Салодкія горы “таюць” на вачах

Салодкія горы “таюць” на вачах

На прызаводскім буракапрыёмным пункце нязвыклае зацішша — зрэдку заедзе на вагі аўтамабіль, гружаны салодкімі каранямі, буртаўкладачныя машыны і ўвогуле сумна апусцілі “стрэлы”, толькі пагрузчык спорна піхае “нажом” вялікі насып буракоў на транспарцёр сухой падачы сыравіны на завод, і да жомавай ямы чарга вялікагрузных аўтамабіляў.
— Яно і зразумела, сезон ідзе да свайго лагічнага завяршэння, — паглядаючы на кагаты, кажа начальнік буракапрыёмнага пункта Сяргей Барма. — У чыстай вазе сюды паступілі 322 з паловай тысячы тон сыравіны. Таго, што засталося, хопіць заводу на тыдзень-паўтара, улічваючы, што ў перапрацоўку таксама дастаўляюцца буракі ў вагонах па чыгунцы.
Сёлетні сезон нарыхтоўкі адкрылі 30 жніўня — першымі сыравіну даставілі на прызаводскі пункт гаспадаркі Камянецкага, Пружанскага і Кобрынскага раёнаў. Потым падключыліся Брэсцкі і Жабінкаўскі, каб ужо 3 верасня завод запусціў вытворчасць. Дарэчы, забяспечваюць яго сыравінай амаль 90 сельгаспрадпрыемстваў і некалькі фермерскіх гаспадарак вобласці. Найбольш буракоў сеюць аграрыі ў Баранавіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Драгічынскім і Бярозаўскім раёнах. Пастаўляе караняплоды і Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці.
Сяргей Барма ў цэлым задаволены ходам сёлетняга сезона, хаця і не ўтойвае: ураджай чакалі больш важкі.
Зрываў у пастаўцы сыравіны не было, тэхніка не падводзіла, дый завод забяспечвае аграрыяў транспартам для аператыўнай вывазкі сыравіны з палёў. З аддаленых раёнаў салодкія карані ў вагонах паступаюць на перапрацоўку з перыферыйных буракапунктаў, размешчаных у Баранавічах, Драгічыне, Пінску, Іванаве, Бярозе, Высокім, Івацэвічах.
Прапаноўвалі пастаўшчыкам складзіраваць бурты прама ў полі — у меншых аб’ёмах буракі не так хутка псуюцца, ды гэтая прапанова так і не “прыжылася” на берасцейскіх землях.
— У некаторых гаспадарках лічаць, што, калі буракі паляжаць тыдзень-другі ў чаканні вывазу, яны губляюць цукрыстасць і пругкасць, — далучаецца да размовы начальнік сыравіннай лабараторыі Марына Старыкевіч. — Нашы даследаванні аправяргаюць гэтую гіпотэзу. Дарэчы, у лабараторыі праводзіцца вельмі многа аналізаў салодкага ўраджаю.
Галоўны тэхнолаг завода Аксана Сідо яго якасцю задаволена — карані паступаюць з цукрыстасцю вышэй за базісную, і кожныя суткі перапрацоўваюць іх 10,2-10,3 тысячы тон. Дарэчы, у бягучым сезоне атрымана ўжо 106 тысяч тон салодкіх крышталікаў.
Меркавалася, што завадчане атрымаюць мільён тон буракоў. Зараз перапрацаваць такія аб’ёмы, улічваючы тэхнічную ўзброенасць завода, зусім не праблема. Праўда, у вытворчасць трапіць на 150 тысяч тон сыравіны менш. Плануецца завяршыць сезон у першыя дні снежня.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
На здымках: Вольга ПЯТРУЧЫК вызначае цукрыстасць сыравіны; сочаць за падачай сыравіны Уладзімір Цвыд і Павел Кулагін; на прызаводскім буракапункце — хутка канец сезона.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top