Сярод гаючага водару, або “Планета здароўя”

Сярод гаючага водару, або “Планета здароўя”

Кідкая назва ці то майстэрні, ці то якой-небудзь крамы, ці то аптэкі павінна апраўдваць сябе, інакш будзе выклікаць іранічныя ўсмешкі і адпаведнае стаўленне наведвальнікаў: маўляў, рэклама ёсць рэклама, пыл у вочы… Работніцам аптэкі ў мікрараёне Жабінкі за назву “Планета здароўя” не сорамна, што пацвярджаюць жыхары. Будынак размешчаны насупраць раённай бальніцы і паліклінікі, і хвораму ці пажыламу чалавеку не трэба далёка ісці або ехаць па лекі. Усярэдзіне — чысціня і парадак, сучасныя шафы-вітрыны акуратна запоўнены фабрычнымі прэпаратамі, упакоўкамі сухіх і настоеных лекавых траў. Само паветра, здаецца, насычана тут гаючым водарам зёлак.
Гаспадыня-загадчыца, правізар першай катэгорыі Ніна Мікалаеўна Шкурат яшчэ два-тры гады назад працавала ў “Планеце здароўя” ў Брэсце, а ў 2009-м з яе ініцыятывы і дзякуючы яе намаганням аналагічная аптэка адкрылася ў нашым райцэнтры. Ніна Мікалаеўна мае наогул вялікі вопыт работы ў фармацэі. Нарадзілася ў вёсцы Бараны, закончыла Азяцкую сярэднюю школу і паступіла на фармацэўтычны факультэт Віцебскага медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння ВНУ была накіравана ў Жабінкаўскую цэнтральную раённую аптэку, стала намеснікам загадчыка. Працавала тут амаль трыццаць гадоў. Яна праявіла сябе як добрасумленны і пісьменны спецыяліст, які добра валодае ўсімі накірункамі аптэчнай справы. Так, я кажу ўсімі накірункамі, бо камусьці збоку здаецца, што ў аптэцы працаваць вельмі проста. На самай справе гэта не так: аптэчнаму работніку трэба абагаціцца вельмі многімі ведамі і навыкамі ў галіне медыцыны. Трэба добра ведаць тэхналогію прыгатавання прэпаратаў, методыку іх прымянення, беспамылкова арыентавацца ў моры лекавых раслін, часе і правілах іх збору, умець гатаваць адвары і настоі, а сёння, з эканоміі, і асвойваць камп’ютар, і ўнікаць у бухгалтэрыю… Апрача ўсяго, трэба, зразумела, быць ветлівым і чулым у адносінах да хворых людзей, якія звяртаюцца па дапамогу. Усімі гэтымі якасцямі Ніна Шкурат валодае ў поўнай ступені, нездарма ўжо даўно атрымала першую катэгорыю, заслужыла аўтарытэт у калег і наведвальнікаў.
Веды, вопыт, набытыя за многія гады, Ніна Мікалаеўна перадае сваім падначаленым. Яна сумела падабраць і згуртаваць надзейны калектыў. Яе непасрэднай памочніцай з’яўляецца Таццяна Анатольеўна Дзмітрук, якая таксама нарадзілася на Жабінкаўшчыне, у Сцяпанках, а пасля доўгіх вандровак з мужам-вайскоўцам вярнулася на радзіму. За кароткі час працы ў аптэцы “Планета здароўя” праявіла сябе з найлепшага боку. Добрыя словы можна казаць і пра астатніх працаўніц — Валянціну Паўлаўну Дыль, Валянціну Рыгораўну Дубоўскую: старанныя, сумленныя, адказныя, уважлівыя і чулыя ў паўсядзённым абслугоўванні людзей.
Дзякуючы намаганням перш за ўсё Ніны Мікалаеўны, у іхняй аптэцы заўсёды ёсць багаты асартымент лекаў, прычым многія з іх таннейшыя, чым у іншых установах горада, таму што паступаюць сюды без лішняй “перавалкі” (складоў). Тут можна і заказаць патрэбныя прэпараты, яны ў кароткі час будуць дастаўлены да паслуг наведвальнікаў. Вопытныя спецыялісты заўсёды гатовыя даць неабходнае тлумачэнне, параду, проста пагаманіць і пажадаць добрага здароўя.
Калі пісаліся гэтыя нататкі пра людзей высакароднай прафесіі, якой і я аддала немалую часціну жыцця, самі сабой нарадзіліся ў мяне такія радкі:
Пасобяць, калі гора, суцешаць, калі горыч
Гняце вас і вярэдзіць нават уначы.
Яны заўжды гатовыя сагрэць вас цёплым словам,
Парадай і спагадай вам дапамагчы…
Святлана РАМАНЮК, наш няштатны карэспандэнт.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top