Зусім неспадзяваныя сустрэчы

Зусім неспадзяваныя сустрэчы

— Хацеў маці сустрэць з аўтобуснага прыпынку, каб не дабіралася пехатою на дачу ў Булькова.
Гэтак тлумачыў пазней свой намер Аляксей Б. у судзе, што адбыўся ў пачатку кастрычніка. Хоць чакалі мужчыну, насамрэч, спатканні, якія ён зусім не планаваў: спачатку з… дрэвам, а потым і з людзьмі ў міліцэйскай форме.
Адбылося тое дарожна-транспартнае здарэнне яшчэ ў сярэдзіне лета. Прыблізна ў 17 з паловаю гадзін 28 ліпеня Аляксей сеў за абаранак іншамаркі “Пежо Баксёр”, хоць не меў на тое аніякага права. Бо яшчэ вясной ДАІ упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама ўжо штрафавала яго на 56 базавых велічыняў, што складае 1428 рублёў. Акрамя грашовага спагнання, Аляксей быў пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады.
За што, спытаецеся? Былі на тое істотныя прычыны: вадзіцель, груба парушаючы правілы дарожнага руху, 14 красавіка ў Гродне кіраваў аўто ў нецвярозым стане.
Здавалася, вазьміся за розум, вучыся на ўласных памылках… Ды дзе там! Яшчэ й чатырох месяцаў не мінула, а ён зноў за старое. І на гэты раз “ваяж” без спіртнога не абышоўся, вядома ж, і вадзіцельскіх дакументаў Аляксей пры сабе не меў. З абеду ужываў піва, выжлукціў ужо два літры, калі патэлефанавала маці, якая ехала на дачу.
Вось тады і ўзнікла жаданне сустрэць яе на прыпынку. Праехаць, аднак, і кіламетра не атрымалася. Будучы на добрым падпітку, Аляксей Б. на прасёлкавай сцяжыне з’ехаў у кювет і “пазнаёміўся” з перашкодай: давялося “Пежо Баксёру” вытрымаць удар ад прыдарожнага дрэва. Неўзабаве на месцы ДТЗ з’явіліся праваахоўнікі. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі да-ставілі парушальніка ў райбальніцу, дзе і выявілася, што ён ужываў алкагольныя напоі.
Суд Жабінкаўскага раёна разгледзеў крымінальную справу, узбуджаную паводле часткі 1 артыкула 317-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і з улікам думкі дзяржаўнага абвінаваўцы, абставінаў справы і асобы абвінавачваемага назначыў Аляксею Б. пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на пяць гадоў ды штрафам у памеры 150 базавых велічыняў на суму ў 3825 рублёў. На падставе часткі 1 артыкула 46-1 КК была таксама прыменена спецыяльная канфіскацыя — у даход дзяржавы забраны аўтамабіль “Пежо Баксёр”, якім кіраваў абвінавачаны.
Патрэбна дадаць, што справа Аляксея Б. разглядалася на выязным судовым пасяджэнні ў будынку крымінальна-выканаўчай інспекцыі. На ім прысутнічалі асобы, што знаходзяцца на розных катэгорыях прафілактычнага ўліку і адбываюць пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі.
Спадзяемся, чужы ўрок яны засвояць належна. Каб не мець надалей такіх неспадзяваных сустрэч.
Таццяна ЖАРЫНАВА, памочнік пракурора Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top