Тэмпы росту задавальняюць

Тэмпы росту задавальняюць

На мінулым тыдні адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з калектывам дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 103. У ёй прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Віталь Кулак, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Селівонік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вера Бортнік і галоўны інжынер Жабінкаўскай ЖКГ Генадзь Хількевіч.
Кіраўнік раёна пазнаёміў прысутных з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўшчыны за 2016-2018 гады і 9 месяцаў 2019-га. Віталь Уладзіміравіч адзначыў, што рэгіён актыўна развіваецца, за тры гады пяцігодкі тэмп росту экспарту тавараў у раёне склаў каля 160 %, экспарту паслуг — 216 %.
За дзевяць месяцаў сёлета значна вырас тавараабарот грамадскага харчавання — тэмп росту 123 %. Гэта сталася магчымым дзякуючы ў тым ліку адкрыццю дзвюх новых кропак у дадзенай сферы. Цяпер па гэтым паказчыку Жабінкаўшчына займае першае месца сярод раёнаў вобласці.
Асобна дакладчык спыніўся на стане сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі, культуры і турызму ў раёне. Непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэчы выклікала і тэма будаўніцтва жылля ды іншых аб’ектаў у горадзе-спадарожніку Брэста, інфраструктура якога бачна паляпшаецца.
Пра сітуацыю на рынку працы расказала Любоў Селівонік. Яна адзначыла, што ў апошнія гады ў раёне назіраецца павелічэнне колькасці занятых у эканоміцы. За студзень-верасень сёлета іх стала на 358 чалавек больш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам і склаў 10 214 жабінкаўцаў. Павялічыўся попыт на рабочую сілу і зменшылася колькасць зваротаў грамадзян у службу занятасці з мэтай пошуку работы. На 1 кастрычніка налічвалася 188 вакансій, сёлета працаўладкаваны 184 чалавекі, у тым ліку 99 беспрацоўных. Што тычыцца наяўных свабодных рабочых месцаў, то ў раёне патрабуюцца ўрачы, медсёстры, ветурачы і фельчары, інжынеры, заатэхнікі, аграномы, аператары машыннага даення, электраманцёры, бетоншчыкі, штукатуры і іншыя.
Любоў Фёдараўна расказала пра паслугі, якія служба занятасці прадастаўляе беспрацоўным, паведаміла, што на створаныя рабочыя месцы за кошт з’яўлення новых прадпрыемстваў і вытворчасцей за 10 месяцаў бягучага года працаўладкаваны 91 чалавек.
Выступоўца падкрэсліла: за справаздачны перыяд Жабінкаўскі раён адзіны ў вобласці, дзе колькасць прынятых на працу перавысіла колькасць зволеных работнікаў.
Затым працаўнікі ДРБУ-103 мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніцтву раёна. У прыватнасці, іх цікавіла, калі з’явіцца асвятленне ў паркавай зоне ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Не задаволены жыхары Жабінкі станам тратуарных дарожак там жа, іх размяшчэннем. Таксама яны звярнуліся з просьбай заасфальтаваць кавалачак дарогі, што пралягае праз былы камбінат бытавога абслугоўвання: у непагадзь там не прайсці. Галоўны інжынер Жабінкаўскай ЖКГ Генадзь Хількевіч адказаў, што гэтая дарога перыядычна грэйдзіруецца, асфальтаванне яе не плануецца.
Таксама прагучалі нараканні работнікаў ДРБУ-103 на адсутнасць асвятлення на вуліцы Кобрынскай і тратуара на вуліцы Леніна ў райцэнтры. Прадстаўнікі ўлады адказалі, што гэтыя пытанні ў распрацоўцы і праз некаторы час будуць вырашаны.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top