіханеўра-лагічным аддзяленні, гатовы падпісацца пад словамі Таісіі Ціханаўны:
— Шкада, што нашы людзі крыху непісьменныя або недасведчаныя. Як прачытаюць назву ўстановы, бывае, пужаюцца. А я скажу, у тым ліку як колішні медык, тут выдатна, не бойцеся, даверцеся ўрачам, якія ўратуюць. Калі свой боль падзяліць з кімсьці, ён адразу стане меншым.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымках: урачы Алеся Вішнякова і Максім Сцепанюк; медсястра Алена Андрасюк.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top